Чым скончваліся спробы атрымаць прытулак у замежных амбасадах

Свабода прыгадала некаторыя гучныя ў міжнародным маштабе імёны людзей, якія спрабавалі атрымаць палітычны прытулак, трапіўшы на тэрыторыю замежнай амбасады ў краіне свайго жыхарства.

xxl_1.jpeg


Імрэ Надзь

Імрэ Надзь, 1956

Імрэ Надзь, 1956

Імрэ Надзь (Nagy Imre, 1898–1958) быў прэм’ерам Венгерскай сацыялістычнай рэспублікі падчас Венгерскага паўстання 1956 года і прыхільнікам дэмакратычных рэформаў у краіне. Пасля задушэння паўстання савецкімі войскамі Надзь папрасіў прытулку ў амбасадзе Югаславіі. Новы прасавецкі ўрад Венгріі гарантаваў яму бяспеку, выманіў яго з амбасады і арыштаваў. Надзь быў асуджаны на смерць і павешаны ў ліпені 1958 года.

Ёжэф Міндсэнці

Ёжэф Міндсэнці (Mindszenty József, 1892–1975) — венгерскі кардынал, прымас Венгрыі. Пасля задушэння Венгерскага паўстання савецкімі войскамі Міндсэнці папрасіў прытулку ў амерыканскай амбасадзе ў Будапэшце, дзе пражыў амаль 15 гадоў. У 1971 годзе камуністычныя ўлады Венгрыі ўрэшце дазволілі яму выехаць у Аўстрыю.

«Сібірская сямёрка»

Сібірская сямёрка — гэта савецкія пяцідзясятнікі Пётр, Аўгусціна, Лідзія, Любоў і Лілія Вашчанкі, а таксама Марыя і Цімафей Чмыхалавы, якія з чэрвеня 1978 па красавік 1983 года знаходзіліся ў амбасадзе ЗША ў Маскве, жадаючы эміграваць з СССР паводле рэлігійных перакананняў. Савецкія ўлады дазволілі пяцідзясятнікам эміграваць у Ізраіль, адкуль яны перабраліся ў ЗША.

Мануэль Нар’ега

Мануэль Нар’ега, 2011

Мануэль Нар’ега, 2011

Мануэль Нар’ега (Manuel Noriega, 1934–2017) — вайсковы дыктатар Панамы, пазбаўлены ўлады ў выніку амерыканскай інтэрвенцыі ў 1989 годзе. Папрасіў прытулку ў дыпламатычнай місіі Ватыкану, дзе прабыў 10 дзён і быў выдадзены амерыканцам. У ЗША адседзеў 17 гадоў у турме.

Эрых Хонэкер

Эрых Хонэкер з жонкай у Сант’яга, 1993

Эрых Хонэкер з жонкай у Сант’яга, 1993

Эрых Хонэкер (Erich Honecker, 1912–1994) — кіраўнік Германскай Дэмакратычнай Рэспублікі ў 1971—1989 гг. У снежні 1991 папрасіў палітычнага прытулку ў амбасадзе Чылі ў Маскве. Прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын загадаў экстрадаваць хворага на рак Хонэкера ў Германію, дзе супраць яго адкрылі судовую справу. У 1993 годзе ўлады Германіі дазволілі Хонэкеру выехаць у Чылі.

Джуліян Асанж

Джуліян Асанж, 2020

Джуліян Асанж, 2020

Джуліян Асанж (Julian Assange, нар. 1971) — аўстралійскі журналіст, заснавальнік сайту WikiLeaks, які публікаваў канфідэнцыйныя і сакрэтныя службовыя дакументы, галоўным чынам амерыканскія.
Асанж у 2012 годзе схаваўся ў амбасадзе Эквадору ў Лондане, каб унікнуць выдачы ў Швецыю, дзе яго падазравалі ў сексуальных злачынствах. У красавіку 2019-га эквадорскія ўлады пазбавілі Асанжа прытулку і выдалі яго брытанскім уладам. Цяпер ён у турме ў Лондане.
ЗША патрабуюць экстрадаваць Асанжа адпаведна цэламу шэрагу абвінавачванняў, звязаных з незаконным атрыманнем і публікацыяй сакрэтных дакументаў Пентагону. У Злучаных Штатах Асанжу пагражае да 175 гадоў турмы.