Дасье ў карыкатурах: наша будучыня — Лацінская Амерыка?
Калі год таму «жоўтыя камізэлькі» ў Францыі паднялі бунт супраць новага падатку на паліва ніхто не ўсведамляў, што гэта старт новай глабальнай хвалі сацыяльных бунтаў.
Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя пратэсты ахапілі ўжо 31 краіну свету, а яшчэ 25 (калі верыць CNN) у зоне рызыкі. Пакуль абсалютнае лідарства ўтрымлівае рэгіён Лацінскай Амерыцы, дзе з 13 мясцовых краін не ліхаманіць (пакуль!) толькі пяць.
Усё пачалося 3 кастрычніка ў Эквадоры. Варта было прэзідэнту Ленін Марэна (так-так, яго назвалі ў гонар правадыра Кастрычніка) адмяніць субсідыі на дызель і бензін, як у краіне пачаўся выбух абурэння. Жыхары перакрылі некалькі магістраляў, транспартныя прафсаюзы абвясцілі бестэрміновую забастоўку. Прэзідэнт у адказ увёў надзвычайны рэжым. Але напал пратэсту толькі ўзрос. Людзі пачалі падпалы паліцэйскіх участкаў, уварваліся ў парламент. Пасля гэтага прэзідэнт вымушаны быў прызнаць паразу і вярнуць старыя кошты. Напалоханы падпаламі Ленін Марэна — тэма малюнка кубінскага мастака Рамзеса Маралеса. Але гэта яшчэ не фінал! Многія лічаць, што перамір'е часовае.
Ледзь не адразу эстафету ў Эквадора перахапіла Чылі (для даведкі — самая багатая краіна Паўднёвай Амерыкі). З 20 кастрычніка тут бушуе буйное паўстанне, справакаванае такой звычайнай для нас з'явай, як павышэнне кошту праезду ў метро. Нягледзячы на прымяненне ўладамі вадамётаў і прамы адстрэл пратэстоўцаў, народ працягвае бунтаваць, патрабуючы прыняцця новай канстытуцыі. Для многіх, у тым ліку бразільскага карыкатурыста Карласа Латуфа, тое, што зараз адбываецца, не што іншае як рэванш грамадства за падзеі пачатку 70-х. Тады дыктатар Піначэт зрынуў дэмакратычны ўрад і запусціў ліберальна-эканамічныя рэформы.
Пасля Чылі выбухнула суседняя Балівія. 10 лістапада нязменны прэзідэнт Эва Маралес падаў у адстаўку пад ціскам сілавікоў і з-за сумнення ў легітымнасці яго перавыбрання. Аднак не ўсе падтрымалі сыход Маралеса. Новыя ўлады, якія абапіраюцца на белае насельніцтва, сутыкнуліся з сур'ёзным супрацівам з боку балівійцаў індыйскага паходжання. У выніку адносная палітычная стабільнасць змянілася грамадзянскімі пратэстамі, гвалтам і анархіяй. На 24 лістапада загінулі 23 чалавекі, 715 атрымалі раненні.
Што чакае Балівію? Пераходны ўрад абвясціў аб намеры правесці паўторныя выбары. Але шмат сумневаў, што балівійскае грамадства здольнае прыйсці да неабходнага кансэнсусу, каб спыніць гвалт. Так ці інакш, падаецца, эпоха Эва Маралеса сыходзіць у мінулае. На карыкатуры выдання Taringa той адпраўляецца ў іміграцыю, прыхапіўшы сімвалы свайго рэжыму — серп і молат і ліст наркатычнай расліны кока, якую ён намагаўся рэабілітаваць
Літаральна на гэтым тыдні да клубу ахопленых пратэстамі краін нечакана дадалася Калумбія. 21 лістапада па Калумбіі пракаціліся масавыя акцыі пратэсту супраць сацыяльна-эканамічнага курсу ўладаў. У мітынгах і страйках прынялі ўдзел больш за 200 тысяч чалавек па ўсёй краіне. У некаторых гарадах пратэсты перараслі ў сутыкненні з паліцыяй. У сталіцы Багаце пратэстоўцы атакавалі будынак кангрэсу і мэрыю. У некаторых населеных пунктах была ўведзена каменданцкая гадзіна. Усе межы краіны часова зачыненыя.
Пад ціскам пратэсту ўлады Калумбіі запусцілі «агульнанацыянальны дыялог», але ўсё пакуль выглядае так, што яшчэ адна краіна Лацінскай Амерыкі на мяжы сацыяльнага выбуху. Адна з патэнцыйных рызык для краіны — аднаўленне канфлікту паміж урадам і камуністычнымі партызанамі. Выданне National Herald (Індыя) іранізуе наконт таго, што ў Калумбіі не ў першы раз хаваюць грамадзянскую вайну.
Нягледзячы на тое, што палаючы кантынент ад нас далёка, быць абыякавым не варта. Пратэсныя хвалі падымаюцца не толькі ў Паўднёвым паўшар'і. Бунтуюць Ірак, Ліван, Іран, Каталонія. Калі ў якой-небудзь з краін пачнецца дэстабілізацыя, наступствы будуць глабальныя. Успомнім, як падзеі ў 25-мільёнай Сірыі выклікалі паток бежанцаў у ЕС, што аказалася дастаткова, каб паваліць мясцовыя ўрады. Калі выбухне ў тым жа Іраку, жыць будзем на іншай планеце. У тым ліку нас чакае з'ява, якая цяпер назіраецца ў Лацінскай Амерыцы, калі бізнес з-за хаосу бяжыць з усімі капіталамі з краіны ў пошуках прытулку. Малюнак Khaltej Times (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты).