Беларусь і Літва выратавалі Ўкраіну ад паліўнага крызісу ва ўмовах расійскай нафтавай блакады
Урад Украіны стварыў аператыўны штаб для рэагавання на магчымыя праблемы з забеспячэннем нафтапрадуктаў пасля ўвядзення расійскіх абмежаванняў на пастаўкі аўтамабільнага паліва на тэрыторыю Ўкраіны, паведамляе Радыё Свабода.
«Пастаўкі дызельнага паліва трубаправодным транспартам цалкам спыненыя, але мы бачым, што тыя, хто пастаўляў дызпаліва ва Ўкраіну, гатовыя гэта рабіць і далей. У ліпені паліва было назапашанае на нафтабазах», — заявіў 6 жніўня Андрэй Герус, дарадца прэзідэнта Ўкраіны ў пытаннях энергетычнага сектару.
Паводле яго, найперш арганізавана транспартаванне дызельнага паліва з Гомля, дзе яно пераладоўваецца з трубаправода ў цыстэрны. Андрэй Герус дадаў, што кампанія «Лукойл» не змагла атрымаць дазволу расійскага ўраду на пастаўку нафтапрадуктаў ва Ўкраіну.
«Сёння мы атрымалі інфармацыю аб тым, што Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод пераносіць свой рамонт з жніўня на кастрычнік і прыблізна на 25 % павялічвае пастаўкі дызелю ўкраінскім пакупнікам у жніўні і верасні да 250-260 тысяч тон у месяц, — сказаў Герус. — Ёсць павелічэнне паставак з Літвы, з Еўрапейскага Звязу, а таксама павялічылася вытворчасць паліва на ўкраінскіх заводах. У жніўні мы бачым велізарны дадатковы рэсурс з Беларусі, з Еўразвязу і па моры, што з запасам кампенсуе зніжэнне паставак дызелю з Расіі, якое мы чакаем у гэтым месяцы».
Дарадца Ўладзіміра Зяленскага таксама дадаў, што ў ліпені павялічылася аб’ёмы паставак нафтапрадуктаў па моры — на 10-20 тысяч тон да 60-90 тысяч тон на месяц.
У сваю чаргу міністр інфраструктуры Ўкраіны Ўладзімір Амелян падкрэсліў, што чыгунка і марскія парты забяспечаныя дастатковай колькасцю рухомага складу для перавозкі нафтапрадуктаў.
Расійская нафтавая блакада Ўкраіны
Расія з 1 чэрвеня спыніла пастаўку сырой нафты ва Ўкраіну і змяніла сістэму экспарту нафтапрадуктаў на ўкраінскі рынак. Згодна з пастановай расійскага ўраду, для ажыццяўлення паставак дызельнага паліва і бензіну, якія найчасцей пастаўляюцца ва Ўкраіну, трэба атрымаць спецыяльны дазвол Міністэрства эканамічнага развіцця Расіі.
Па выніках 2018 году пастаўкі светлых нафтапрадуктаў, у тым ліку бензіну і дызельнага паліва, звадкаванага газу і маторнага алею з Расіі складала 33%, з Беларусі — 32%, з Літвы — 7%, з іншых крыніц — 11%, і яшчэ 17% выраблялася ва Ўкраіне.