Абяліць Андрэса Брэйвіка

Каб абяліць тэрарыста-ісламафоба Андрэса Брэйвіка, еўрапейскія правыя партыі выдумляюць самыя неверагодныя канспіралагічныя тэорыі.



d3f06eef2ffac7faadbe3055a70682ac.jpg

Каб абяліць тэрарыста-ісламафоба Андрэса Брэйвіка, еўрапейскія правыя партыі выдумляюць самыя неверагодныя канспіралагічныя тэорыі.
Ад надыходзячай восені еўрапейскія правыя чакаюць шмат. У верасні пройдуць выбары ў берлінскі парламент, куды актыўна рвецца створаная ўвесну партыя «Свабода». На лістапад прызначаныя мясцовыя выбары ў Нарвегіі, якія, па прагнозах, маглі прынесці Партыі прагрэсу (дарэчы, яе сябрам быў Брэйвік) прыкладна 16 працэнтаў дэпутацкіх мандатаў. У Францыі вось-вось пачнецца прэзідэнцкая кампанія, якая стане тэстам для Марыны ле Пэн, лідара Нацыянальнага фронту.
Аднак цяпер шансы ісламафобаў выглядаюць не так бліскуча. Масакра, якую ўчыніў Андрэс Брэйвік 22 ліпеня ў Осла і на востраве Утойа, дэманізавала партыі, якія будуюць свае праграмы на антыісламскай рыторыцы. Кепскую паслугу зрабілі самі сабе і правыя. Некаторыя пабачылі ў нарвежцы «абаронцу Захаду» і «новага Карла Мартэла» (французскі сярэднявечны кароль, які спыніў арабаў у бітве пры Пуацье). Менавіта так характарызаваў Брэйвіка адзін з сябраў Нацыянальнага фронту. Усё гэта прывяло да адтоку сімпатый сярэдняга класа ад партый гэтага накірунку. У той жа Нарвегіі рэйтынг прагрэсістаў адразу пасля 22 ліпеня рухнуў да 5 працэнтаў. Палітолагі ўвогуле пішуць, што з-за акцыі Брэйвіка антыісламскі рух у Еўропе будзе закансерваваным як мінімум на бліжэйшы электаральны цыкл.
У выніку радыкальныя правыя ламаюць галаву, што рабіць з Брэйвікам. Існуюць як мінімум тры стратэгіі. Першая — радыкальна адмежавацца ад скандынава-вар’ята. Менавіта так паступіла большасць вялікіх правых партый Еўропы. Каб прадэманстраваць непрыняцце метадаў Андрэса, кіраўніцтва некаторых партый нават арганізавала чыстку актывістаў, якія публічна выказалі павагу Брэйвіку.
Другая стратэгія — перакласці ўсю адказнасць на грамадства. Дакладней, на яго мультыкультурны характар, які быццам супярэчыць свядомасці белага еўрапейца, выклікае ў яго мазгах дэвіяцыю і ў выніку штурхае на антыграмадскія ўчынкі. Так прынамсі лічыць сенатар румынскага парламенту Юліян Урбан. А вось Жан-Мары ле Пэн прамым тэкстам заявіў, што ва ўсім вінаваты не Брэйвік, а «наіўны» нарвежскі ўрад, які патрэбным чынам не ўзброіў паліцыю. Гэтая фраза, дарэчы, дорага каштавала Нацыянальнаму фронту.
Нарэшце, трэцяя стратэгія — проста прыдумаць канспіралагічную тэорыю, адпаведна якой Брэйвік быў пешкай у нейкай глабальнай гульні, мэта якой відавочна — скампраметаваць нацыянальны рух. Тут правыя далі сваёй фантазіі поўную волю. Напрыклад, на сайтах французскіх правых папулярная тэорыя пра тое, што Брэйвік быў масонам. Аргумент тут просты: хіба нармальны хрысціянін будзе страляць па людзях і падкладваць бомбы? Натуральна, не. Значыць, Брэйвік не хрысціянін, а, наадварот, вораг хрысціянства. Значыць, ён вольны муляр.
