Спартыўны трэнер Ігар Жаваранак: Санкцыямі трэба лупіць ва ўсіх галінах, у тым ліку ў спорце

Трэнер па лёгкай атлетыцы Ігар Жаваранак у інтэрв'ю тэлеграм-каналу «О, спорт! Ты – мир!» падзяліўся сваім бачаннем перспектыў беларускага спорту пад санкцыямі і агульным станам грамадства пасля пратэстаў 2020 года.

Ігар Жаваранак. Фота: begaem.com

Ігар Жаваранак. Фота: begaem.com


— МАК пакінуў у сіле санкцыі ў дачыненні да беларускага спорту, але абмяркоўвае допуск яго прадстаўнікоў да спаборніцтваў у нейтральным статусе. Як вы на гэта рэагуеце?

— Не разумею, чаму МАК не падзяляе беларускіх спартсменаў на тых, каго ўсё задавальняе пры рэжыме Лукашэнкі, хто падтрымлівае ўсю гэтую жэсць, у тым ліку вайну, і на тых, хто пацярпеў за сваю грамадзянскую пазіцыю і вымушаны быў пакінуць Радзіму. Па-мойму, гэта [адсутнасць падзелу] трызненне нейкае. Вядома, калі ўжо ты ніяк не выступаеш нават супраць вайны, то, прабач, сядзі ў сваёй вёсцы і бегай вакол дома.

Але ёсць ліст за сумленныя выбары і супраць гвалту, ёсць антываенная дэкларацыя. Мне здаецца, што па спартсменах, якія падпісалі як мінімум гэтыя два дакументы, Міжнародны алімпійскі камітэт павінен прымаць асобныя рашэнні. Бо ўжо былі пэўныя прэцэдэнты, калі можна было ўбачыць, што МАК здольны разглядаць усё індывідуальна. На адну з алімпіяд бралі бежанцаў як асобную групу спартсменаў, гэта значыць па іх праводзілася асобная праца. На Гульні патрапілі людзі, якія пацярпелі з палітычных прычын. Так многія беларусы аказаліся ў падобнай сітуацыі — пацярпелі праз сваю грамадзянскую пазіцыю. Чаму ў дачыненні да нас не праводзіцца асобная праца? Пры гэтым мы не просім нас браць на Гульні проста так — выканаем нарматыў, усё сумленна зробім. Проста, паўтаруся, чаму ўсіх беларусаў пад адзін грэбень пускаюць?

— Чаму МАК не ўлічвае ўсе гэтыя абставіны?

— Не ведаю. Складана зразумець, што ў чыноўнікаў у галовах, на якой падставе яны прымаюць рашэнні. Атрымліваецца, цяпер нас паставілі ў адзін шэраг з умоўным Недасекавым.

— Санкцыі ў выніку дзейнічаюць і супраць атлетаў, якія і так ужо пацярпелі?

— Так, менавіта так. МАК, такое адчуванне, дзейнічае як рэжым Лукашэнкі: выразае ўсё і ўсіх у спорце. Напэўна, вырашылі не марнаваць лішнія сілы, а проста ўсіх выразалі не разбіраючыся. Мне здаецца, што ў МАК усе працуюць расслаблена, не жадаючы лішні раз дупу адарваць ад крэсла, напружыцца неяк, разабрацца ад і да. Не асабліва спадзяюся, што там хтосьці штосьці будзе рабіць.


— Гэта значыць санкцыі ты ўхваляеш, але яны павінны быць кропкавымі?

— Так. Санкцыямі трэба лупіць ва ўсіх галінах, у тым ліку ў спорце. Украінцы не могуць нармальна рыхтавацца да спаборніцтваў, жывуць у ваенным становішчы — чаму расійцы ці беларусы, якія падтрымліваюць вайну і Лукашэнку, павінны спакойна бегаць і спаборнічаць?

