Галоўнае не прамываць дзецям мазгі дзяржпрапагандай

Сёння ў беларускіх школах дзяжураць супрацоўнікі міліцыі, уведзеныя пасады палітрукоў, а для працы настаўнікам неабходная даведка з міліцыі аб непрыцягненні да адміністратыўнай адказнасці.

_szkola___adukacyja___ruiny___stanoviszcza___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__10__logo.jpg

“У школе галоўнае якасна вучыць дзяцей”

Лілія Гусарава адпрацавала два гады ў сталічнай гімназіі №17, у 2021 годзе была вымушаная з’ехаць з Беларусі праз пагрозу пераследу. Цяпер выкладае беларускую мову і літаратуру ў анлайн-школе Анастасіі Шпакоўскай.

Як бы вы ахарактыразавалі працу ў дзяржаўнай школе?

— Шчыра кажучы, пачуцці дваістыя. Было і добрае, але было вельмі шмат негатыўнага, такія рэчы, якія адкладаюцца глыбока ў памяці, і па сённяшні дзень усплываюць непрыемныя адчуванні.

Было некалькі гідкіх для мяне выпадкаў. Першы быў на зімніх канікулах — у гэты час настаўнікі працуюць 6 дзён. Мне ў пятніцу, недзе каля восьмай гадзіны вечара, напісала завуч, сказала, што трэба заўтра — у суботу — прыходзіць у працоўным адзенні, бо будзем чысціць снег. Я вырашыла не адказваць на гэта паведамленне, бо ўжо вечар. Яна пачала мне названьваць, адпаведна, я не брала слухаўку, бо маю прынцып не адказваць на працоўныя званкі ў такі позні час. Да таго ж прынцыпова вырашыла не чысціць снег: я вытраціла восем гадоў на адукацыю (4 у педкаледжы і 4 ва ўніверсітэце) не для таго, каб падпрацоўваць дворнікам.

Калі я раніцай прыйшла, мяне ўжо чакала адміністрацыя. Пачаўся стандартны ціск, маўляў вось настаўнікі з катэгорыямі ідуць, а я толькі пасля вучобы і адмаўляюся, што я толькі адны праблемы ствараю. Але я вырашыла, што б мне там не сказалі — я не пайду. Гэта адбывалася ўжо пасля таго, як я адсядзела на сутках, і ўся гэта сістэма ў мяне асацыявалася з рэжымам, не хацелася дапамагаць і ўдзельнічаць у гэтым. Таксама абурала тое, як лёгка многія настаўнікі пагаджаліся на розныя сумнеўныя мерапрыемствы дзеля адгулаў на канікулах. Напрыклад, схадзіць на ідэалагічную імпрэзу ад “Белай Русі” ці прафсаюза за адзін выходны. Я не ведаю ніводнага настаўніка, хто б не ўдзельнічаў у гэтым у маёй гімназіі.

Таксама мяне настойліва ўцягвалі ў прафсаюз: тры дні за мной хадзілі, спакушалі рознымі “плюшкамі”, маўляў і грошы нейкія там будуць дадавацца, прэстыж, рэйтынг школы і так далей, нібыта я дурная і не ведаю, што да чаго.

Ну і наогул мы займаліся не непасрэдна адукацыяй, а паперкамі, нейкімі конкурсамі, якія ўсе аднатыпныя і не цікавыя дзецям. Розныя конкурсы яны збольшага не для дзяцей, а для настаўнікаў. За іх налічваюцца пэўныя балы, што ідуць у рэйтынг школы, таму адміністрацыя прымушае абавязкова браць удзел.

