Другая сусветная па-постмадэрнісцку

Прэм’ера мінулага тыдня — стужка «Ганебныя вырадкі» славутага амерыканскага рэжысёра Квенціна Таранціна.

Крытыкі адзначылі, што Таранціна вельмі творча падкрэсліў абсалютную антыгістарычнасць свайго твору. Фільм пачынаецца словамі: «Аднойчы ў акупаванай Францыі». Гэта нагадвае пачатак сагі «Зорныя войны»: «Калісьці даўно ў далёкай галактыцы».



7fec306d1e665bc9c748b5d2b99a6e97.jpg

Прэм’ера мінулага тыдня — стужка «Ганебныя вырадкі» славутага амерыканскага рэжысёра Квенціна Таранціна.
Крытыкі адзначылі, што Таранціна вельмі творча падкрэсліў абсалютную антыгістарычнасць свайго твору. Фільм пачынаецца словамі: «Аднойчы ў акупаванай Францыі». Гэта нагадвае пачатак сагі «Зорныя войны»: «Калісьці даўно ў далёкай галактыцы».
Сюжэт фільма — фактычна альтэрнатыўная версія другой сусветнай вайны. У стужцы распавядаецца пра агентаў антыгітлераўскай кааліцыі, якія дзейнічаюць на тэрыторыі акупаванай нацыстамі Францыі і плануюць забойства Гітлера. Гэта амерыканцы яўрэйскага паходжання, якія наводзяць жах на фашысцкіх захопнікаў. Там, дзе яны праходзяць, застаюцца выключная мёртвыя фашысты, прычым без скальпаў. Часам, праўда, у амерыканскіх спецназаўцаў праяўляецца гуманізм. Тады яны папросту выразаюць нажом на лбе ворага свастыку. Каб пасля вайны было зразумела, што ён быў фашыстам, — тлумачаць янкі.
Перад тым, як быць закінутымі ў тыл праціўніка, камандзір групы Альда Райн (Брэд Піт) патрабуе, каб кожны сябра групы пакляўся дабыць сто скальпаў праціўніка. Байцы ахвотна выконваюць дадзенае камандзіру слова, і ў выніку наводзяць такі жах на немцаў, што чуткі пра іх выхадкі даходзяць да Гітлера. Фюрэр дае загад вопытнаму разведчыку Гансу Ланда знішчыць амерыканцаў.
Між тым, Джаана Дрэйфус — яўрэйская дзяўчына, усю сям’ю якой забілі нацысты і якая працуе ў адным з кінатэатраў, даведваецца, што менавіта тут рыхтуецца суперпрэм’ера. Будзе дэманстравацца фільм «Гонар нацыі» пра снайпера, які забіў на Усходнім фронце 300 чырвонаармейцаў. Чакаецца ўся эліта Трэцяга рэйху. Дрэйфус задумала падпаліць тэатр падчас імпрэзы. Яна не ведае, што Чэрчыль даў падобны загад «ганебным вырадкам». А тыя, у сваю чаргу, не здагадваюцца, што ў іх атачэнні ёсць падвойны агент, які працуе на гестапа. Адным словам, інтрыга і гвалт гарантаваныя.
Аднак гвалт і інтрыга — гэта яшчэ не ўсё. Таранціна шмат увагі прысвяціў дыялогам. Менавіта дыялогі былі ахілесавай пятой яго папярэдніх карцін — «Джэкі Браўн» і «Забіць Біла». Яны не падарвалі яго культавы статус лепшага рэжысёра постмадэрнізму, аднак і вялікага шуму не нарабілі. На гэты раз Таранціна добра прапісаў дыялогі.

01.jpg

Каб прыдумаць не вельмі мудрагелістую гісторыю, Таранціна спатрэбілася 10 гадоў. Як кажа ён сам, гэта павінен быў быць самы лепшы сцэнар, які ён напісаў у сваім жыцці. Сам сінопсіс у прынцыпе быў гатовы ў 2002-м, аднак рэжысёр вырашыў пачакаць і яшчэ раз усё прадумаць, асабліва фінал. Ён нават убіў сабе ў галаву, што фільм будзе эпічным творам, і таму лепш за ўсё яго зрабіць да якога-небудзь значнага юбілею, звязанага з другой сусветнай вайной.
Сам Таранціна даўно падкрэсліваў, што марыць зняць вестэрн, падзеі якога адбываюцца не на Дзікім Захадзе, а ў Еўропе падчас другой сусветнай вайны. За аснову быў узяты аднайменны фільм італьянскага рэжысёра Энца Кастэлары, які выйшаў роўна 30 гадоў таму. Аднак назваць таранцінаўскіх «Ганебных вырадкаў» рымейкам фільма Кастэлары нельга. Квенцін перапісаў амаль увесь сцэнар, пакінуўшы выключна агульную ідэю пра амерыканскіх салдат у тыле фашыстаў.
Тыя, хто ўжо бачыў фільм, успрынялі яго вельмі супярэчліва. Так, аўдыторыя на міжнародным фестывалі ў Канах, дзе адбылася прэм’ера, сустрэла фільм 15-хвіліннымі авацыямі, прычым стоячы. Затое сайт «Гнілыя памідоры», які абірае самыя дрэнныя фільмы года, паставіў яму «высокую» адзнаку — 79 працэнтаў. «Variety» — адзін з самых аўтарытэтных часопісаў у Галівудзе — раскрытыкаваў «Ганебных вырадкаў» за тое, што глядач не цалкам ангажаваны ў карціну. Ён глядзіць на экран як назіральнік, асабліва не спачуваючы героям.
Французская кінакрытыка дала фільму добрую адзнаку і нават параіла амерыканскім акадэмікам выставіць яго на «Оскар».
Брытанская прэса палічыла, што фільм татальным чынам пазбаўленым густу і іроніі. «Guardian» нават не ўключыла прадукт Таранціна ў спіс 20-ці навінак кіно, якія трэба паглядзець на працягу лета. З іншага боку, усе брытанскія газеты адзначылі гульню Майкла Маерса. У «Ганебных вырадках» ён увасабляў брытанскага афіцэра, і зрабіў гэта, калі верыць знаўцам, цудоўна.
Як не дзіўна, у Германіі палеміка разгарнулася не вакол мастацкіх якасцяў стужкі, а з-за свастыкі, якая размешчана на арыгінальным плакаце. У выніку свастыку прыбралі.
Таксама цікава чытаць рэцэнзіі і расійскіх кінакрытыкаў: «Толькі Таранціна можа прымусіць людзей смяяцца з забойстваў і рассячэнняў. Здольны даць другое жыццё штампам. Ён сапраўдны канцэптуаліст, постмадэрніст, які не цытуе і пераймае, а прапрацоўвае пачатковы матэрыял. І нават калі ў выпадку з сусветнай гісторыяй, дзе адны факты і загадзя вядомыя даты і абставіны смерці, гледачы знаходзяцца ў сапіенсе («сапіенс» — модная ў кінематаграфічных колах слова, што ў англійскай перакладаецца як «напружанасць»), стане трывожнага чакання», — піша адзін з журналістаў.
Іншы кінакрытык напісаў яшчэ прасцей: «Вельмі моташна, аднак геніяльна».
Увогуле, канчатковы вердыкт гледачоў і крытыкаў па «Ганебных вырадках» яшчэ не сказаны. Аднак сам аўтар не сумняваецца ў поспеху. У эйфарыі самазадавальнення Таранціна ўжо заявіў, што цяпер менавіта яму павінны даць здымаць наступнага Бонда.