Амерыканцы канчаткова сышлі з Афганістана. Аэрапорт у Кабуле ўзялі пад кантроль талібы
ЗША завяршылі вывад войскаў з Афганістана. Незадоўга да паўночы апошні ваенны транспартны самалёт С-17 з амерыканскімі вайскоўцамі пакінуў аэрапорт Кабула, паведаміла Мінабароны ЗША. Паветраная гавань перайшла пад кантроль руху «Талібан».
Прэзідэнт ЗША Джозэф Байдэн выступіў з заявай, у якой
паведаміў пра рашэнне не працягваць эвакуацыю пасля 31 жніўня. Раней гэты дзень
быў вызначаны ў якасці заканчэння тэрміну вываду войскаў з Афганістана.
Са слоў Байдэна за 17 дзён з Афганістана былі вывезеныя
больш за 120 тысяч грамадзян ЗША, краін-хаўруснікаў, а таксама афганцаў, якія
працавалі з амерыканцамі. Увесь гэты час забяспечваў бяспеку аэрапорта
кантынгент у 6000 ваеннаслужачых арміі ЗША.
Байдэн заявіў, што атрымаў узгодненую рэкамендацыю Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў і камандзіраў на месцах аб спыненні вайсковай прысутнасці 31 жніўня.
Афіцыйны прадстаўнік талібскага ўрада Забіхула Муджахід
назваў падзею гістарычнай, а таксама заявіў аб здабыцці Афганістанам
сапраўднай незалежнасці.
Паводле reform.by.