Беларусь — галоўная крыніца санкцыйных прадуктаў, знішчаных у Расіі
Большая частка (89% з 2,46 тыс. тон) канфіскаванай Рассельгаснаглядам і знішчанай у 2020 годзе расліннай прадукцыі прыбывала з Беларусі.
Усяго за пяць гадоў (са жніўня 2015 года) Расія знішчыла 36,17 тысяч тон прадукцыі, якая незаконна паступіла з краін, што падпалі пад расійскае харчовае эмбарга, паведамляе «Інтэрфакс» са спасылкай на ведамства.
На знішчэнне было адпраўлена 34,94 тысяч тон прадукцыі раслінаводства і 1,23 тысячы тон — жывёлагадоўлі.
Харчовае эмбарга было ўведзена указам прэзідэнта Расіі ад 6 жніўня 2014 года супраць краін, якія ўвялі або падтрымалі антырасійскія санкцыі. Спачатку яно дзейнічала ў дачыненні да прадукцыі з ЗША, ЕС, Аўстраліі, Нарвегіі і Канады. З 13 жніўня 2015 года ў спіс гэтых краін былі ўключаныя Албанія, Чарнагорыя, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, што далучыліся да антырасійскіх санкцый, з 1 студзеня 2016 года — Украіна.
Спачатку забарона была ўведзеная на адзін год, затым штогод падаўжалася.