«Сорамна быць у гэтай сістэме»: Рэакцыя спартоўцаў на дыскваліфікацыю Харлан, якая не паціснула руку расіянцы

Украінскую спартсменку Вольгу Харлан адхілілі ад далейшага ўдзелу ў чэмпіянаце свету па фехтаванні пасля адмовы ад поціску рукі расіянцы Ганне Смірновай, якая выступала пад нейтральным сцягам.

Вольга Харлан і Ганна Смірнова. Фота: Getty Images

Вольга Харлан і Ганна Смірнова. Фота: Getty Images

У чацвер, 27 ліпеня, пасля таго як Вольга Харлан у 1/32 фіналу перамагла Ганну Смірнову на чэмпіянаце свету па фехтаванні, яна не стала паціскаць руку спаборніцы, а працягнула шаблю.

Смірнова заставалася на пляцоўцы больш за паўгадзіны — у нейкі момант ёй нават вынеслі крэсла. За гэты час да яе падыходзілі некалькі чалавек, з якімі яна доўга размаўляла — хутчэй за ўсё, гэта былі арбітры. Аднак у выніку Міжнародная федэрацыя фехтавання (FIE) адхіліла пратэст, які падаў расійскі бок.

Як піша sports.ru, у правілах FIE ёсць пункт 122, у якім гаворыцца наступнае: «Перад пачаткам кожнай сутычкі два фехтавальшчыкі павінны выканаць фехтавальны салют суперніку, рэферы і гледачам. Гэтак жа, калі апошні ўдар залічаны, сутычка не заканчаецца да таго часу, пакуль два фехтавальшчыкі не адсалютуюць адзін аднаму, рэферы і гледачам. З гэтай мэтай яны павінны заставацца нерухомымі, пакуль суддзя прымае рашэнне; калі ён прыняў рашэнне, яны павінны вярнуцца на сваю лінію, выканаць салют фехтавальшчыка і паціснуць руку суперніку. Калі адзін або абодва фехтавальшчыкі адмаўляюцца падпарадкоўвацца гэтым правілам, рэферы пакарае яго/іх, як пазначана ў спісе парушэнняў 4-й групы». Чацвёртая група парушэнняў у фехтаванні — самая сур'ёзная, адзначае выданне. Паводле спісу, за парушэнне пункта 122 належыць дыскваліфікацыя на ўвесь турнір плюс адхіленне ад усіх спаборніцтваў на 60 дзён.

Тытулаваная ўкраінская фехтавальніца Вольга Харлан адмовілася паціснуць руку «нейтральнай» расіянцы і была дыскваліфікавана аргкамітэтам чэмпіянату свету 2023 года.

Рэакцыі ўкраінскіх і еўрапейскіх спартсменаў і іншых медыяперсон 

На старце чэмпіянату свету ўкраінка Вольга Харлан упэўнена перамагла расіянку Смірнову (15:7). Аднак пасля матча ўкраінка адмовілася ад традыцыйнага рытуалу — поціску рукі. Замест гэтага яна пагаварыла з саперніцай і пакінула корт.

«Нейтральная» расійская спартсменка, якая прайграла, запатрабавала дыскваліфікаваць Харлан. Суддзі адхілілі пратэст расійскай фехтавальшчыцы — і пераможца-ўкраінка прайшла ў наступны раўнд. Аднак яе матч супраць балгаркі Іліевай не адбыўся. Арганізатары спаборніцтваў дыскваліфікавалі Харлан за непавагу да суперніцы з Расійскай Федэрацыі.

Увечары 27 ліпеня Харлан запісала відэа падзякі ўсім, хто падтрымліваў яе ўвесь цяжкі дзень. Яна заявіла, што краіна-агрэсар перайшла ад тэрарызму Украіны і ўкраінцаў да тэрарызму спорту.

«Я не хацела паціскаць руку гэтай спартоўцы і дзейнічала ад душы. Таму, калі пачула, што мяне хочуць зняць са спаборніцтваў, дыскваліфікаваць, даць чорную картку — гэта, вядома, мяне забіла. Гэта так забіла мяне, што я закрычала ад болю», — прызналася Харлан.

Па словах знакамітай фехтавальніцы, яе вярнула да жыцця велізарная падтрымка суайчыннікаў. Больш за ўсё спартоўку натхнілі абаронцы з перадавой, якія назвалі жэст Харлан матывацыйным. «Ведаеце, мы ніколі не можам нікога прымусіць да міру, асабліва ўкраінцаў. Ніколі. Ніякага поціску рукі», — дадала яна.

Увесь дзень пасля скандалу на чэмпіянаце свету па фехтаванні 2023 года зоркі розных відаў спорту выказвалі сваю падтрымку ўкраінскай фехтавальшчыцы. Прызёры Алімпійскіх гульняў, чэмпіянатаў свету і Еўропы — усе яны заступіліся за Харлан і Украіну. Украінскія тэнісісткі таксама ці не першымі падтрымалі суайчынніцу.


