Чаму ў Швецыі няма Дня незалежнасці?

6 чэрвеня шведы святкуюць «Нацыянальны дзень» (Sveriges nationaldag). Віншуем! Але чаму не «Дзень незалежнасці», як у большасці краін свету?

dzen_szvecyi_u_minsku__2_czervenja_2018_h._fota_aleny_ljaszkevicz_05_logo.jpg


Свята 6 чэрвеня – гэта аналаг Дня незалежнасці, вось толькі Швецыя амаль ніколі ні ад каго не залежала. З XVI да XVIII стагоддзя краіна, наадварот, мела ўнутранныя калоніі. Пасля Паўночнай вайны (1700 – 1721) ад яе перайшла да Расіі тэрыторыя сучасных Латвіі і Эстоніі. Да 1809 года Швецыя па кавалку страціла і землі сучаснай Фінляндыі, а ў 1905 годзе аддзялілася Нарвегія. Пра страчанныя тэрыторыі не прынята шкадаваць: лічыцца, што менавіта дзякуючы паразам у войнах з Расіяй Швецыя змагла ад экспансіі памяняць вектар на ўнутраныя справы і засяродзіцца на парадкаванні ўласнай тэрыторыі, назапашванні дабротаў.
Краіна захоўвала нейтралітэт у абедзвюх сусветных войнах. Гэта адбілася нават на побытавым узроўні: калі ў Беларусі складана знайсці даваенную хату, старыя тканыя рэчы, бо шмат чаго згарэла ў апошнюю вайну, то простыя шведы могуць з камфортам жыць у будынках, якім некалькі соцень гадоў, правёўшы туды сучасныя камунікацыі. І насіць на святы традыцыйныя строі сваіх прабабуль, якія ашчадна захоўваюць дома ў шафах, а музеі на іх нават не прэтэндуюць, бо і так маюць багатыя калекцыі.

majstar_klas_pa_svjatkavanni_midsommar_na_dni_szvecyi_u_minsku__2_czervenja_2018_h._fota_aleny_ljaszkevicz_logo.jpg


І ўсё ж Кальмарскую ўнію (саюз Швецыі з Даніяй і Нарвегіяй, заключаны ў 1397 годзе) у шведскай гістарыяграфіі прынята разглядаць як кшталт залежнасці, а абранне на шведскі трон Густава Вазы 6 чэрвеня 1523 года – як здабыццё незалежнасці. Можна сказаць, што ў канцы XIV стагоддзя міждзяржаўныя саюзы былі еўрапейскім трэндам: Вялікае Княства Літоўскае ўз’ядналася з Каронай Польскай Крэўскай уніяй, захаваўшы аўтаномію і атрыбуты дзяржаўнай улады. Кальмарская і Крэўская ўнія былі персанальнымі: краіны атрымлівалі адзінага манарха.
Такім чынам вялікі князь літоўскі Ягайла стаў і каралём польскім, ажаніўшыся з каралевай Ядвігай, а Эрык, унучаты пляменнік рэгентшы Даніі і Нарвегіі Маргарыты, быў каранаваны на шведскі трон (ён і яго паслядоўнікі жылі ў Даніі). Мэтай такіх саюзаў была абарона ад ворагаў звонку (на момант заключэння ўній – пераважна ад крыжакоў), вынікам станавілася супольная вонкавая палітыка і супярэчнасці ва ўнутранай.

dzen_szvecyi_u_minsku__2_czervenja_2018_h._fota_aleny_ljaszkevicz_02_logo.jpg


Да 1983 года свята 6 чэрвеня ў Швецыі афіцыйна звалася «Дзень шведскага сцягу», што паказвае на пошук адпаведнай канцэпцыі для яго. Мабыць, і дасюль гэтая канцэпцыя не да канца склалася: не сказаць, што 6 чэрвеня — гэта вялікая падзея для жыхароў краіны. Вось Каляды (Jul) і Купалле (Midsommar) — так.
Да традыцыйнага календара спрабавалі прывязаць і Нацыянальны дзень: з 2003 года 6 чэрвеня — афіцыйны выходны замест траецкага панядзелка (Духава дня). Такая замена выклікала пратэст прафсаюзаў, бо 6 чэрвеня можа прыпасці на суботу ці нядзелю і тады шведы маюць менш выходных, чым раней.
Замена не выратавала сітуацыю: Нацыянальны дзень мала хто святкуе. Некаторыя шведы нават не могуць адразу ўзгадаць, што ж адбываецца, чаму кароль з сям’ёй апранутыя ў нацыянальныя строі і прамаўляюць па тэлевізары ў наўпроставай трансляцыі са Скансэна (этнаграфічнага музея на вольным паветры ў Стакгольме). Такое становішча прымушае задумацца, у чым жа сутнасць шведскага нацыяналізму (у тым, што ён ёсць, ніхто не сумняецца). У шведскім гімне, напрыклад, слова «Швецыя» ўзгадваецца аднойчы, а ў асноўным пяецца пра Поўнач.

dzen_szvecyi_u_minsku__2_czervenja_2018_h._fota_aleny_ljaszkevicz_03_logo.jpg


Рэдкі швед з ходу скажа, чаму ж Нацыянальны дзень святкуецца менавіта 6 чэрвеня. Акрамя каранацыі Густава Вазы ў 1523 годзе гэта дата звязана з публікацыяй у 1809-м Канстытуцыі, якая з некаторымі зменамі дзейнічала да 1974 года. Нашай краіне, на жаль, так не пашанцавала: Канстытуцыя, прынятая Сеймам Рэчы Паспалітай 3 мая 1791 года, дзейнічала ўсяго 4 гады да Трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795-м. Шведская Канстытуцыя 1809 года ўсталёўвала падзел улады на заканадаўчую (Рыксдаг) і выканаўчую (кароль). Судовая ўлада была ўскладзена на Вярхоўны суд, сябры якога прызначаліся каралём.
Мэтай Канстытуцыі было лавіраванне між Сцылай і Харыбдай: занадта моцнай манархічнай уладай і парламенцкай вольніцай, калі некалькі падкупленных дэпутатаў маглі заблакаваць любое рашэнне. Дужа нагадвае праблемы з правам liberum veto ў Рэчы Паспалітай.
Далейшыя паралелі з нашай гісторыяй цягнуцца ў 1917-ы: шведы любяць расказваць, якая іх краіна была бедная, узгадваць, як шмат іх суайчыннікаў праз гэта выехалі ў ЗША, як яшчэ пасля Другой сусветнай яны займаліся агародніцтвам дзеля ежы, а не задавальнення, рабілі хатнія нарыхтоўкі на зіму... І лічаць, што толькі дзякуючы павароту да сацыялізму, палітыцы пабудовы «народнага дома» пазбеглі лёсу рэвалюцыйнай Расіі і маюць свой сённяшні ўзровень дабрабыту.
Як бачым, з падобнымі выклікамі еўрапейскія краіны спраўляюцца вельмі па-рознаму. Гісторыя не ведае ўмоўнага ладу, але ці не была б сёння Беларусь больш падобная да скандынаўскіх краін, чым да постсавецкіх, калі б па-іншаму ў свой час склаліся абставіны?
Фота аўтаркі з Дня Швецыі ў Мінску 2 чэрвеня 2018 года