Прамаўчы — пападзеш у первачы
Іх б’юць, а яны мацнеюць. Чаму цяпер футбалісты і хакеісты супольна не рэагуюць на гвалтоўныя дзеянні сілавікоў? Салідарнасці, з боку цэнтральных спартовых інстытуцый практычна няма.
У пазамінулы аўторак хакеіст Ілля Літвінаў вяртаўся з трэніроўкі разам з іншымі гульцамі маладзечанскага «Дынама». Быў цёплы жнівеньскі вечар, хлопцы прадчувалі чарговыя матчы Кубка Салея і стараліся не думаць пра палітыку. Але палітыка падумала пра іх сама. Ззаду раптам наляцелі татон-макуты ў чорным — з непрыхаванай сваёй ліцэнзіяй на крывавае беззаконне, выдадзенай ім роднай дзяржавай.
Большасці хакеістаў пашанцавала — далі па газах, разбегліся, уцяклі. Літвінаву пашчасціла менш. Яго «ўпакавалі». І павезлі туды, дзе шчыруюць руплівыя нашчадкі гестапа. Складана сказаць, што было б, калі б Ілля быў рабочым, студэнтам ці індывідуальным прадпрымальнікам. Магчыма, дагэтуль пакутаваў бы за кратамі — і час ад часу цешыў апрычнікаў гучным камланнем: «Люблю АМАП!» ды атрымліваў дручком за недастатковую выразнасць. Але ён хакеіст — то-бок прадстаўнік супольнасці, ідэалагічна і фізічна блізкай да Лукашэнкі. Сістэма яго абараніла і ў хуткім часе ціхенька выцягнула з катавальні.
Адтуль Літвінаў выйшаў з незабыўнымі ўражаннямі і, як у «Брыльянтавай руцэ», са слядамі гвалту на твары. Білі зноў жа — акуратна, але моцна. Што выдатна відаць на фотаздымку, які нападаючы зрабіў ужо на волі.
Дзесьці ў тыя ж дні ў падобную гісторыю трапіў футбаліст Антон Сарока. Форвард барысаўскага БАТЭ і нацыянальная зборнай Беларусі. Дзе «прынялі» яго, дакладна не вядома. Кажуць, ва Уруччы, і таксама пасля трэніроўкі. Антона адвезлі ў Жодзіна — у мясцовы «лагер для інтэрнаваных». Ці білі, ніхто не ведае. Далі сем сутак арышту, але ўжо праз два дні выпусцілі. Сістэма і тут паклапацілася, зразумеўшы, што трымаць у засценках спартоўцаў ёсць «зашквар» нават па іх крывадушных паняццях.
Адзін з футбалістаў «Ліды» (прозвішча чамусьці не разгалошваецца) вечарам 12 жніўня выйшаў на шараговы шпацыр. І вельмі хутка пра тое пашкадаваў. На скрыжаванні вуліц ён патрапіў на вочы супрацоўнікам міліцыі, якія залезлі ў яго тэлефон і прыйшлі да высновы: «Гэта наш кліент». Для пачатку яго збілі — мабыць, для прафілактыкі, а затым кінулі ў вязніцу. Працягвалі корпацца ў гаджэце, знайшлі там спачуванні з нагоды смерці маці, «ветліва» ўдакладнілі інфармацыю: «Хто там у цябе здох?»
Якія планы мелі на хлопца так званыя ахоўнікі правапарадку, так і засталося невядомым. Ліда — горад невялікі, адзін з мясцовых сілавікоў пазнаў футбаліста, і неўзабаве яго вызвалілі. А каб занадта шмат ён пра сябе не думаў, на развітанне яму дзеля чагосьці намалявалі фарбай на спіне нумар 15, а на месцы, што ніжэй, вывелі крыж.
Футбаліст «СМІаўтатранс» з другой лігі Раман Дурко правёў у пастарунку трое сутак. Увогуле, яму далі іх 15, але ж спартовец… Калі разабраліся, давялося здаваць назад і ўключаць гуманізм.
