Двум жыхарам Казахстана пагражае сем гадоў турмы за ўдзел у вайне на Данбасе
У Казахстане двое жыхароў Кастанайскай вобласці арыштаваныя за ўдзел у ваенным канфлікце на Данбасе на баку прарасійскіх баевікоў.
Пра гэта паведамляе мясцовы партал «Кастанайскія навіны». У цяперашні час затрыманыя знаходзяцца ў ізалятары часовага
ўтрымання, яны абвінавачваюцца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 172 КК Казахстана «Удзел у замежных узброеных канфліктах».
Паводле інфармацыі партала, двое мужчын, пазыўныя — Ніндзя і Цёркін, прынялі рашэнне з'ехаць на паўднёвы ўсход Украіны, назіраючы за развіццём канфлікту ў сацыяльных
сетках. Як адзначаецца, першы з іх — беспрацоўны, другі — супрацоўнік прыватнай кампаніі.
Абодва ў гэтым годзе ваявалі на баку сепаратыстаў на паўднёвым усходзе Украіны. Адзін з іх знаходзіўся на Данбасе са жніўня па лістапад 2014 года, другі — з ліпеня па снежань
2014 года.
Ніндзя сам абраў такі пазыўны пасля таго, як прайшоў месячны курс маладога байца. Каб адправіцца ва Украіну, ён прадаў свой аўтамабіль. Цёркін таксама праходзіў навучанне. Раней зброі ў руках
яны не трымалі. Больш за тое, паводле інфармацыі сайта, Цёркіну гэта проціпаказана, паколькі ён стаіць на ўліку ў псіхіятрычным дыспансеры.
Варта адзначыць, што ў снежні 2014 года ў Казахстане за ўдзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны ўжо быў прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі строгага рэжыму
30-гадовы казахстанец Яўген Удавенка. Паводле яго слоў, ён удзельнічаў ва ўзброеным канфлікце з «ідэйных меркаванняў», рашэнне ваяваць за сепаратыстаў прыняў самастойна і нікому пра
гэта не паведаміў.
Паводле абвінаваўчага прысуду, Удавенко ўдзельнічаў у баях на ўсходзе Украіны, ужываў зброю, ахоўваў блокпасты, патруляваў Луганск і выконваў іншыя даручэнні. Яго абвінавацілі ў здзяйсненні
злачынства, прадугледжанага артыкулам КК Казахстана «Удзел у замежных узброеных канфліктах». Па гэтым жа крымінальным артыкуле прад'яўленае абвінавачванне Ніндзя і
Цёркіну. Ім пагражае да сямі гадоў пазбаўлення волі.