Подзвігі па раскладзе: у беларускім футболе прынялі канцэпцыю барона Мюнхгаўзена
Ёсць тры рэчы, на якія можна глядзець бясконца: як гарыць агонь, як цячэ вада — і як у беларускім футболе будуюць паветраныя замкі. Як складаюць мудрагелістыя стратэгіі развіцця, прапісваюць наперад цудоўныя паказчыкі, плануюць зачаравальныя штурмы ззяючых вяршынь… Па-манілаўску моршчаць ілбы і замілавана глядзяць за далягляд. Па-пацёмкінску мараць пра малочныя рэкі і кісельныя берагі.
На выхадзе — заўсёды адно і тое ж. У тэорыі, футбольная Беларусь мусіць навесці грандыёзнага шоргату і абавязкова ўварвацца ў шэрагі сусветнага бамонду. На практыцы — айчынны футбол дэградуе ўсё больш, журботна дрэйфуючы ў бок цьмяных мядзведжых завуголляў.
І чым далей ён дрэйфуе, тым з большымі імпэтам і размахам будуюцца новыя замкі. 25 сакавіка, акурат у Дзень Волі, Беларуская федэрацыя футбола прэзентавала чарговы. Ды такі, што грамадскасць войкнула і часткова страціла прытомнасць. Бо занадта ж напалеонаўскія памкненні агучылі амбіцыйныя кіраўнікі самага папулярнага віду спорту.
Мацней за «Фауст»
На мінулым тыдні ў Доме футбола, што на праспекце Пераможцаў, прайшла справаздачная канферэнцыя БФФ. Звычайна руціннае мерапрыемства, куды дэлегаты з’язджаюцца, каб кожны раз праслухаць плюс-мінус адзін рэпертуар. Экскурс у нядаўняе мінулае — і тлумачэнні, чаму зноў не атрымалася забіць дастаткова галоў. І дыскурс пра светлую будучыню, дзе ўсё дакладна будзе інакш і лепей.
Так яно было б і гэтым разам. Паслухалі б, адзінагалосна прагаласавалі б па асноўных пунктах павесткі — дый раз’ехаліся, папярэдне падсілкаваўшыся на традыцыйным фуршэце. Аднак рэчаіснасць пераўзышла самыя смелыя чаканні. Федэрацыя на чале з палкоўнікам ад артылерыі Уладзімірам Базанавым выкаціла на ўсеагульны агляд канцэпцыю развіцця футбола ў краіне да 2028 года. Цэлы «талмуд», таўшчыні якога — больш за сотню старонак — пазайздросціў бы нават раманіст Віктар Марціновіч.
Не будзем аналізаваць усю гэтую творчую плынь, і тым больш цытаваць асабліва трапныя фармулёўкі прэзентаванага «плана Маршала». Не будзем і надта кпіць з таго, што ў стратэгіі–2021/2028 беспрэцэдэнтна заўважнае месца заняў ідэалагічны складнік — маўляў, бракуе нашым футбалістам «адзінага патрыятычнага духу», а тое б даўно ўсіх парвалі на лапікі.
Гэта ўсё вельмі банальна, бо ў нас жа так паўсюль: як нешта ідзе не так, то, канешне, патрэбны палітрук з палымяным позіркам. Каб патлумачыў міжнародную абстаноўку, навучыў любіць радзіму і спяваць гімн, распавёў пра ўнутраных і знешніх ворагаў. Гэтым ужо нікога не здзівіш. Вунь Наталля Качанава цытуе студэнтам вытрымкі з легендарнага плану Далеса. То на гэтым злавесным фоне ўстаноўкі БФФ абстрактна патрыятычнага кшталту (кшталту «гуляць за краіну» альбо «падвышаць ідэалагічны ўзровень гульцоў») выглядаюць яшчэ даволі дыетычна. Маглі б і больш пашчыраваць на гэтай жыватворнай ніве.
Галоўнае ж, што зрабіла «дарожную карту» ад БФФ мацнейшай за «Фауста» Гётэ, палягае ў іншым. Не ў ідэалагічнай плоскасці, а строга ў практычнай. Як выявілася, у канцэпцыі развіцця старанна прапісаныя вынікі, якіх у бліжэйшыя гады павінны дасягнуць беларускія зборныя.
Вынікі такія, што галавакружэнне ад будучых поспехаў, пачынаецца ўжо цяпер.
Усе хады запісаныя
Дык што ж гэта за памкненні па пакарэнні футбольнага космасу? Загінайце пальцы. Пачнём з галоўнага — з сацабавязацельстваў, якія наканавана выканаць нацыянальнай зборнай Беларусі.