У мяне ёсць сябры з лёгкай атлетыкі Украіны, якія замест спорту пайшлі на вайну, узялі ў рукі зброю, абараняюць Радзіму. Некаторыя спартсмены, па сутнасці, ужо скончылі праз гэта кар'еру. Прычым далёка не самыя апошнія спартсмены, якія маглі б прэтэндаваць на Алімпіяду-2024. Але людзі застаюцца ў арміі, ідуць на вайну. Адзін хлопец, з якім я сам бегаў у свой час, загінуў.

Так што санкцыі — гэта вельмі дакладна. Але іх трэба ўводзіць кропкава. Я ўпэўнены, што ўкраінцы, якія ведаюць маю пазіцыю, не згодныя, што мы таксама павінны падпадаць пад міжнародны бан. Мы на мільён адсоткаў на баку Украіны, але ў выніку ўсё роўна пад санкцыямі.

— У цэлым можна сказаць, што дарога на Алімпіяду для беларускіх спартсменаў яшчэ не закрытая?

— Так, пакуль шанцы трапіць на Гульні ёсць ва ўсіх. Да Алімпіяды застаецца паўтара года, гэта значыць поўны сезон, потым пачнецца яшчэ адзін сезон. Трэба глядзець, што МАК скажа ў будучыні. Калі санкцыі адменяць, тады ў спартсменаў будзе нямала часу, каб набраць ачкі ў рэйтынг.

— Што павінен сказаць МАК, каб разумець, як жыць далей?

– МАК адназначна павінен заявіць пра тое, што падзяляе спартсменаў на тых, хто супраць вайны і рэжыму Лукашэнкі, і тых, хто за ўсю гэтую жэсць. У дачыненні да першых павінны быць ужытыя выразныя чалавечыя крокі. Пакуль жа, паўтаруся, усіх у адзін спіс уключылі, усіх пагалоўна засунулі пад санкцыі. Гэта несправядліва. У дачыненні да атлетаў, якія падтрымліваюць вайну, трэба санкцыі пакідаць.

— Як вы думаеце, такія спартсмены, якія выступаюць за рэжым Лукашэнкі, не асуджаюць вайну, шчыра сябе паводзяць ці гэта проста гульня на публіку?

— Упэўнены, што гэта ўсё шчыра. Я проста не магу зразумець, як можна граць такую ролю. Хаця, можа, яны аказаліся ў закладніках — у тым плане, што ім у Беларусі паставілі ўмову: калі не падтрымліваеш [рэжым] — тады табе кірдык. Вось яны і імкнуцца гаварыць і рабіць тое, што трэба. Пры гэтым я ўсё роўна ўпэўнены, што ў кожнага быў і ёсць выбар. Як бы на спартсмена ні ціснулі, атлет сам вырашае, як і куды яму ісці, у яго застаецца выбар. Вядома, часам балючы выбар, але ён усё роўна ёсць.

Пры гэтым сярод атлетаў, якія адкрыта падтрымліваюць рэжым, хапае тых, хто паглядзіць тэлевізар і будзе яму слепа верыць, ні пра што не задумваючыся. Я сам ведаю некаторых такіх зборнікаў. Чалавек жыве ў Беларусі, але так дагэтуль і не зразумеў, што адбылося ў 2020 годзе. Ну, вось такі недалёкі чалавек, які верыць толькі тэлевізару, прапагандзе, нікуды не лезе і нічым не цікавіцца.

— Куды ў такім выпадку рухаецца лёгкая атлетыка Беларусі?

— Мне здаецца, можна гаварыць толькі пра падзенне. Калі здараюцца асобныя «стрэлы» спартсменаў, з'яўляюцца нейкія вынікі, то гэта не дзякуючы, а насуперак сістэме, якая склалася ў краіне і ў спорце. Таленты былі, ёсць і будуць пры любым рэжыме. Але ў Беларусі яны адназначна даюць вынік насуперак. Напрыклад, бягун Ілля Карнавухаў, які ў гэтым годзе ўстанавіў некалькі рэкордаў. Вельмі крута, капялюш перад ім здымаю. Але ён дасягае выніку, паўтаруся, насуперак. Тая сістэма можа толькі разбураць.


