На 43-м годзе жыцця загінуў экс-хакеіст Канстанцін Кальцоў — бойфрэнд Сабаленка
Загінуў экс-хакеіст зборнай Беларусі і памочнік трэнера расійскага «Салавата Юлаева» Канстанцін Кальцоў. Гэтую інфармацыю «Люстэрку» пацвердзілі дзве не звязаныя паміж сабой крыніцы з блізкага атачэння спартсмена.
Дакладныя абставіны гібелі Канстанціна Кальцова нам пакуль не вядомыя. Паводле наяўнай інфармацыі, ён загінуў у ЗША. Там, нагадаем, жыве тэнісістка Арына Сабаленка, з якой сустракаўся хакеіст. Па стане на 00.00 19 сакавіка ў «Інстаграме» спартсменкі інфармацыі аб гібелі Кальцова не было.
Кальцоў — выхаванец мінскага «Юнацтва». Гуляў на пазіцыі нападніка. У 1999 годзе ён быў абраны «Пітсбургам» у першым раўндзе драфта пад 18-м нумарам. Усяго ў НХЛ правёў 144 гульні, у якіх набраў 38 (12+26) ачкоў. Шмат гадоў выступаў на высокім узроўні ў Расіі. Ва ўфімскім «Салаваце Юлаеве» ў 2008-м стаў чэмпіёнам Расіі, а ў 2011-м — уладальнікам Кубка Гагарына. За зборную Беларусі згуляў на дзвюх Алімпіядах і дзевяці чэмпіянатах свету ў наймацнейшым дывізіёне.
Кальцоў завяршыў выступленні ў 2016-м у складзе мінскага «Дынама». Затым кансультаваў будаўнічую кампанію, якая ўзводзіла дзве арэны ў комплексе «Алімпік Парк».
Трэнерскую кар'еру пачаў у мінскім «Дынама», асістуючы Гордзі Дуаеру. Потым была самастойная праца ў «Брэсце» і «Дынама-Маладзечна». Пасля гэтага Кальцоў вярнуўся ў КХЛ: адзін сезон ён быў памочнікам галоўнага трэнера ў маскоўскім «Спартаку» і два ў «Салаваце Юлаеве». У сезоне-2023/24 уфімскі клуб прайграў у 1/8 фіналу плэй-оф.
18 сакавіка хакейнае агенцтва Winners у тэлеграм-канале паведаміла, што Кальцоў не падоўжыць дамову з «Салаватам Юлаевым» і працягне працу ў іншым клубе.
Раніцай 19 сакавіка пра смерць Кальцова паведамілі ў Беларускай федэрацыі хакея і прэс-службе «Салавата Юлаева».
«З глыбокім смуткам паведамляем, што пайшоў з жыцця трэнер «Салавата Юлаева» Канстанцін Кальцоў. Ён быў моцным і жыццярадасным чалавекам, яго любілі і паважалі гульцы, калегі, заўзятары. Канстанцін Яўгенавіч назаўжды ўпісаў сябе ў гісторыю нашага клуба. Кальцоў выйграваў чэмпіянат Расіі і Кубак Гагарына ў складзе «Салавата Юлаева», прарабіў велізарную працу ў трэнерскім штабе каманды», — сказана ў заяве уфімскага клуба.
Таксама пра смерць былога хакеіста паведамілі ў мінскім «Дынама».
Абставіны смерці не паведамляюцца.
Як адзначае «Наша Ніва», Кальцоў загінуў у Маямі (штат Фларыда). Незразумела, што магло адбыцца, і даступная інфармацыя абмежаваная.
Паведамляецца, што Кальцоў загінуў у ДТЗ у Маямі, дзе збіраўся ў пятніцу наведаць матч другой ракеткі свету Арыны Сабаленка. У Маямі ў пятніцу стартуе прадстаўнічы тэнісны турнір.
Канстанцін Кальцоў — ужо трэці беларускі хакеіст з заўважным вопытам у НХЛ, чыё жыццё склалася трагічна.
У 2011 годзе ў авіякатастрофе загінуў выбітны беларускі гулец Руслан Салей. Яму было 36 гадоў. Гэта адбылося ў Расіі, дзе Салей гуляў за яраслаўскі «Лакаматыў». У тым годзе сезон у НХЛ не адбыўся праз разнагалоссі паміж прафсаюзам хакеістаў і дырэктаратам лігі. Большую частку зааакеанскай кар’еры Руслан Салей правёў у «Анахайме». Пазней гуляў за «Фларыду», «Каларада» і «Дэтройт».
У 2019 годзе пайшоў з жыцця 50-гадовы трэнер Уладзімір
Цыплакоў. Паводле адной з версій, прычынай стаў суіцыд. У НХЛ Цыплакоў
выступаў за «Лос-Анджэлес» і «Бафала».