Вы, вядома, памятаеце, што ў апошніх адборачных турнірах да чэмпіянатаў свету і Еўропы беларусы спрэс фінішавалі ў хвасце сваіх кваліфікацыйных груп. Ці апошнімі, ці перадапошнімі, ці трэцімі з канца — карацей, на аўтсайдарскіх прыступках, саступаючы грандам-фаварытам часцяком з буйным лікам і без аніякіх шанцаў. Дык вось: росчыркам пяра ў офісе федэрацыі гэтай практыцы пакладзены рашучы канец. Адсюль і далей мы будзем гуляць па-іншаму — і перамагаць.
Ужо ў бягучым розыгрышы, які беларуская зборная распачала натужлівай дамашняй перамогай над другім складам Эстоніі і ганебнай, самай буйной у гісторыі паразай у Бельгіі 0:8, нам патрэбна заняць месца не ніжэй за другое. І, адпаведна, выйсці ў плэй-офф, каб пазмагацца за пуцёўку на Чэмпіянат свету–2022.
Стаць другімі ў групе, дзе сярод супернікаў Бельгія (1-е месца ў сусветным рэйтынгу), Уэльс (18-е) і Чэхія (42-е), — гэта, па меншай меры, подзвіг. Ужо таму, што мы ў тым самым рэйтынгу стаіліся, як тыгр перад скачком, аж на 88-й пазіцыі. Стаць другімі, згодна з афіцыйнымі дэкларацыямі БФФ, — гэта яшчэ і подзвіг паводле раскладу, як у барона Мюнхгаўзена.
Гучыць дзіўна? Падаецца блазнотай і палётам хваравітай фантазіі? То прышпіліце рамяні — рухаемся далей.Цяпер выхад у плэй-оф з другога месца будзе ніжэйшай мяжой у выступах зборнай Беларусі. Ля яе, гэтай мяжы, яна перакантуецца яшчэ дзве кваліфікацыі (ЧЕ–2024 і ЧС–2026), каб затым, атрымаўшы ад кіраўніцтва зарад бадзёрасці і рашучасці, сігануць яшчэ вышэй. І трыумфальна, упершыню ў гісторыі, прабіцца на топ-турнір — паехаць на чэмпіянат Еўропы ў 2028 годзе.
Ну, а што? Усё на паперы пад пячаткай. Як у таго аднавокага шахмаціста, усе хады запісаныя. Кантора піша.
І жанчыны таксама
Спусцімся ніжэй па сходнях нацыянальнай футбольнай іерархіі. І заўважым, што ў маладзёжнай зборнай абяцанкі-цацанкі такія ж неверагодныя. Спачатку хлопцы, не старэйшыя за 21 год, рэзка палепшаць вынікі адборачных турніраў, потым патрапяць у фінальную стадыю чэмпіянату Еўропы, і нарэшце — бі, барабан! — заваююць права на ўдзел у Алімпійскіх гульнях. Паводле фантазійнай канцэпцыі, гэта здарыцца ў тым жа 2028-м годзе, калі, мяркуючы па ўсім, беларусы зайграюць у футбол як бразільцы.
Так, на Гульні наша «маладзёжка» ўжо ездзіла — у 2012-м. Тады, праўда, загадзя закладваць такія поспехі ў перспектыўныя планы саромеліся, бо маветон, дый людзі засмяюць. Але ж часы змяніліся, то далоў ілжывую сціпласць. І не бяда, што за апошні дзясятак гадоў на маладзёжным узроўні беларускі футбол зусім загібеў. Што даўно ўжо боўтаецца на мелкаводдзі, не прэтэндуючы ані на якія дасягненні. І што не далей, як у верасні, «маладзёжка» ганебна «згарэла» ў Жодзіне галандцам з нефутбольным лікам 0:7.
Не бяда, бо тады ж у нас ровара не было, як у паштальёна Печкіна. Цяпер ровар нашы офісныя кулібіны вынайшлі, то і справа будзе ладзіцца. Нягледзячы нават на тое, што ў гэты панядзелак беларуская каманда U-21 ужо паспрабавала рухацца ў рэчышчы новай амбітнай стратэгіі — ды прайграла «ў адну касу» таварыскі матч грузінскім аднагодкам 1:4.
Ну і, нарэшце, згодна з канонамі гендарнай роўнасці, зазірнем, што там рыхтуе будучыня для жаночай зборнай. Ды ўсё тое ж квітненне, ружовыя мары і ружавыя пахі.
