Ангела Меркель зноў абраная канцлерам Германіі
Бундэстаг ФРГ зноў выбраў Ангелу Меркель на пасаду федэральнага канцлера. Яна ўзначаліць урад Германіі чацвёрты тэрмін запар.
Ангела Меркель выбрана ў сераду, 14 сакавіка, парламентам Германіі на
пасаду федэральнага канцлера ФРГ на чацвёрты тэрмін запар. Кандыдатуру старшыні
Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС) падтрымалі 364 дэпутата бундэстага.
"Супраць" прагаласавалі 315 парламентарыяў, яшчэ 9 чалавек
устрымаліся.
У гэты ж дзень Меркель атрымае з рук федэральнага прэзідэнта Франка-Вальтэра Штайнмаера грамату аб прызначэнні на пасаду канцлера. Затым кіраўніка новага ўрада прывядуць да прысягі перад дэпутатамі бундэстага і чальцамі бундэсрата. Услед за гэтым граматы аб прызначэнні ад прэзідэнта атрымаюць чальцы кабінета міністраў, якія потым таксама прынясуць прысягу. У другой палове дня ў сераду адбудзецца першае пасяджанне ўрада.
Самы працяглы працэс фарміравання ўрада
На гэтым самы доўгі ў гісторыі ФРГ працэс фарміравання новага ўрада, які доўжыўся 171 дзень, завершыцца. У кабінет міністраў увайшлі прадстаўнікі Хрысціянска-дэмакратычнага саюза (ХДС), Хрысціянска-сацыяльнага саюза (ХСС) і Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ).
Выбары ў бундэстаг ФРГ адбыліся 24 верасня 2017 года. Па іх выніках блок ХДС / ХСС атрымаў 33% галасоў, СДПГ — 20,5%, Левая партыя — 9,2%, "Саюз-90 / Зялёныя" — 8,9%, Свабодная дэмакратычная партыя (СДП) — 10,7 %, правапопулісцкая "Альтэрнатыва для Германіі" (АДГ) — 12,6%.
Паводле www.dw.com