Брытанія рыхтуе новыя захады да Расіі ў сувязі з забойствам Літвіненкі

Вялікабрытанія разглядае далейшыя дзеянні супраць Расіі ў сувязі з расследаваннем, згодна з якім Уладзімір Пуцін, верагодна, ухваліў ліквідацыю спецслужбамі былога афіцэра КДБ і ФСБ Аляксандра Літвіненкі.



polonium.jpg

«Заключэнне аб тым, што забойства было ўхваленае на самых высокіх узроўнях расійскай улады, выклікае надзвычайную турботу», — заявіла прэс-сакратар брытанскага прэм’ера Дэвіда Кэмерана.

«Гэта непрымальныя паводзіны для любой дзяржавы, не кажучы ўжо пра пастаянных сябраў Рады бяспекі ААН. У святле атрыманых дадзеных мы разглядаем пытанне аб тым, якія далейшыя дзеянні нам трэба рабіць», — паведаміла яна.

Раней у чацвер брытанскі суддзя, які ўзначальвае расследаванне па справе аб забойстве Літвіненкі з 2006 года, заявіў, што забойцы дзейнічалі з ведама Пуціна і ягонага атачэння.

Міністр унутраных спраў Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй сказала ў парламенце, што ўрад выкліча пасла Расіі ў Лондане, каб выказаць незадаволенасць адмовай Масквы супрацоўнічаць са следствам.

Мэй таксама папрасіла парламентарыяў замарозіць актывы падазраваных у датычнасці да справы Літвіненкі.

АФН