Настаўнікі безабаронныя: атрымліваюць ад усіх: і ад адміністрацыі, і ад бацькоў, і часам ад вучняў. Быў такі выпадак, калі вучань не зрабіў хатняе заданне па беларускай літаратуры, я паставіла яму двойку ў электронны журнал. Ужо сыходзіла з працы, стаяла на прыпынку, мне тэлефануе бацька гэтага вучня і пытае, чаму такая адзнака. Я патлумачыла, ён пачаў казаць, што ўчора яны рабілі дамашняе заданне і я не маю рацыі. Але мне дзіцёнак сказаў, што не гатовы. Бацька вырашыў прыехаць у гімназію, каб пагутарыць са мной і дырэктарам, настойваў, каб зрабіць гэта ў той жа момант, хоць я была нават не ў школе. Прапанавала яму сустрэцца ў панядзелак. “Не, я цярпець гэтага не буду!” — быў адказ. У панядзелак мне паведамілі, што да мяне прыйдуць на ўрок, глядзець, як я яго праводжу, правяраць. Такая форма пакарання, можна сказаць.

Наогул жа ў мяне былі добрыя адносіны з калегамі. Асабліва з настаўнікамі беларускай мовы. Адзінае вось, што не склаліся з завучам. Я хамства не пераношу на дух, адразу хочацца даць здачы. А для іх хамства — гэта падыход да працы.

photo_2023_02_05_19_53_24_logo.jpg


— Увосень 2020 года вы адседзелі 14 сутак за ўдзел у маршы. Як у школе да гэтага паставіліся?

— Мяне запрашалі на размову ў кабінет дырэктаркі. Адчувалася, што яна хвалявалася за сваё месца, але я не адчула вельмі моцнага негатыву да сябе. Напэўна, проста не было загаду зверху мяне звальняць. Да таго ж раскідвацца настаўнікамі беларускай мовы — такое сабе: яны, на колькі ведаю, па сённяшні дзень не могуць мне замену знайсці на пастаянную аснову.

Пакуль я сядзела, прыходзілі бацькі маіх вучняў, заступаліся за мяне, прасілі, каб не звальнялі.

Асаблівых пагроз не было, проста дурацкія размовы. Адна з такіх скончылася тым, што дырэктарка спытала ў мяне: “Можа быць, вашым бацькам патэлефанаваць?”. Прабачце, мне ўжо было 24 гады, што, цікава, яна збіралася казаць маім бацькам? Нават не ўяўляю такой размовы. Гэта проста смешна.

А вось настаўнікі мяне падтрымалі, нават грошы сабралі. Вельмі моцна падтрымлівалі бацькі вучняў — гэта прыемна ўражвала.

Напісала для адміністрацыі распіску, што нясу адказнасць за свае дзеянні, і разумею наступствы. Дырэктарцы гэта не вельмі спадабалася, яна чакала нечага кшталту “клянуся больш не хадзіць ні на якія мітынгі”. Але я такога не пісала.

— На сённяшні дзень падтрымліваеце стасункі з калегамі, вучнямі?

— Так, сазвоньваемся з некаторымі калегамі, часта перапісваюся і з вучнямі, і з іх бацькамі, з некаторымі нават сустракаліся нядаўна ў Варшаве, гэта было вельмі прыемна і цёпла.

Калі я ўжо вырашыла, што з’еду з Беларусі, сустрэла ў калідоры школы маці адной з вучаніц, паведаміла ёй пра сваё рашэнне, яна нават расплакалася і сказала, што ёй вельмі шкада, што я з’язджаю. Мне і самой было шкада…

Цяперашняя мая праца зусім іншая. У анлайн-школе пачала працаваць у 2020 годзе пасля турмы. Бо ўсе думалі, што мяне звольняць, і мне сябры пачалі шукаць працу, пакуль я яшчэ на сутках была. Калі я пачала працаваць паралельна з дзяржаўнай школай, то мне далі толькі адзін клас. Праводзіла ўрокі ў гімназіі, вярталася дадому, брала ноўтбук і праводзіла тут заняткі ўжо. Праз некалькі месяцаў далі яшчэ адзін клас. Гэта была вельмі добрая падтрымка для мяне.

