Апошні чырвоны ліхтар у квартале

У рамках гарадской рэформы ўлады Амстэрдама вырашылі знішчыць легендарны раён чырвоных ліхтароў. Увогуле, тэрмін «раён чырвоных ліхтароў» прыйшоў з ЗША. Лічыцца, што ўпершыню яго пачалі ўжываць у горадзе Мілуокі. Этымалогію слова звязваюць з чыгуначнікамі, якія, калі ішлі ў падобныя ўстановы, пакідалі звонку чырвоны ліхтар. У выпадку патрэбы адміністрацыя чыгункі магла лёгка знайсці супрацоўніка.



6ea9ab1baa0efb9e19094440c317e21b.jpg

Амстэрдам

У рамках гарадской рэформы ўлады Амстэрдама вырашылі знішчыць легендарны раён чырвоных ліхтароў.

Увогуле, тэрмін «раён чырвоных ліхтароў» прыйшоў з ЗША. Лічыцца, што ўпершыню яго пачалі ўжываць у горадзе Мілуокі. Этымалогію слова звязваюць з чыгуначнікамі, якія, калі ішлі ў падобныя ўстановы, пакідалі звонку чырвоны ліхтар. У выпадку патрэбы адміністрацыя чыгункі магла лёгка знайсці супрацоўніка.

Амстэрдамскі квартал чырвоных ліхтароў называецца Дэ Вален. Ён знаходзіцца ў самым цэнтры гораду. Тут, па афіцыйнай статыстыцы, аказваюць інтымныя паслугі прыблізна 450 асобаў абодвух полаў.

Працоўным месцам ім служаць маленькія пакойчыкі са шклянымі дзвярыма. Працоўная руціна выглядае наступным чынам. Дзяўчыны, апранутыя ў ніжнюю бялізну, стаяць за празрыстымі дзвярыма кабінак. Кліент з вуліцы павінен пагрукаць у шкляныя дзверы. Гаспадыня адчыняе і пачынае весці гандаль наконт ганарару. Калі бакі дасягнулі кампрамісу, госць заходзіць унутр, а на вокны акварыума на час сеансу апускаюцца шторы.

Сярэдняя такса за разавыя паслугі ў Дэ Вален складае недзе ад 60 да 100 еўра. Праўда, большасць з гэтай сумы ідзе не дзяўчыне, а ўладальніку пакою. Звычайна заробак за працоўны дзень складае 100–150 еўра. Акрамя таго ў квартале шмат эратычных тэатраў і клубаў, не кажучы пра так званыя кава-шопы — рэстараны, дзе можна набыць марыхуану.

Раён пачаў спецыялізавацца на аказанні такога кшталту паслуг яшчэ з ХІV стагоддзя. Першымі кліентамі былі маракі: порт знаходзіўся побач. За гэты час прастытуцыя стала своеасаблівым брэндам кварталу. На цэнтральнай плошчы раёну стаіць бронзавая статуя невядомай прастытуткі з подпісам «Паважайце паўсюдна тых, хто працуе ў сферы сексуальных паслуг». Існуе прафсаюз прастытутак, які часам нават арганізоўвае нешта кшталту дня адчыненых дзвярэй. Прадстаўнікам розных грамадскіх арганізацый і журналістам паказваюць, у якіх умовах зарабляюць на жыццё ў Дэ Вален.

Прастытуцыя ў Галандыі легальная, і паколькі яна прызнана сферай паслуг, то працаваць у раёнах кшталту Дэ Вален маюць права выключна грамадзяне ЕС. Перад тым, як выйсці на працу, яны мусяць прайсці медычную камісію — уладальнік публічнага дому абавязкова патрабуе сертыфікат. Часам паліцыя і медыкі праводзіць рэйды сярод прастытутак у пошуках хворых на СНІД.

Аднак нават самая лепшая дзяржаўная рэгламентацыя не выключае існавання крымінальнага сектару, звязанага з практыкай гандлю людзьмі. Турэцкая і мараканская мафіі маюць свае «Дэ Валены». Тыя, хто там працуе, пазбаўлены ўсялякіх праў. Звычайна дзяўчат вярбуюць недзе ў краінах былога СССР або Трэцяга свету. Трапіўшы ў Амстэрдам, яны патрапляюць пад поўны кантроль уладальнікаў падпольных публічных дамоў. Бегчы ім няма куды: мовы яны не ведаюць, дакументы засталіся ў гаспадара.

Увогуле, паліцыя лічыць, што кабінкі з прастытуткамі не прыносяць вялікіх грошай іх уладальнікам. Фактычна, кожная з іх — частка ланцужку, праз які крымінал адмывае грошы.

Злачыннасць — гэта вечны спадарожнік Дэ Валена. Не дзіўна, што акрамя помніка прастытутцы, ёсць у квартале і помнік ахвярам нелегальнай секс-індустрыі. Помнік прадстаўляе адсечаную руку — сімвал гандлю рабамі ў ХІХ стагоддзі.

Трэба дадаць, што прафесія прастытуткі — не салодкая нават для тых, хто працуе легальна. Хрысціянская арганізацыя, якая аказвае сацыяльна-прававую дапамогу прастытуткам Дэ Валена, правяла сацыялагічнае апытанне галандскіх грамадзянак, якія працуюць у квартале. Амаль усе яны былі ахвярамі сексуальнага гвалту з боку сутэнёраў або ўладальнікаў публічных дамоў. У 2004 годзе ўлады нават пайшлі на стварэнне камісіі, якая павінна была распрацаваць закон аб барацьбе з такой практыкай. Ідэя закончылася правалам.

Улады даўно коса пазіралі на Дэ Вален. Іх нават не цікавіў той факт, што турыстычная рэклама Амстэрдама будуецца на эксплуатацыі іміджу еўрапейскай сталіцы прастытуцыі.

Пачынаючы з восені 2007 года гарадскі савет Амстэрдама намагаецца крок за крокам ліквідаваць квартал чырвоных ліхтароў. Першай ахвярай кампаніі сталі паўсотні кабінак, якія былі зачыненыя па патрабаванню мэрыі. У студзені 2008-га ў Дэ Вален былі зачынены ўсе стрыптыз-клубы.

План развіцця гораду, прыняты на мінулым тыдні, прадугледжвае, што праз дзесяць гадоў квартал чырвоных ліхтароў радыкальна зменіць свой імідж. Гэта будзе звычайны раён гатэляў і рэстаранаў. Прастытуткам прапанавана за кошт дзяржавы прайсці курсы падрыхтоўкі да новых прафесій. Праект рэканструкцыі будзе каштаваць падаткаплацельшчыкам 40 мільёнаў еўра.

Цікавая рэакцыя грамадскасці на палітыку мэрыі. Мясцовыя прадпрымальнікі, якія трымаюць кабінкі, арганізавалі нешта кшталту грамадзянскай ініцыятывы «Платформа 2012» ( 2012 — код раёна Дэ Вален). Іх, як не дзіўна, падтрымалі дзяўчаткі. Марыска Майло, кіраўнік руху за правы прастытутак, лічыць, што новы профіль раёну не прынясе пазітыўных змен. Па яе словах, зачыненне публічных дамоў у Дэ Вален прывядзе да буму нелегальнай прастытуцыі.

Улады кажуць, што прадбачылі такі варыянт. Па іх словах, цэнтр прастытуцыі проста перанясуць у іншае месца і арганізуюць такім чынам, каб узяць сектар пад больш жорсткі грамадскі кантроль.