Глядзіце таксама

«Я лічу, што гэта сапраўдная непавага з боку Федэрацыі фехтавання. Акрамя таго, чаму расіяне правакуюць, чаму яны не паважаюць нашу пазіцыю як украінцаў? У нас цвёрдая пазіцыя, і вы гэта ведаеце», — гнеўна заявіла ў эфіры «Голасу Амерыкі» першая ўкраінская ракетка Эліна Світаліна.

Да яе далучылася яшчэ адна зорка тэніса — Леся Цурэнка. Украінка прыгадала, як увесну перажыла прыступ панічнай атакі перад матчам з беларускай Сабаленка. Тады прэзідэнт Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) Сайман сказаў Цурэнка, што яе «не павінна засмучаць» падтрымка вайны расіянамі, што ўдзельнічаюць у спаборніцтвах.

«Я з Вольгай Харлан. Прашу паважаць наша рашэнне. Ёсць зразумелая прычына, чаму мы не паціскаем руку прадстаўнікам краін-агрэсараў, яна не патрабуе тлумачэнняў. Слава Украіне!» — напісала тэнісістка ў асабістым Instagram.

Алімпійскі чэмпіён Атланты і экс-чэмпіён свету па некалькіх версіях Уладзімір Клічко адрэагаваў на ганебную дыскваліфікацыю. Баксёр абвінаваціў Міжнародную федэрацыю фехтавання ў крадзяжы заслужанай перамогі ва Украіны. Дасталося і расіянцы: «Вольга захавала свой гонар. Яна адмовілася паціснуць акрываўленую руку «лжэнейтральнага» спартсмена, які горда пазіруе тут са сваім братам», — напісаў Клічко-малодшы ў асабістым Twitter, дадаўшы фота Смірновай з братам-вайскоўцам.

Жан Белянюк, алімпійскі чэмпіён Токіа і народны дэпутат, упэўнены, што чыноўнікі Міжнароднай федэрацыі фехтавання наўмысна справакавалі скандал. Загадзя ведалі, што Харлан расіянам не здасца.

«Самае цынічнае ў гэтай гісторыі тое, што, па маіх звестках, паміж Вольгай і кіраўніцтвам міжнароднай федэрацыі была дамоўленасць: яны пагадзіліся, што пасля матча поціскаў рук не будзе...», — напісаў Белянюк ва ўласным тэлеграм-канале.

Нават Міжнародны алімпійскі камітэт выказаў нешта накшталт падтрымкі ўкраінскім спартоўцам. Лідар алімпійскага руху заклікаў спартыўныя федэрацыі чуйна ставіцца да пачуццяў украінцаў: «Мы заклікаем міжнародныя федэрацыі падысці да вырашэння сітуацый з удзелам украінцаў і нейтральных спартсменаў з неабходным узроўнем далікатнасці. Мы працягваем быць у поўнай салідарнасці з украінскімі спартсменамі», — адказалі ў МАК агенцтву AFP.

Падтрымала каляжанку і чэмпіёнка Алімпіяды-1996 Лілія Падкапаева. Падчас вайны для ўсіх украінцаў адбылася пераацэнка каштоўнасцей, адзначыла яна. «Я ганаруся Вольгай Харлан. Узнагарода не вартая страты годнасці», — лаканічна патлумачыла сітуацыю легендарная гімнастка ў асабістым Instagram.

Луіджы Самеле, двухразовы пераможца Алімпійскіх гульняў па фехтаванні, адзначыў, што яму сорамна: «Сёння мне ўпершыню сорамна быць часткай гэтай сістэмы! Сістэмы, дзе фанабэрыстасць перамагае сумленнасць. Сістэмы, дзе той, хто можа табе дапамагчы, чакае толькі твайго правалу. Я адчуў гэта сёння не на сваёй скуры, але на досведзе дарагога мне чалавека», — напісаў італьянец у асабістым Instagram.

Украіна абскардзіла дыскваліфікацыю Харлан на каманднае першынство. Як заявіў у эфіры ўкраінскага тэлемарафону прэзідэнт Федэрацыі фехтавання Украіны Міхаіл Ільяшаў, Украіна будзе абскарджваць гэтае рашэнне, таму што «суддзя, які непасрэдна працаваў на гэтым паядынку (з расіянкай Смірновай — Рэд.), не даваў чорную картку, не дыскваліфікаваў яе, гэта ўжо потым пачаліся «падкавёрныя гульні». Паводле ягоных слоў, «дыскваліфікацыя з'явілася ўжо пасля таго, як вызначылася наступная спаборніца [Вольгі Харлан], нават быў прызначаны суддзя на наступны бой».

Паводле  Украінскай службы РБК, ВВС