Мне спадабалася там адразу: ты працуеш непасрэдна з дзецьмі і ўсё. Ніякіх дзіўных паперак, толькі журнал вядзі. Ніякіх бессэнсоўных сходаў. А, галоўнае, у гімназіі я пастаянна адчувала стрэс. На які б сход не ішла, адчувала сябе вінаватай, быццам зараз прыйду і мне зноў будуць выгаворваць: недастаткова напісала прац, недастаткова ўзяла конкурсаў… Тут жа, у прыватнай школе, нічога не патрабавалася, апроч таго, каб якасна вучыць дзяцей.

Зараз у мяне тры класы: шосты, сёмы і восьмы. Канечне, у працы анлайн ёсць свае плюсы і мінусы. З аднаго боку, там не шмат дзяцей, напрыклад, у мяне ў шостым класе 11 чалавек вучыцца, а ў мінскіх школах бывае і больш за 30 у адным класе, да таго ж вялікі плюс, звязаны з тым, што дзеці, асабліва малодшыя школьнікі, любяць паразмаўляць, часам гэта пераходзіць у гудзёж проста… Дык вось у анлайне можна проста выключыць мікрафон такім гаварунам. У мяне такое бывае вельмі рэдка, але гэта працуе і дапамагае падтрымаць дысцыпліну мінімальнымі высілкамі. Таксама не губляеш час на дарогу, гэта ўсё ж істотна. З іншага ж боку, ты не бачыш вучняў нажыва. Для мяне гэта вельмі важна: хочацца ўсё ж мець зрокавы кантакт, адчуваць рэакцыю, увогуле фізічная прысутнасць на ўроку — вельмі важная рэч.

Атэстат, дакументы ў нашай школе ўкраінскага ўзору, бо была яна запачаткаваная ў Кіеве. Выкладаюць украінскую мову і замежную літаратуру па ўкраінскіх праграмах, адпаведна настаўнікі ёсць з Украіны.

— Вы б хацелі вярнуцца ў Беларусь? Ці пайшлі б працаваць у дзяржаўную школу ў новай Беларусі?

— Так, вярнуцца дадому — гэта мая мара нумар адзін. І ў школу б я хацела вярнуцца, але пры ўмове, што будуць рэформы ў галіне адукацыі. Рэформы маюць быць сапраўды грунтоўныя, вельмі шмат над чым ёсць працаваць у гэтым кірунку. 


“Улетку кожная шостая школа Мінска засталася без дырэктара”

Анжэла (імя змененае ў мэтах бяспекі) працуе ў адной са сталічных школ ужо сёмы год.

— Калі параўнаць школу сённяшнюю з той, якой яна была, скажам, два гады таму, ці моцна адчуваюцца змены?

— Цяжка сказаць адназначна, што змянілася, бо мяняецца нешта кожны дзень, асабліва шалёны ў гэтым сэнсе апошні год: пасля жнівеньскага пасяджэння ў педагога нумар адзін, які там загадаў перагледзець уступныя ўмовы ў ВНУ. Таму цяпер у нас не ЦТ з выпускнымі экзаменамі, а ЦЭ — цэнтралізаваны экзамен. Мне насамрэч дужа шкада цяперашніх адзінаццацікласнікаў. Безумоўна, трэба было пачынаць усе новаўвядзенні з першага верасня ўжо наступнага навучальнага года, каб за год усё абдумаць, абкатаць. А тут па сутнасці, людзі толькі вось месяц таму даведаліся і тое ў агульных межах, як яны будуць паступаць ва ўніверсітэт. Спачатку думалі, што абавязковая для ўсіх матэматыка, потым аказалася, што не.

Людзі не разумеюць, што будзе, як ім рыхтавацца. Ужо, сведчаць мае вучні, хто хадзіў на рэпетыцыйныя этапы, што вельмі лёгкія заданні, у параўнанні з папярэднімі гадамі. Можа, яны тамі чынам намагаюцца зрабіць пэўны баланс: маўляў, у вас менш часу і магчымасцяў на падрыхтоўку, але вось тэсты будуць прасцейшымі. Але ці ёсць з гэтага карысць для саміх вучняў — мне сказаць цяжка.

