Армянскі выбар

Нечакана для ўсіх у верасні Серж Саргсян абвясціў пра намер Арменіі стаць сябрам Мытнага саюзу. Ці падтрымліваюць простыя армяне выбар свайго прэзідэнта? Пра сітуацыю ў Арменіі журналіст "Новага Часу" Алег Новікаў размаўляе з армянскай апазіцыйнай актывісткай Гаянэ Арустамян.



15925511_news_bigpic.jpg

— Нават для расійскіх аглядальнікаў, якія стала выступаюць за еўразійскую інтэграцыю, рашэнне Саргсяна аказалася сюрпрызам. А што адчулі людзі ў самой Арменіі, калі даведаліся пра тое, што прэзідэнт зрабіў геапалітычны выбар на карысць Масквы?

— З аднаго боку, сапраўды, ніхто не чакаў такога кроку ад ўлады. Як вядома, апошніх два гады ўрад актыўна рыхтаваў дамову аб асацыяцыі з ЕС, парафіяванне якой мела адбыцца ў Вільнюсе. І раптам за два дні геапалітычны вектар кардынальна змяніўся. На хвалі шоку ад навін з Масквы ў армянскай сталіцы прайшла спантанная маніфестацыя. З другога боку, трэба прызнаць, што на нешта падобнае ад нашых уладаў варта было спадзявацца. Трэба нагадаць, што ўвесну 2008-га ў нас прайшлі прэзідэнцкія выбары, якія закончыліся нашым армянскім Майданам. Прыкладна паўмільёна чалавек выйшлі на сталічную плошчу Свабоды пратэставаць супраць фальсіфікацый, за кошт якіх Саргсян стаў пераможцам. Праз нейкі час вайскоўцы жорстка разагналі маніфестантаў. Паводле падлікаў праваабаронцаў, каля 60 чалавек падчас зачысткі былі забітыя. Таму асаблівых ілюзій адносна Саргсяна грамадства не мае. Шмат хто лічыць яго ўвогуле нелегітымным. Рашэнне далучыцца да Мытнага саюзу адпавядае духу рэжыму, якому абыякава думка грамадства.

— Чаму апазіцыі не падабаецца Мытны саюз? Масква абяцае, што далучэнне да МС палепшыць эканамічны стан армян. Называецца сума ў 15 мільярдаў долараў. Быццам, столькі грошаў будзе інвеставана ў армянскую эканоміку ў бліжэйшы час.

— Эканамічная сітуацыя ў Арменіі даволі складаная. Зараз сярэдні заробак у краіне каля 100 долараў. Між тым, узімку рахункі за камуналку могуць даходзіць да 80 долараў. Аднак мала хто верыць, што ўваходжанне ў Мытны саюз пазітыўна паўплывае на стан рэчаў. Па сутнасці, Арменія даўно ўжо ў руках расійскага бізнэсу: для пагашэння знешняга доўгу перад Масквой урад у якасці кампенсацыі перадаў ёй практычна ўсе вядучыя аб’екты прамысловасці — ад АЭС да чыгункі.

Аднак, як бачым, гэта не прывяло да росквіту эканомікі. Затое ў нас пачалася новая хваля русіфікацыі. З’яўленне расійскіх менеджэраў у офісах армянскіх кампаній пацягнула перавод дакументацыі на рускую мову. Як следства — сярод нашых чыноўнікаў узнікла ідэя надання рускай мове статусу дзяржаўнай. Мы не супраць стратэгічнага партнёрства з Расіяй, аднак цяперашняя мадэль адносін з Масквой мала нагадвае партнёрскую схему.

— Газеты пішуць, што Саргсян пагадзіўся на ўваходжанне ў МС з-за праблемы знешняй бяспекі. Патранат Расіі над Арменіяй гарантуе, што Азербайджан не будзе спрабаваць сілавымі сродкамі вярнуць сабе Нагорны Карабах.

— Расія дыпламатычна падтрымлівае Арменію, пры гэтым адначасова пастаўляе зброю ў Азербайджан. Мне падаецца, што мэта Расіі — не дапусціць мірнага дыялогу паміж Арменіяй і Азербайджанам. Пагроза эскалацыі канфлікту відавочна дапамагае Маскве трымаць пад кантролем як Баку, так і Ерэван. У Маскве таксама ведаюць, наколькі тэма Карабаху важная для армянскага грамадства. Шмат хто ў Арменіі сапраўды кажа — трэба сціснуць зубы і пагадзіцца на ўваход у Мытны саюз дзеля захавання Карабаху.

