385-ты дзень вайны. Расійцы выдыхаюцца, але іх у Бахмуце чакаюць «ждуны»
Вайна ва Украіне трывае, вайскоўцы УСУ гераічна адбіваюць наступ акупацыйнай крамлёўскай арміі. Самым гарачым месцам працягвае заставацца горад Бахмут Данецкай вобласці.
Агульны тэмп
аперацый акупацыйных сіл РФ, імаверна, знізіўся ў параўнанні з папярэднімі тыднямі, паведамляе Інстытут вывучэння вайны (ISW) ў ранішняй справаздачы.
Аналітыкі
спасылаюцца на словы прадстаўніка аб'яднанага прэс-цэнтра Сіл абароны
Таўрычнага кірунку Аляксея Дзмітрашкоўскага, які заявіў напярэдадні, што
штодзённыя расійскія наземныя атакі праз вялікія страты РФ у жывой сіле і
тэхніцы скараціліся з 90-100 нападаў да 20-29 у дзень.
Эксперты пацвярджаюць, што ціск УС РФ скараціўся па ўсёй лініі фронту. Наступ акупантаў,
верагодна, набліжаецца да кульмінацыі (калі яшчэ яе не дасягнуў) у Луганскай вобласці. На гэтым участку фронту поспехі расійцаў мінімальныя, пацвярджаюць эксперты. А вось украінскім войскам,
верагодна, нядаўна ўдалося правесці контратакі і адваяваць тэрыторыю ў рэгіёне.
У горадзе Бахмут Данецкай вобласці і каля яго ёсць сілы расійскіх захопнікаў, якія цяпер, падобна, не занадта задзейнічаныя ў баях. Праціўнік яшчэ можа кінуць у бой 2-ю мотастралковую дывізію або ўзброеныя фармаванні, перакінутыя з іншых участкаў фронту.
Паводле звестак ISW, наступальныя дзеянні расійскай ПВК «Вагнер» таксама ўсё бліжэй да кульмінацыйнага моманту, і войскам РФ, як мяркуецца, для прадухілення паразы трэба будзе задзейнічаць значную колькасць рэзервовых сіл.
«Магчыма, ім удасца гэта зрабіць, паколькі ISW заўважыў часткі расійскіх паветрана-дэсантных палкоў у Бахмуце і вакол яго, якія, падобна, не занадта задзейнічаныя ў баявых дзеяннях цяпер», — гаворыцца ў матэрыяле.
Аналітыкі лічаць, што толькі наступальных дзеянняў наймітаў не хопіць, каб акупаваць Бахмут.
Тым часам кіраўнік Данецкай абласной вайсковай адміністрацыі Павел Кірыленка паведаміў, што цяпер у Бахмуце застаюцца тры тысячы цывільных жыхароў. Сярод іх — 33 дзіцяці.
Як ён адзначыў у эфіры тэлемарафона, тыя людзі, якія застаюцца ў горадзе, наадрэз адмаўляюцца эвакуявацца. Паводле яго, ажыцьцяўляецца абавязковая эвакуацыя дзяцей, прынамсі з адным з бацькоў.
Кіраўнік Данецкай АВА падкрэсліў, што эвакуацыя ахоплівае не толькі Бахмут, але і ўсю лінію фронту. Людзей вывозяць таксама з Аўдзееўкі. Яшчэ тыдзень таму там знаходзілася 42 дзіцяці, цяпер — 13.
Кірыленка дадаў, што эвакуяваных дзяцей вывозяць у іншыя вобласці Украіны. Там іх размяшчаюць у дашкольных установах, інтэрнатах і санаторыях. Да прыкладу, дзяцей з Бахмута цэнтралізавана эвакуююць у напрамку Закарпацця, калі іх бацькі не маюць магчымасці часова пасяліцца ў іншых рэгіёнах.
Эксперты не аднойчы адзначалі, што жыхары, якія застаюцца ў напалову разбураных украінскіх гарадах, да якіх падыйшлі акупацыйныя войскі, збольшага з'яўляюцца так званымі «ждунамі». Гэта значыць, прарасійскі настроеныя, яны чакаюць прыходу «вызваліцеляў». Да пачатку вайны ў Бахмуце жыло каля 70 тысяч чалавек, атрымліваецца, што «ждуноў» ў іх усяго каля трох тысяч. У асноўным гэта людзі сталага веку, якія сумуюць па часах СССР.