Гэта цяпер нашы дзяўчаты прайграюць нарвежкам 1:7 і фінішуюць другімі з канца. Гэтую старонку вырашана перагарнуць, а далей — толькі наперад і з песняй. У трох бліжэйшых кваліфікацыях беларускі абавязкова не апусцяцца ніжэй за другое месца ў групе, а потым — так-так, у гераічным 2028-м — здабудуць права на ўдзел у чэмпіянаце Еўропы.
Рэжым крутога мэна
Барон Мюнхгаўзен быў чараўнік, і мог сабе дазволіць подзвігі паміж абедам і вячэрай. Нашы ж спартыўныя функцыянеры да Гары Потэра, мякка кажучы, не падобныя. Дык што за муха іх укусіла ці што за воўк здох у лесапаласе за Домам футбола, калі шматпакутнаму беларускаму футболу кіраўнікі раптам напрагназавалі поўныя порткі гістарычных перамог?
У нас вырасла геніяльнае пакаленне гульцоў? З’явіліся трэнеры калібру Гвардзіёлы і Мурынью? Ці на запрашэнне таго ж Гвардзіёлы знайшліся грошы, і ён назаўтра прыедзе і ўсіх навучыць?
Не, не і яшчэ раз не. Ніякіх матэрыялістычных перадумоваў для футбольнага прарыву ў Беларусі не спарадзілася. Як траплялі нашы хлопцы (не ў крыўду) па мячы цераз раз — так і дагэтуль трапляюць. Федэрацыя кідаецца гучнымі лозунгамі з іншай прычыны. Дакладней — з некалькіх прычын, пра якія няцяжка здагадацца.
Па-першае, блеф — гэта ўласцівасць прэферансістаў. Чым болей ты ўчора прайграў, тым болей ты сёння мусіш блефаваць. Цяперашняя адміністрацыя БФФ у мінулым годзе прайграла ўсё, што было нажытае непасільнай працай. Клубы праваліліся ў еўракубках, «маладзёжка» праваліла адбор, нацыянальная зборная — і гэта галоўнае — ушчэнт сканфузілася ў стыкавым матчы з грузінамі за льготную пуцёўку на EURO праз Лігу нацый. Логіка прэферанса выбару тут не пакідае: трэба блефаваць і абяцаць адыграць усё, і нават з запасам. Каб мала нікому не падалося.
На прафесіяналаў з футбольнага грамадства такі танны папулізм наўрад ці зрабіў моцнае ўражанне. Аднак фокус у тым, што ад меркавання прафесіяналаў у нас мала што залежыць (і не толькі ў футболе). Кіраўніцтва БФФ шмат гадоў калі не прызначаецца, то ўзгадняецца ў адміністрацыі Лукашэнкі, а там аглушальныя заявы любяць.
Тым больш — па-другое — такія манеры ўвогуле лёгка ўпісваюцца ў сённяшні стэрэатып паводзінаў вышэйшых чыноўнікаў. Гэты стэрэатып можна назваць проста: рэжым крутога мэна. А круты мэн нікому спуску не дае.Таму, калі рабіць уласную вакцыну ад каронавірусу — то абавязкова лепшую ў свеце. Калі пагражаць пратэстоўцам — то ўсім да аднаго, і добра, калі адміністрацыйнай адказнасцю. Калі пікіравацца з амбасадай ЗША, то, безумоўна, са здзеклівай прапановай дапамагчы з сельскай гаспадаркай у Алясцы.
Дык і з футболам пад гэтую дудку самы час замахнуцца на Вільяма нашага Шэкспіра. Добра кладзецца ў трэнд. Як гэта яшчэ Акадэмія навук не пабажылася штурмануць Нобелеўку ў бягучай пяцігодцы, а новая трупа Купалаўскага — парваць Брадвей у наступным сезоне?
Гаварыць лозунгамі ў парадыгме ненахіляльнасці — гэта ў стылі крутога мэна. Галоўнае пры гэтым — не заўважаць, як іншыя ў той жа час спакойна і немітусліва робяць справу і пакрысе прагрэсуюць. І чатырохмільённая Харватыя становіцца другой на чэмпіянаце свету — а такія ж невялікія Албанія, Ісландыя, Уэльс, Фінляндыя, Македонія і іншыя кожны сваёй сапай дасягаюць топавага ўзроўню.Без аніякіх канцэпцый, стратэгій і іншых пантоў.
Фота abff.by