У Беларусі правялі чэмпіянат Еўропы па відзе спорту, пра існаванне якога вы маглі не ведаць

Размова ідзе пра першы чэмпіянат і першынства Еўропы па кіданні нажа — «відзе спорту», які да Міжнароднага алімпійскага камітэта ніяк не адносіцца. А шырока культывуе гэты від роўна адна краіна — Расія. Пра незвычайную падзею распавядае «Трыбуна».

Фота «Анлайнера»

Фота «Анлайнера»


Стваральнікам гэтага «віду спорту» сябе называе расіянін Андрэй Трохаў, ён казаў, што пасля шматразовых адмоў Мінспорту РФ усё ж такі дамогся ад ведамства прызнання кідання нажа ў 2019-м, пасля чаго яно стала «паўнавартасным відам з прысваеннямі спартыўных разрадаў».

У Беларусі ж энтузіясты кідання нажа знайшліся якраз у Гомелі — і ўстанавілі сувязі з расіянамі. У красавіку 2023-га ў горад прыехаў Трохаў (як кіраўнік і расійскай, і «міжнароднай» федэрацый) і расказваў, што хоча дапамагчы мясцовым «спартсменам», каб стварыць канкурэнцыю прадстаўнікам Расіі, якія абвяшчаліся «чэмпіёнамі свету».

У Гомель жа адправілі і «ЧЕ» — відаць, каб хоць неяк надаць «міжнароднасці». Чэрвеньскі турнір праходзіў у абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па лёгкай атлетыцы, а ўсе затраты па правядзенні прыйшлося ўзяць на сябе Гомельскаму тлушчаваму заводу.

Па паведамленнях дзяржмедыя, у Гомелі сабралася каля 70 спартсменаў ад 12 да 72 гадоў нібы з пяці краін: Расii, Беларусі, Грэцыі, Венгрыі і Сербіі. Аднак поўныя пратаколы недаступныя, магчыма, тры апошнія краіны былі прадстаўленыя адзінкава або зусім адсутнічалі на турніры. Абсалютна ўсе медалі забралі беларускія і расійскія «спартсмены»: гаспадарам дасталіся дзве залатыя, тры сярэбраныя і чатыры бронзавыя, а астатнія 45 узнагарод паехалі ў суседнюю краіну.

Пра ўзровень «ЧЕ» ўсё гаворыць кінутая ў інтэрв'ю фраза расіяніна Уладзіміра Турчына: «Я займаўся гэтым спортам як хобі, пакуль у 2019 годзе не выйграў чэмпіянат свету».


Глядзіце таксама

Беларускія «медалісты», думаецца, могуць сказаць прыкладна тое ж. Так, бронзавы прызёр у кіданні з 4 метраў Фаціма Тажыбаева (ураджэнка ўзбекістанскай Ферганы) прыйшла да поспеху ў 45 гадоў.

А на старонцы Уладзіслава Грачова (трэцяе месца ў кіданні з шасці метраў) проста напісана, што зарабляе ён вясельнай фотаздымкай у Гомелі.

А ў катэгорыі 12-13-гадовых ад Беларусі выступалі выхаванцы сілавікоў Лукашэнкі — удзельнікі клуба «Лазурыт» пры гомельскай частцы ўнутраных войскаў МУС. У кіданні нажоў па сваім узросце забралі ў расіян пяць з шасці медалёў.