Антыкітайскія пратэсты ў Казахстане: дзясяткі затрыманых
У буйных гарадах Казахстану — Нур-Султан, Алматы і Шымкент —
праходзяць мітынгі супраць будаўніцтва 55 кітайскіх заводаў, пашырэння
эканамічнага ўплыву Кітаю ў краіне і за лібералізацыю палітычнай
сістэмы. Па ўсёй краіне было затрымана некалькі дзясяткаў чалавек,
паведамляе Свабода са спасылкай на сваіх казахскіх калегаў.
Напярэдадні абвешчаных мітынгаў па ўсім Казахстане былі затрыманыя больш як 50 чалавек, каля 30 з якіх арыштавалі. Іх абвінавацілі ў парушэнні правілаў правядзення мітынгаў.
Таксама некалькіх чалавек прысудзілі да штрафаў за ўдзел у няўзгодненых з уладамі акцыях, яшчэ некалькі выкліканыя на «гутаркі» ў паліцыю. Усе яны ўдзельнічалі ў мітынгах супраць будаўніцтва 55 кітайскіх заводаў на тэрыторыі Казахстану.
Перад запланаванымі на 21 верасня мітынгамі ў некалькіх казахстанскіх гарадах узмацнілі меры бяспекі, да плошчаў і магчымых месцаў правядзення акцый сцягнулі паліцэйскіх і аўтазакі. Генеральная пракуратура назвала мітынгі «незаконнымі акцыямі пратэсту, за якімі стаяць дэструктыўныя сілы».
Выйсці 21 верасня на вуліцы заклікаў казахстанскі апазіцыянер Мухтар Аблязаў, лідар руху «Дэмакратычны выбар Казахстану» (ДВК). Сам Аблязаў у 2009 годзе ўцёк у Эўропу.
У 2018 годзе суд прызнаў ДВК «экстрэмісцкай арганізацыяй» і забараніў яе дзейнасць у краіне. Пасля гэтага супраць некалькіх дзясяткаў чалавек былі заведзеныя крымінальныя справы за удзел у забароненай арганізацыі. ДВК і Аблязаў неаднаразова заклікалі казахстанцаў выходзіць на акцыі пратэсту. Летась і сёлета паліцыя затрымлівала сотні людзей, якія прыйшлі да месцаў, якія ДВК называла як пляцоўкі для правядзення сваіх пратэстаў.
Ад пачатку верасня ў некалькіх гарадах Казахстану працягваюцца пратэсты супраць будаўніцтва 55 кітайскіх заводаў у краіне і ўмацавання эканамічных сувязяў з Пекінам, якія, як лічаць мясцовыя жыхары, павялічваюць фінансавую залежнасць ад Кітаю.
Амбасадар Кітаю ў Казахстане Чжан Сяо заявіў, што пратэсты ў Жанаазэне і іншых гарадах арганізаваныя «нейкімі сіламі», якія спрабавалі сарваць візіт казахстанскага прэзыдэнта ў Кітай.
Кітай — чацвёрты найбуйнейшы інвестар у Казахстане і трэці найбуйнейшы крэдытор. Казахстан выступае для Кітая ў якасці крыніцы сыравіны, рынку збыту і транзытнай тэрыторыі. У 2018 годзе Кітай прадставіў Казахстану крэдыт у памеры двух мільярдаў 62 мільёнаў юаняў.
Вясной 2016 году ўдзельнікі масавых зямельных мітынгаў у Казахстане адкрыта выказалі асцярогі, што папраўкі да зямельнага кодэксу, якія прадугледжваюць продаж зямель сельскагаспадарчага прызначэння і іх перадачу ў доўгатэрміновую арэнду замежнікам, могуць прывесіць да таго, што ўгоддзі апынуцца ў руках грамадзян іншых дзяржаваў.
У 2017 годзе стала вядома пра ўціск этнічных казахаў у Сіньцьзянскім раёне Кітаю і іх масавых затрыманне з наступным заключэннем у лагеры. Некаторыя казахстанцы паскардзіліся, што іх сваякі, якія выехалі ў Сіньцьзян, ня могуць перасекчы мяжу. Гэтая сітуацыя таксама ўзмацніла антыкітайскія настроі ў Казахстане.