«Абражалі пачуцці вернікаў». ФСБ зладзіла ператрусы ў «Партыі нябожчыкаў»
Актывісты «Партыі нябожчыкаў» праводзілі перформансы супраць вайны, але іх абвінавацілі ў абразе пачуццяў вернікаў.
Супрацоўнікі ФСБ правялі ператрусы ў актывістаў так званай «Партыі нябожчыкаў». Пра гэта піша расійская «Фонтанка».
Ператрусы, паводле звестак выдання, праходзяць у рамках крымінальнай справы аб абразе пачуццяў вернікаў.
Следства лічыць, што ўдзельнікі аб'яднання праводзяць акцыі на месцах воінскіх пахаванняў і на гарадскіх могілках. Каардынатарам групы сілавікі называюць Максіма Яўстропава, які з'ехаў у Грузію пасля пачатку вайны.
Пасля ператрусаў на допыт забралі двух кіраўнікоў майстэрні «ДК Розы», звязанай з актывістамі «Партыі нябожчыкаў». Неўзабаве затрыманых адпусцілі, аднак іх працэсуальны статус незразумелы.
«Партыя нябожчыкаў» — мастацка-палітычны праект, удзельнікі якога праводзяць акцыі і перформансы, хаваючы твары за маскамі ў выглядзе чарапоў. Пасля пачатку вайны ўдзельнікі «Партыі нябожчыкаў» праводзілі антываенныя пікеты.