Дзеці ахвяраў ГУЛАГу падалі ў суд на Дзярждуму Расіі
У Вярхоўны суд Расіі ўпершыню звярнуліся з калектыўным іскам дзеці ахвяр сталінскага тэрору. Улады адмаўляюцца даць ім кватэры ў Маскве і іншых буйных гарадах, адкуль былі выселеныя іх бацькі.
Як паведамляе Радыё Свабода, 16 жанчын і сямёра мужчын патрабуюць выканаць закон ад 1991 года і рашэнне Канстытуцыйнага суда Расіі ад 2019 года, якія гарантуюць ім права вярнуцца дадому. Гэта першы ў Расіі калектыўны пазоў аб невыкананні рашэння Канстытуцыйнага суда.
Закон РФ «Аб рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій» ад 1991 года абавязвае расійскія ўлады пакрыць урон тым, хто быў адпраўлены ў ссылку або лагеры ГУЛАГу (Галоўнае ўпраўленне лагераў НКВД СССР), а таксама дзецям, якія нарадзіліся ў гэтых месцах.
Большасць з рэпрэсаваных ужо памерлі, і амаль праз 30 гадоў пад дзеянне закона трапляюць толькі дзеці ГУЛАГа. Яны маюць права вярнуцца на ранейшае месца жыхарства бацькоў і атрымаць ад дзяржавы сацыяльнае жыллё. Але рэалізаваць гэтае права амаль немагчыма, паколькі Дзярждума РФ перанесла выкананне закону з федэральнага на рэгіянальны ўзровень і не выканала адпаведнага рашэння Канстытуцыйнага суду.
У Беларусі, паводле афіцыйных дадзеных, было рэпрэсавана каля 600 тысяч чалавек. Незалежныя даследчыкі называюць лічбу значна большую — звыш 1,4 мільёнаў.
У 1990 годзе Вярхоўны Савет БССР стварыў адмысловую парламенцкую камісію па спрыянні ў забеспячэнні правоў ахвяраў палітычных рэпрэсій і ўвекавечванні іх памяці, яе ўзначаліў былы міністр унутраных спраў Віктар Піскароў. Цягам 1990-1994 быў прыняты шэраг заканадаўчых актаў у справе рэабілітацыі і матэрыяльнай кампенсацыі і ільготаў ахвярам і іх сем’ям.
Ільготы ахвярам палітычных рэпрэсій 1920-60 гадоў былі адмененыя Лукашэнкам. Доступ даследчыкаў у архіў КДБ фактычна спынены.
Прадстаўнікі беларускай грамадскасці неаднаразова ўздымалі пытанне пра неабходнасць аднаўлення працэсу рэабілітацыі (так, да гэтага часу не рэабілітаваная выбітная паэтка Ларыса Геніюш) і аднаўлення ільготаў ахвярам і членам іх сем’яў, ушанавання памяці ахвяраў, аднак безвынікова.