«У сувязі з рашэннем рэжыму». Амерыканскія дыпламаты з'ехалі з Беларусі
З амерыканскай амбасады ў Мінску ў ЗША з'язджаюць шэсць дыпламатаў. «Сёння другі раз за тры месяцы амерыканскія дыпламаты былі вымушаныя пакінуць Беларусь у сувязі з рашэннем рэжыму, якое выклікае шкадаванне, абмежаваць узаемадзеянне і дыялог», — такі пост размясціла ў сябе ў Фэйсбуку амбасада.
Як адзначана ў паведамленні, дыпламаты развітваюцца з беларускім народам, «у падтрымку дэмакратычных памкненняў якога яны працавалі. Хоць у Мінску, хоць дзесьці яшчэ амерыканскія дыпламаты працягнуць гэтую жыццёва важную працу».
Нагадаем, МЗС Беларусі адклікаў згоду на прызначэнне Джулі
Фішэр паслом ЗША ў Мінску. Рашэнне выглядае тэхнічным, таму што нават пасля
атрымання агрэмана ад Беларусі Фішэр не змагла ўехаць у краіну: ёй проста не
давалі візу. Апошнія месяцы Фішэр знаходзіцца ў Вільні.
Таксама МЗС Беларусі прапанаваў ЗША да 1 верасня скараціць
штат амбасады да пяці чалавек.
Злучаныя Штаты не прызналі афіцыйныя вынікі выбараў 2020
года, таму не прызнаюць і Аляксандра Лукашэнку легітымным кіраўніком Беларусі.
Паводле «Еўрарадыё».