Дадатковыя аргументы былі выкапаныя шляхам шматразовага прагляду выкладзеных на you tube відэазапісаў Брэйвіка і штудзіравання ягонай літаратурнай спадчыны. У адным з кадраў фільму можна пабачыць нейкія падобныя на масонскія сімвалы, на фоне якіх стаіць Андрэс. У сваіх запісах ён згадвае, што ў дзяцінстве марыў стварыць секту, падобную на ордэн тампліераў (ордэн лічыцца правобразам масонскіх ложаў). Адным словам, прыхільнікам тэорыі масонскай змовы ёсць за што зачапіцца.
А вось нямецкія нацыянал-дэмакраты лічыць, што тэракт арганізавалі нарвежскія спецслужбы. У якасці доказаў яны спасылаюцца на гісторыю правага тэрору. Напрыклад, згадваецца тэракт на піўным фестывалі ў Мюнхене ў 1981 годзе або выбух на вакзале ў Балонні ў 1977-м. Першы і другі тэракт арганізавалі правыя экстрэмісты. Аднак падчас следства ўзнікла версія, што іх учынкі былі інспіраваныя звонку. Тэрарысты маглі быць звязаныя з некаторымі ўрадавымі чыноўнікамі або сілавікамі.
Адпаведна нямецкім нацдэмам, падобны сцэнар меў месца і ў Нарвегіі. Апошнім часам у гэтым рэгіёне набіраюць моц правыя партыі. Каб прытармазіць працэс, нарвежскія лейбарысты, якія разам з Зялёнымі фарму­юць урад, вырашылі з дапамогай тэракту сапсаваць рэнаме ісламафобаў. Быў знойдзены адпаведны вар’ят у выглядзе Брэйвіка, які выканаў чорную справу. У выніку ісламафобы ператварыліся ў ворагаў народу, а эсдэкі, наадварот, сталі белыя і пухнатыя. Сапраўды, рэйтынг лейбарыстаў цяпер самы высокі з 1985 года (40 працэнтаў). Больш таго, іх лідар, прэм’ер-міністр Нарвегіі Йенс Столтэнберг больш папулярны, чым кароль. Ніколі ў гісторыі Нарвегіі палітык не быў больш папулярным за Яго Вялікасць.
Цікава, што тэорыя пра спецслужбы рыкашэтам б’е па саміх ультраправых. Яе аўтар прызнае, што ў гэтым асяроддзі шмат людзей з нездаровай псіхікай, які лёгка становяцца аб’ектам маніпуляцый агентаў.
Ну і, натуральна, не абышлося без яўрэйскага следу. З гэтай тэорыяй носіцца Брытанская нацыянальная партыя і орган нямецкіх мааістаў «Rote Fahne». Калі верыць ім, усё было так: кіраўніцтва ізраільскай разведкі «Масад» даведалася, што нарвежскія лейбарысты выступа­юць за прызнанне Палесцінскай дзяржавы, і вырашыла іх жорстка пакараць. Лепшым кандыдатам на выкананне місіі аказаўся ўсё той жа наіўны і даверлівы Андэрс Брэйвік.
Наколькі ў правых атрымалася адмежавацца ад Брэйвіка, пакажуць бліжэйшыя выбары. Аднак відавочна, што цалкам праблема не вырашана. Справа ў тым, што існуе вялікая інтэрнэт-супольнасць праціўнікаў так званай ісламскай экспансіі, якая ўсё часцей фармуе палітычную дыскусію правага электарату. Аўтары блогаў часта не лічацца з тэндэнцыямі грамадскай думкі і пішуць тое, што ў галаву прый­дзе. Так, самы папулярны нямецкі правы блог Politically Incorrect, які штодня наведваюць каля 75 тысяч чалавек, упарта працягвае шукаць пазітыў у паводзінах нарвежскага тэрарыста.