За мінулыя суткі, 15 сакавіка, расійцы нанеслі па тэрыторыі Украіны тры ракетныя і 29 авіяцыйныя ўдары. Пра паведаміў Генеральны штаб УСУ ў ранішняй зводцы. «За мінулыя суткі праціўнік нанёс тры ракетныя ўдары, у прыватнасці, і па аб'екце грамадзянскай інфраструктуры горада Харкаў. Таксама вораг нанёс 29 авіяцыйных удараў», — гаворыцца ў паведамленні.
У Генштабе
дадалі, што праціўнік здзейсніў 79 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага
агню. Акрамя таго, Генштаб папярэдзіў, што верагоднасць далейшых варожых
удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны высокая.
Ізраіль ухваліў
экспартныя ліцэнзіі на продаж сістэм глушэння беспілотнікаў, якія могуць
дапамагчы Украіне ў барацьбе з іранскімі дронамі, якімі Расія атакуе ўкраінскія
гарады.
Пра гэта выданню
Axios распавялі тры ізраільскія і ўкраінскія чыноўнікі. Адзначаецца, што гэта
першы выпадак з пачатку поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну, калі Ізраіль
ухваліў ліцэнзіі на абаронны экспарт для магчымага продажу зброі Украіне.
«Ізраіль быў
асцярожны, каб не аказваць ваенную дапамогу Украіне, баючыся, што такі крок
можа стварыць напружанасць у адносінах з Расіяй і нашкодзіць інтарэсам бяспекі
Ізраіля ў Сірыі. Але пасля таго як падчас вайны Расія пачала выкарыстоўваць
ударныя беспілотнікі іранскай вытворчасці, украінскі ўрад узмацніў свой ціск
у дачыненьні да вайсковай дапамогі Ізраілю. Украінскія афіцыйныя асобы
сцвярджаюць, што прадастаўленне сістэм узбраення Украіне адпавядае інтарэсам
Ізраіля, паколькі Іран можа атрымаць інфармацыю аб тым, як працуюць
беспілотнікі, а затым удасканаліць іх», — гаворыцца ў матэрыяле.
Выданне піша, што
зацвярджэнне экспартных ліцэнзій міністрам абароны Ёавам Галанам і міністрам
замежных спраў Элі Коэнам адбылося ў сярэдзіне лютага. Тады па загадзе
прэм'ер-міністра Беньяміна Нетаньяху Ізраіль праводзіў перагляд сваёй палітыкі
ў дачыненні да вайны. Калі перагляд завяршыўся, ніякіх новых рашэнняў прынята
не было. Пра гэта Коэн распавёў прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму падчас
візіту ў Кіеў, які адбыўся 15 лютага.
Ліцэнзіі былі
адобраны для двух ізраільскіх кампаній — Elbit і Rafael — якія распрацоўваюць
сістэмы барацьбы з дронамі. Украінскі чыноўнік паведаміў, што
дэлегацыя Міністэрства абароны Украіны нядаўна прыехала ў Ізраіль на
прэзентацыю сістэм барацьбы з беспілотнікамі. Пагадненне яшчэ не падпісана.
«Сістэмы,
якія Ізраіль прапануе купіць Украіне, выкарыстоўваюць сродкі электроннай
барацьбы для блакавання і збіцця беспілотнікаў. Яны маюць радыус дзеяння блізу
25 міль і могуць размяшчацца паблізу электрастанцый або іншых крытычных месцаў,
каб абараніць іх ад беспілотнікаў», — адзначаецца ў артыкуле.
Міністр замежных спраў Ізраіля Элі Коэн заявіў, што яго краіна мае «ўнікальную пазіцыю» адносна вайны для Украіны. Паводле яго, Ізраіль асуджае расійскую агрэсію, але ня можа ігнараваць уласныя нацыянальныя інтарэсы.
У лютым 2023 года пасля сустрэчы з міністрам замежных спраў Украіны Дзмітрыем Кулебай Коэн паведаміў, што Ізраіль падтрымае ўкраінскую формулу міру ў ААН. Таксама ў той дзень стала вядома, што Ізраіль прадаставіць Украіне 200 млн даляраў. Грошы выдзяляюць на развіццё медыцынскай інфраструктуры.
Паводле ўкраінскіх медыя.