— Пры гэтым трэнеры або кіраўнік БФЛА Іван Ціхан любяць гаварыць, што калі б не санкцыі, то беларускія лёгкаатлеты бралі б медалі, станавіліся б чэмпіёнамі.

— А што ім яшчэ застаецца гаварыць? Трэба ж нейкія песні спяваць, каб Лукашэнка ніяк не караў. Усё ж відавочна.

— Наколькі моцна санкцыі ўплываюць на канкурэнтаздольнасць беларускіх спартсменаў?

— Шалёна. Адна справа — варыцца ва ўласным соку, стартаваць толькі ў Беларусі, дзе, па сутнасці, няма нармальнай канкурэнцыі, праз што яшчэ да спаборніцтваў можна вызначыць, хто пераможа, на каго ставіць. Пра што можна гаварыць, калі ўдзельнікі Алімпійскіх гульняў спаборнічаюць з кандыдатамі ў майстры спорту? Прагрэсу тут дакладна не будзе.

— Да чаго прыйдзе лёгкая атлетыка Беларусі, калі працягне жыць ва ўмовах санкцый?

— Адбудзецца жудасная дэградацыя віду спорту. У прынцыпе, лёгкая атлетыка ўжо дэградуе: спартсмены губляюць форму, аніяк не прагрэсуюць. А нейкія высокія вынікі — гэта, як я ўжо казаў, не дзякуючы, а насуперак. Але адна справа — адзінкавыя паказчыкі, а іншая справа — спорт у цэлым, уся каманда. Тут адназначна будзе працягвацца імклівае падзенне.

— Калі ўсё-ткі ў беларускіх лёгкаатлетаў са зборнай з'явіцца магчымасць паехаць на Алімпіяду, чаго ад іх чакаць?

— Наўрад ці можна будзе разлічваць на нешта добрае. Медальных перспектыў няма. Усё-ткі прастой, дэградацыя ва ўмовах адсутнасці канкурэнцыі ўнутры краіны. А набраць форму — для гэтага трэба шмат часу. Таму пра медалі я б наогул не гаварыў. Ды і, паўтаруся, многае будзе залежаць ад таго, калі здымуць гэтыя санкцыі і колькі часу на падрыхтоўку застанецца ў атлетаў.


Я вось да гэтага часу не разумею, чаму цяльняшку на сабе рвуць такія спартсмены, як Мірончык-Іванова, Недасекаў. Яны крычаць, што ўсё добра, санкцыі — гэта не так ужо і страшна. Але факт жа застаецца фактам: цябе нікуды не пускаюць, ты не можаш спаборнічаць з топавымі атлетамі і перспектыў у тваёй кар'еры аніякіх. Нават намёкаў няма на паляпшэнне. Усе становіцца толькі горш і горш, у тым ліку праз тое, што нехта разам з Расіяй вырашыў улезці ў вайну.

— Як, на ваш погляд, змяніліся беларусы за апошні час?

— Тут трэба разумець, пра якіх беларусаў мы гаворым — пра тых, хто жыве на Радзіме, ці пра тых, хто ўжо з'ехаў. Гэта розныя людзі. Тыя, хто жыў у Беларусі ў 2020-м, 2021-м, знаходзіліся ў пэўнай дэпрэсіі. З'ехаўшы за мяжу, мне здаецца, яны гэтай дэпрэсіі ўжо пазбавіліся. Або, прынамсі, на добрым шляху да гэтага, на фінішнай прамой. Тыя, хто застаўся на радзіме, але не падтрымліваюць рэжым, знаходзяцца ў дэпрэсіі. А тыя, хто падтрымліваюць Лукашэнку адкрыта? Мне здаецца, у іх таксама жыццё не салодкае, яны дупай чуюць, што ні да чаго добрага гэта не прывядзе. А кідацца кудысьці ў бок — гэта таксама можа выклікаць наступствы. Таму яны выбралі плыць па цячэнні.