Даля Грыбаўскайтэ ў Washington Post: Расія скарыстоўвае метады тэрарыстаў

«Агрэсія расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна на Украіне спарадзіла асцярогі, што наступнымі на чарзе могуць стаць краіны Балтыі (усе тры — сябры НАТА)», — The Washington Post друкуе інтэрв'ю з прэзідэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайтэ.



dalia3.jpg

Аб гэтай небяспецы папярэдзіла на гэтым тыдні прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ ў гутарцы з Лэллы Уэймут — старэйшым адказным рэдактарам The Washington Post. Газета публікуе вытрымкі з інтэрв'ю.

Па словах Грыбаўскайтэ, сітуацыя ва Украіне «ўсё яшчэ пагаршаецца. Расійскія войскі па-ранейшаму знаходзяцца на тэрыторыі Украіны. Гэта значыць, што Еўропа і свет дазваляюць Расіі быць краінай, якая не толькі пагражае суседзям, але і арганізуе вайну супраць сваіх суседзяў. Гэта той жа міжнародны тэрарызм, якія мы маем у Іраку і Сірыі».

«Калі мы праявім празмерную мяккасць ў плане нашых санкцый альбо прымем санкцыі, але не ажыццявім іх на практыцы, я думаю, што ён [Пуцін] зойдзе далей у спробы аб’яднаць Усходнюю Украіну з Паўднёвай Украінай і Крымам. Ён нядаўна сказаў, што за два дні здольны дасягнуць Варшавы, краін Балтыі і Бухарэста. Так што гэта адкрытая пагроза яго суседзям», — сказала таксама прэзідэнт Літвы.

«Праблема ў тым, што сёння пуцінская Расія гатовая і хоча выправіцца на вайну. Еўропа і Захад не гатовыя і не жадаюць выправіцца на вайну. Ні ў Еўропе, ні ў свеце няма лідэрства, здольнага спыніць Пуціна. Пасля гэтага мы здзівімся, што захопліваюцца новыя тэрыторыі, што расчляняюцца новыя краіны. Пазней будзе нашмат даражэй і, магчыма, занадта позна шукаць з гэтага выхад», — заявіла Грыбаўскайтэ.

«Пуцін мае намер раскалоць Еўропу?» — спытала журналістка.

«Небяспека паводзін Расіі сёння не менш, чым тое, што мы маем з «Ісламскай дзяржавай» у Іраку і Сірыі», — сказала прэзідэнт.

«Значыць, вы думаеце, што і ІД, і Расія — тэрарысты?» — запытала журналістка.

«Так. Я думаю, што Расія тэрарызуе сваіх суседзяў і прымяняе метады тэрарыстаў», — заявіла Грыбаўскайтэ.

Грыбаўскайтэ пагадзілася са сцвярджэннем журналісткі, што Расія атрымала Крым і Усходнюю Украіну. «Пад апладысменты еўрапейскіх і іншых лідэраў у свеце, таму што яны наогул не дапамаглі Украіне», — заявіла прэзідэнт Літвы.

Па словах Грыбаўскайтэ, «зараз пад пагрозай ўсе краіны, якія з’яўляюцца суседзямі Расіі. Ён пагражае ім і кажа, што гэта не сапраўдныя дзяржавы».

«У выніку будзе вайна?» — спытала журналістка.

«Мы можам пазбегнуць вайны. Калі абодва бакі гатовыя адпраўляцца на вайну, вайны ніколі не будзе. Калі Расія хоча адправіцца на вайну, а Захад яе пазбягае, Расія зойдзе так далёка, як яна мае намер», — заявіла Грыбаўскайтэ.

«Толькі краіны, у якіх ёсць мяжа (з Расіяй): Краіны Балтыі і Польшча — выказваюцца голасна. Гэта наш адзіны інструмент для барацьбы з Расіяй: быць галоснымі і мужнымі, і саромець лідэраў Захаду за тое, што тыя не бяруць на сябе абавязак абараняць свабоду, суверэнітэт і дэмакратыю ў Еўропе», — заявіла Грыбаўскайтэ.