Аўтар «Прэсбола» пашкадаваў, што БТ не пачало красьці спартовыя трансляцыі раней

Аўтар «Прэсбола» Сяргей Вярсоцкі на старонках выдання выказаўся пра трансляцыю матчаў Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі па тэнісе дзяржаўным тэлеканалам «Беларусь-5» з парушэннем аўтарскіх правоў. Пра гэта паведамляе «Тр*буна».

20230127175234.jpg

«Зусім раптоўна, без маштабных анонсаў і змяненняў у праграме перадач тэлеканал «Беларусь 5» паказаў у запісе паўфінальныя матчы Australian Open з удзелам Азаранкі і Сабаленкі. А пазней у прамым эфіры — і пераможны фінал першай ракеткі Беларусі.

Айчынныя аматары тэніса не чакалі такога павароту падзей. Усе два тыдні турніру яны глядзелі матчы на канале «Еўраспорт», якому, уласна, і належалі асноўныя правы на паказ турніра ў Старым Свеце. З улікам таго, што на «Беларусь 5» прафесійныя турніры не паказвалі ўжо даволі даўно, на падобны сюрпрыз ніхто не разлічваў. Ды і самі журналісты не спяшаліся растлумачыць сітуацыю. Толькі перад фіналам тэлеграм-канал Агенцтва тэлевізійных навін намякнуў на прынцып трансляцыі сігналу. І паведаміў аб адкрыцці нейкага рублёвага рахунку за гэты паказ.

Як аказалася, у Беларусі з 3 студзеня працуе закон пад нумарам 241-3 «Аб абмежаванні выключных правоў на аб'екты». Гэты дакумент «дапускае выкарыстанне аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці без згоды (дазволу) праваўладальніка або арганізацыі... з замежных дзяржаў, якія ажыццяўляюць недружалюбныя дзеянні». Такімі аб'ектамі лічацца камп'ютарныя праграмы, аўдыёвізуальныя і музычныя творы, перадачы арганізацый вяшчання.

Застаецца шкадаваць, што Палата прадстаўнікоў, якая прыняла гэты закон, разгойдвалася так доўга, ратыфікаваўшы яго толькі 20 снежня. Спрацу яна больш аператыўна, беларускаму народу яшчэ ў лістападзе зладзілі б свята футбола — тэлетрансляцыю ўсіх матчаў ЧС-2022», — напісаў Вярсоцкі.

Нагадаем, праз санкцыі беларускае тэлебачанне не мае права на трансляцыю шмат якіх сусветных спартыўных спасборніцтваў. І сапраўды, футбольны чэмпіянат свету напрыканцы мінулага года ў Беларусі па тэлевізары не паказвалі. Заўзятары, каб пабачыць гульні ЧС, былі вымушаны шукаць у сеціве пірацкія трансляцыі, альбо карыстацца паказам на сайце ФІФА.

Пасля беларускія тэлевізійшчыкі пачалі наўпрост красьці карцінку ў замежных тэлеканалаў. У выпадку з Адкрытым чэмпіянатам Аўстраліі па тэнісе гэта была карцінка «Еўраспорта», лагатып якога ў Мінску перакрывалі лога канала «Беларусь 5». Пра рэакцыю на гэта праваўладальнікаў з «Еўраспорта» нічога не вядома. Выглядае, што і надалей БТ будзе займацца крадзяжом чужога, бо саромецца ўжо няма чаго.