«У такой сітуацыі ты адчуваеш сябе бяспраўнай істотай у клетцы…» — а гэта словы Сяргея Падалінскага. Былога гульца зборнай Беларусі па міні-футболе і трохразовага чэмпіёна краіны. Яго затрымалі вечарам у дзень выбараў каля мінскай гасцініцы «Юбілейная». Далей — паводле алгарытму: заламалі рукі, кінулі ў аўтазак, адвезлі на Акрэсціна. Тры гадзіны на каленях уздоўж плота, «выхаваўчыя» ўдары дручком, рэплікі накшталт: «Якія вам перамены? Наце вам перамен!» 38 чалавек у камеры, разлічанай на чатырох, двое сутак без ежы. Нейкім цудам (верагодна, паўплывала, што спартовец) Сяргей абышоўся штрафам. Нічога не зрабіў, нічога не парушыў — на выхадзе здзекі, і яшчэ застаўся вінны грошай улюбёнай дзяржаве. Відаць, за паслугі і цяжкую працу праваахоўнікаў.
Напэўна, у беларускім спорце ёсць і іншыя падобныя гісторыі. Калі грабуць і кідаюць у камеры ўсіх без разбору, трапіць пад раздачу лёгка. Нават калі ты апалітычны — і нават калі ты з той відавочнай меншасці, якая галасавала за Лукашэнку. Выйшаў не ў той час не ў тое месца, выпадкова далучыўся да натоўпу ў бел-чырвона-белым — усё, гамон! Выбачай, дружа, нічога асабістага — на табе па нырках і ў сківіцу. На берцам, як завяшчаў вялікі чалавекалюбца Мукавозчык. Потым адляжышся, а выбітыя зубы табе ўставіць дантыст. І барані Бог, калі ў тваім смартфоне будуць знойдзеныя фота з акцыяў пратэсту ці падпіска на тэлеграм-канал «Нехта». Тады за цябе возьмуцца з яшчэ большым імпэтам.
Усе згаданыя спартовыя кейсы аб’ядноўвае адна паганенькая акалічнасць — амаль ці абсалютная адсутнасць хоць якога бачнага варушэння з боку адміністрацыі і працадаўцаў.
Так, самі атлеты не маўчаць. Выказваюцца — нават звярнуліся з адкрытым лістом да ўладаў, у якім сфармулявалі папулярныя патрабаванні: правесці новыя выбары і спыніць затрыманні-катаванні. Ён надрукаваны на сайце «Прэсбола», але на момант напісання гэтага тэксту ў ім не было ніводнага футбольнага ці хакейнага прозвішча. У гэтай епархіі языкі збольшага засунутыя куды далей.
Так, вогненны ўчынак здзейсніў малады нападаючы ЦСКА Ілля Шкурын. Хлопцу ўсяго 21 год, а ён ужо фармулюе годную грамадзянскую пазіцыю. «Пра пападанне ў пашыраны спіс зборнай зноў даведваюся ў сацыяльных сетках. Таму і адказ свой пішу таксама тут. Прадстаўляць інтарэсы нацыянальная каманды я адмаўляюся да той пары, пакуль ва ўладзе рэжым Лукашэнкі», — напісаў гулец у Instagram, дадаўшы красамоўнае «Жыве Беларусь!».
На пачатку падалося, што яго прыклад можа стаць трыгерам. Бо не цяжка сёння ўцяміць, што сапраўдны патрыятызм менавіта вось у гэтым — у такім дэмаршы, які слушна параўноўваць з забастоўкай рабочага класу. Заўзятары не пакрыўдзяцца — не да Лігі нацый ці Еўра ім цяпер, калі дзяржава канчаткова назвала сябе радзімай. Ці варта гуляць за радзіму, якая жульніцкі абнуляе рэальную волю народа і лупцуе сваіх грамадзян, не выбіраючы сродкаў?
Учынак Шкурына яшчэ можа зрабіцца трыгерам — не будзем бегчы наперадзе паравоза. Але пакуль — цішыня. Толькі тры валейбалісты ўзялі прыклад з маскоўскага армейца. Ды яго клубны трэнер — беларус Віктар Ганчарэнка — выступіў з асуджэннем агрэсіі і вынікаў выбараў. Большасць жа маўчыць — уключаючы тых жа Сароку і Літвінава, якія бачылі працэс «патрыятычнага выхавання» знутры.
Так, кулуарна профільныя інстанцыі робяць намаганні і вызваляюць сваіх з-за кратаў. Рэсурс ёсць — сувязі з сілавікамі прамыя, плюс на чале спартовага міністэрства ды федэрацый шмат людзей, якія яшчэ ўчора хадзілі з пагонамі. Але ж гэтая спрытнасць рук пад сталом падобная на вырашэнне пытанняў, так бы мовіць, «па блаце». Што рабіць тым, у каго блату няма? Толькі адно — абапірацца на салідарнасць навакольных.