— Ці каментуюць армяне тое, што Лукашэнка таксама пачаў пастаўкі зброі ў Азербайджан?

— Мы пра гэта ведаем, аднак асабліва шмат у грамадстве пра тыя пастаўкі не кажуць. Усім зразумела, што беларускія партыі зброі для Баку — гэта дробязь у параўнанні з расійскімі.

— Уступленне Арменіі ў Мытны саюз не зразумелае з улікам існавання такога феномену, як моцная армянская дыяспара на Захадзе. Армянскія грамады ў той жа Францыі і ЗША — вельмі ўплывовыя, і ў тым ліку даўно займаюцца палітычным лабізмам.

— На Захадзе, сапраўды, ёсць моцная армянская грамада, аднак значна больш краіна залежыць ад дыяспары ў Расіі. Гэта прыкладна паўтара мільёны грамадзян, прычым актыўных грамадзян, за кошт працы якіх выжываюць сем’і на радзіме. Некаторыя нават жартуюць, што сапраўдным прэзідэнтам армян з’яўляецца не Саргсян, а Пуцін. Масква цудоўна разумее залежнасць армян ад грашовых пераводаў з Расіі. Таму, калі патрэбна шантажаваць Ерэван, адразу пачынаецца ціск на армянскіх працоўных мігрантаў. Часам справа даходзіла да армянскіх пагромаў.

— Рэакцыя Еўрасаюзу і ЗША на рашэнне Арменіі ісці ў Мытны саюз дастаткова спакойная. Каментары на гэты конт нельга параўнаць з эмацыйнымі каментарамі наконт рашэння Украіны не падпісваць дамову пра Асацыяцыю з ЕС. Чаму Захад здае Арменію?

— Арменія даўно трапіла ў геапалітычную пастку, і тое, пра што вы кажаце, — толькі дзяжурная ілюстрацыя гэтай з’явы. Калі ў 2008 годзе войскі разганялі пратэстуючых, натоўп рушыў у бок дыпламатычнага кварталу, каб заходнія дыпламаты сталі сведкамі расправы. Аднак ніводзін МЗС у Еўропе не асудзіў учынкі Саргсяна. На Захадзе даўно пагадзіліся з тым, што Арменія — гэта сфера інтарэсаў Расіі, якая ў сваю чаргу традыцыйна разглядае Арменію як свой фарпост у Закаўказскім рэгіёне.

— Наўрад ці заявы прэзідэнта Арменіі дастаткова для фармальнага ўступлення краіны ў Мытны саюз. Як мінімум, патрэбна згода парламента. Ці ёсць у армянскім парламенце дэпутаты — праціўнікі еўразійскай інтэграцыі?

— У армянскім парламенце засядае прыкладна 130 дэпутатаў з якіх 7–8 можна назваць апазіцыянерамі. Такі расклад існуе не таму, што армяне ў масе падтрымліваюць Мытны саюз. Папросту ў краіне дамінуе так званы «карабахскі клан». Гэта групоўка, якая даўно кантралюе асноўныя сегменты эканомікі, адміністратыўную вертыкаль і, адпаведна, фармуе пад сябе дэпутацкі корпус. Не дзіўна, што ўсе апошнія прэзідэнты Арменіі выйшлі з Карабаху. Супрацьстаяць сістэме вельмі цяжка. Калі я спрабавала ісці ў дэпутаты, мяне проста збілі на вуліцы. Ніводны клан у самой Арменіі не здольны супрацьстаяць карабахцам. У тым ліку таму, што карабахцы звязаныя з расійскімі спецслужбамі. Увогуле, пасля 2008 года цэнтр апазіцыі знаходзіцца на вуліцы. Практычна кожны дзень праз інтэрнэт арганізуюць нейкія пратэсты. Менавіта такім чынам быў арганізаваны пратэст падчас нядаўняга візіту Пуціна.

— У чым вы як прадстаўнік апазіцыі бачыце перспектыву?

— Вымушана прызнаць, што ў якасці перспектывы людзі, як правіла, абіраюць эміграцыю. Няма нічога, што магло гаварыць пра нейкія хуткія змены да лепшага. Аднак я мяркую, што гэта чорная паласа павінна скончыцца. Напэўна, армяне — аптымісты, паколькі мы вельмі старадаўні народ, якому прыйшлося прайсці праз шмат выпрабаванняў. Думаю, прарвемся і зараз.