Амазонскі БАМ
Яшчэ не скончыўшы альтэрнатыўны Панамскаму канал у Нікарагуа, Кітай анансаваў новы мегапраект — будаўніцтва чыгункі праз джунглі Амазоніі, што дазволіць звязаць Ціхі і Атлантычны акіяны.
План будаўніцтва амазонскай чыгункі быў агучаны кітайскім прэм’ерам Лі Кэцянам 25 мая, у першы дзень яго 8-дзённага туру па Лацінскай Амерыцы. Прыбыўшы ў Бразілію, кітайскі лідар сустрэўся з бразільскім прэзідэнтам Дзілмай Русэф, па выніках размовы з якой і з’явілася тэма трансамазонскай лініі.
Адначасова сталі вядомыя таксама некаторыя дэталі праекту — даўжыня лініі, якая звяжа Рыа-дэ-Жанейра і адзін з партоў Перу, складзе каля 5 300 кіламетраў. Кошт праекту — сто мільярдаў долараў. Галоўным інвестарам выступіць Кітай, які зацікаўлены ў зніжэнні коштаў на транспартныя пастаўкі бразільскіх карысных выкапняў. Галоўны ўчастак трансамазонскай звышхуткай трасы пройдзе праз трапічныя джунглі Амазоніі.
Апошні момант адразу выклікаў шырокую дыскусію ў экалагічных колах. Амазонія лічыцца ледзь не апошнім не кранутым цывілізацыяй месцам на планеце, дзе цалкам захавалася разнастайнасць біявідаў. Акрамя таго, чыгунка пройдзе праз тэрыторыі, дзе жывуць індзейскія плямёны, знаёмства з дасягненнямі цывілізацыі можа закончыцца для іх як мінімум культурнай асіміляцыяй. Нарэшце, эколагі разглядаюць ідэю трансамазонскага экспрэсу як асабісты выклік на свой адрас. Зараз яны вельмі крытыкуюць будаўніцтва самай вялікай у свеце гідраэлектрастанцыі каля гораду Альтміра ў Амазоніі. Аднак, як бачым, чыноўнікам адной электрастанцыі аказалася мала, і яны ў дадатак плануюць яшчэ цягнуць чыгунку.
У сваіх першых каментарах эксперты пагаджаюцца, што адміністрацыя Русэф будзе ўпарта манкіраваць незадаволенасцю экаграмадскасці і індзейскіх актывістаў. Прапанова з Пекіна была агучаная па слядах буйнога карупцыйнага скандалу вакол дзяржаўнага энергетычнага канцэрну «Petrobras», які моцна ўдарыў па рэйтынгу прэзідэнта. У дадатак карупцыянераў вывелі на чыстую ваду на фоне самай глыбокай за 25 гадоў эканамічнай рэцэсіі. 30 кантрактаў, якія Пекін і Бразілія збіраюцца падпісаць у рамках падрыхтоўкі рэалізацыі будаўніцтва чыгункі, ужо зараз прынясуць бразільскаму бюджэту 14 мільярдаў долараў і, відавочна, палепшаць імідж кіраўніка дзяржавы.
«Бразільская дзяржава ў гэтыя дні літаральна задыхаецца ад бюджэтнага дэфіцыту. Дзяржава не ў стане рабіць шмат важных інвестыцый, і таму грошы з Кітаю — проста выратаванне», — цытуе брытанскі «Guardian» аднаго з эканамістаў Бразіліі. Цікава, што кітайскія дзяржаўныя медыя нават не хаваюць таго, што іх урад скарыстаўся выгадным момантам, каб зрабіць бразільцам прапанову, ад якой яны не здольныя будуць адмовіцца.
За турам кітайскага прэм’ера сочаць не толькі ў кітайскай прэсе. Відавочна, актывізацыяй Кітая занепакоеныя ў Вашынгтоне, дзе вельмі доўга, адпаведна Дактрыне Манро, глядзелі на Лацінскую Амерыку як на свае задворкі. Хаця кітайскі афіцыёз напярэдадні ваяжу абвясціў, што «Кітай не мае ніякіх намераў спаборнічаць за Лацінскую Амерыку, а яго дзейнасць у рэгіёне не накіраваная супраць нейкай трэцяй сілы», амерыканскія медыя ў гэта не вераць. Амерыканскія журналісты разглядаюць Трансамазонскую чыгунку як частку інтэграцыі рэгіёна ў кітайскія глабальныя планы. З іншага боку, цяжка ўявіць, што ЗША могуць супрацьпаставіць кітайскім камуністам. Індустрыяльны бум у КНР патрабуе прыродных рэсурсаў, якія краіна актыўна імпартуе з краін Лацінскай Амерыкі, укладаючы ў мясцовыя эканомікі грошы. У 2012-м гандлёвы абарот паміж КНР і рэгіёнам складаў каля 250 мільярдаў долараў і рос штогод на 8 працэнтаў.
Напрыканцы трэба ўзгадаць, што гэта не першая спроба працягнуць праз Амазонію транспартную артэрыю. Першымі, хто загарэўся ідэяй чыгункі ў амазонскіх джунглях, былі амерыканскія бізнесмены. Роўна сто гадоў таму яны дабіліся ад бразільскага ўраду канцэсіі на будаўніцтва чыгункі з глыбіні Амазоніі ў Балівію, каб экспартаваць запатрабаваны на рынках каўчук. У джунглях быў высаджаны дэсант з 20 тысяч рабочых. Вынікі аказаліся трагічнымі: 6 тысяч чалавек памерлі ад ліхаманкі, у сутычках з індзейцамі або ад укусаў насякомых. Праект, які атрымаў у народзе назву «Шлях д’ябла», тым не менш не замарозілі, а рэйкі ў выніку дацягнулі да аднаго з балівійскіх партоў. Аднак атрымаць прыбытак бізнесмены не здолелі. Нечакана прыйшла навіна, што каучук можна больш танна здабываць на плантацыях Паўднёвай Азіі. Пра чыгунку ў Амазоніі адразу ўсе забыліся. Цікава, што фрагментарна яна захавалася дасюль і зараз з’яўляецца турыстычным аб’ектам.
Пасля путчу ў 1968 годзе вайсковы рэжым вырашыў таксама палепшыць свой імідж за кошт засваення Амазоніі. У джунглях пачалі пракладаць аўтабан даўжынёй 2500 кіламетраў. Будаўніцтва трасы, якую назвалі Rodovia Transamazonica, цягнулася чатыры гады, аднак вынікі будаўніцтва супярэчлівыя. Падчас сезону дажджоў траса, якая звязвае амазонскую глыбінку і атлантычны бераг, проста не праходная для аўтамабіляў.
Варта ўзгадаць, што ў дадатак мясцовыя індзейскія плямёны вельмі варожа ставяцца да чужынцаў, як, дарэчы, і наркамафія, якая выкарыстоўвае непадкантрольную цэнтральным уладам тэрыторыю ў сваіх мэтах. Менавіта з-за цяжкай крымінагеннай абстаноўкі ў свой час перуанскія ўлады адмовіліся цягнуць чыгунку на перуанскія амазонскія землі.
Бразільскія апазіцыянеры сцвярджаюць, што кітайцы ведаюць, наколькі тэхнічна цяжка класці рэйкі і забіваць кастылі ў тропіках. Аднак гэта ім не трэба. Галоўная задача Пекіну — пад соусам праекту падпарадкаваць бразільскіх палітыкаў, зрабіць іх залежнымі ад кітайскіх крэдытаў.