Яе, салідарнасці, з боку цэнтральных спартовых інстытуцый практычна няма. Міністэрства спорту выціснула з сябе заяву, дзе асцярожна дэкларавала, «каб усе праблемы, нават самыя складаныя, вырашаліся мірным шляхам, без гвалту ў дачыненні тых, хто “за”, і тых, хто “супраць”». Федэрацыя футбола падліла такой жа няўцямнай вады: «Выступаем супраць любой формы агрэсіі і дыскрымінацыі па палітычных і іншых матывах». Хакейная федэрацыя, здаецца, увогуле схавала галаву ў пясок.
Зрэшты, гэтаму якраз здзіўляцца не прыходзіцца. Дзяржаўныя структуры ў краіне падобныя адна на адну. Тое ж Міністэрства аховы здароўя стаіць на варце сістэмы, як тыя райкінскія гузікі, — «насмерць». Але медычная супольнасць выказвае супрацьлеглае стаўленне да сітуацыі, і бясконцыя акцыі пратэсту ды ланцугі салідарнасці ад цэлых працоўных калектываў — таму яскравае пацвярджэнне.
Футбольныя і хакейныя калектывы вядуць сябе інакш. Баязліва, пакорліва, маўкліва. БАТЭ ніяк не салідарызаваўся са сваім нападаючым Сарокай — нібыта той не ў астрог загрымеў, а паслізнуўся на бананавым лупінні. Ад маладзечанскага «Дынама» не чуваць публічных словаў падтрымкі Літвінаву — нібыта той не быў збіты на горкі яблык, а спатыкнуўся аб дзвярны парог. Усё тое ж самае: гучаць рэдкія галасы — як ад трэнераў Васіля Хамутоўскага, Віталя Жукоўскага, Аляксандра Сулімы і іншых. Ды яшчэ (і, дарэчы, вельмі годна) выступіў з асуджэннем цемрашальства судзейскі корпус. І ўсё.
Зразумела, што ўсё можна патлумачыць. Футбалістам і хакеістам няблага жывецца пры існуючым рэжыме. Пераважна на грошы існуючага рэжыму, якія дырэктыўна ўкідваюцца ў спорт. Зарплата ў дзве-тры тысячы долараў, фоткі з Мальдзіваў у Instagram, новенькі «мэрс» на паркоўцы ля «Гіпа»… Што яшчэ трэба, каб спакойна сустрэць старасць?
Відаць, трэба тое, што ёсць у іншых. Што прымушае не сядзець на прызбе, а выходзіць у ланцугі пратэсту і на забастоўкі медыкаў, рабочых, мастацтвазнаўцаў. Ці прымушае хаця б падаваць голас.
Асабліва выпуклы кантраст у Салігорску. Шахцёры ў шахце цяжкай працай здабываюць руду. Футбалісты «Шахцёра» з гэтай працы кормяцца, іх заробкі велічэзныя — кажуць, ёсць і па дзесяць тысяч долараў. І футбалісты разам са сваім клубам маўчаць як рыба аб лёд, робячы выгляд, што матчы еўракубкаў займаюць усе іх думкі. Картка ў банкамат добра заходзіць — якія тут грамадзянскія пачуцці…
Медыкі да банкаматаў ходзяць радзей. Дзяржава выдаткоўвае на іх драбкі на фоне даходаў футбалістаў. І гэта не перашкаджае ім бачыць далей за ўласны нос. Яны змагаліся ўвесну з каронавіруснай навалаччу — і былі героямі. Яны рызыкуюць цяпер — калі дэманструюць зацятую нязгоднасць з чарговымі ярмошынскімі лічбамі, а затым бяруцца лекаваць дэманстрантаў, збітых на горкі яблык на вуліцах і ў камерах. Яны зноў героі, што б там ні думаў на гэты конт іх міністр Каранік.
Калі аднойчы дабро пераможа, выбаркам навучыцца добра лічыць галасы, а з бальнічнага ложку падымецца апошні катаваны пацыент, у новай Беларусі абавязкова перагледзяць прыярытэты. І зробяць правільныя высновы датычна таго, хто на што годны і карысны для грамадства. І накіруюць дзяржпадтрымку, хутчэй, дзейным медыкам, чым бяздзейным футбалістам-хакеістам. Для выхаду Беларусі з цемры медыкі робяць непараўнальна больш. Як і многія іншыя.
Зрэшты, нікому яшчэ не позна далучыцца.
P.S.: Калі артыкул быў напісаны, некаторыя футбалісты нарэшце падалі голас. Пратэсты падтрымалі гульцы БАТЭ Станіслаў Драгун і Ягор Філіпенка.