Калі казаць пра агульную арганізацыю навучальнага працэсу, то я ведаю — гучалі такія кулуарныя лічбы — што ўлетку кожная шостая школа Мінска засталася без дырэктара. Па размовах з калегамі, сапраўды пацвярджаецца: кажуць многія, што ў іх ці няма дырэктара, ці новага паставілі нядаўна. Такія змены, вядома, на карысць школам не ідуць.

Што тычыцца выхаваўчага працэсу, то не сакрэт, што цяпер абавязковыя лінейкі праводзяцца: не толькі 1 верасня, але і на ўсе дзяржаўныя святы, у пачатку і канцы кожнай чвэрці. Лінейка з вынасам сцяга чырвона-зялёнага, у лепшых савецкіх традыцыях. Некаторыя школы — то нават бачна па іх сацыяльных сетках — проста ірвуцца гэта выконваць і нават перавыконваць. Да таго ж на лінейкі часам запрашаюць салдат, курсантаў.

Таксама паказальны момант: падчас адной з нарад казалі: “Звяртайце ўвагу, каб дзеці не малявалі на партах “Слава Украіне” і ўсё такое”. Такая прамова была, нібы сёння напіша вучань пра Украіну, а заўтра прынясе гранату ў школу і здзейсніць тэракт. Я не магу пакуль зразумець, да чаго гэта можа ўрэшце прывесці, але прадчуванні не надта добрыя.

Але пры гэтым я не хачу сыходзіць са школы. Як бы ні было ў краіне, у свеце, дзеці павінны вучыцца, атрымліваць веды, рыхтавацца да дарослага жыцця. Мне спакойней, напрыклад, калі я выхаваю дзяцей, нават у межах гэтай сістэмы, чым прыйдзе ўмоўны таварыш палкоўнік і будзе прасоўваць лінію партыі. Канечне, стараемся не ўносіць нейкай палітычнай афарбоўкі, ну хаця б тое, што за гэта можа выдацца. Але і ў межах вершаў пра прыроду можна выхоўваць сумленных людзей. А сумленныя людзі, людзі з аналітычным розумам — яны самі ўсё зразумеюць. Усё ж такі ніхто ў наш сучасны век не абмяжуе сродкі атрымання інфармацыі, таму галоўнае не прамываць дзецям мазгі дзяржпрапагандай, а астатняе яны самі ўсё разумеюць. Часта дарослыя недаацэньваюць дзяцей, і ў гэтым галоўная памылка. І сістэмы, і ў прынцыпе ўсіх дарослых людзей.

У мяне зусім мала засталося сяброў у Беларусі, можна лічыць, што бадай і не засталося людзей, з якімі можна падтрымліваць нейкі кантакт. Таму проста не пачынаю ніякіх такіх дыскусій, разумею, калі чалавек пад уплывам дзяржпрапаганды — я нічога не дакажу. Але патраплю на кручок, што ён пойдзе і закладзе мяне куды-небудзь, мне, зразумела, гэтага не трэба. Усе ведаюць, што я маю трывалую пазіцыю.

Што тычыцца палітрукоў (тых самых “спецыялістаў па ваенна-патрыятычным выхаванні”, што не так даўно ўвялі ў школы), то, дзякуй богу, не выступаюць такімі ідэолагамі “рускага міру”, чаго я баялася. Яны хутчэй за такую савецкасць, абслугоўваюць сістэму. Зноў жа яны не крычаць “Усе ўступайце ў Белую Русь і любіце Лукашэнку”. Яны пра “Вялікую Айчынную” дзеткам распавядаюць, пра партызанаў, герояў Савецкага саюза. Пасіўна праводзяць сваю працу. Безумоўна, сваю функцыю выконваюць і нават, упэўнена, што ёсць пэўны адсотак дзяцей, на якіх гэта ўплывае, асабліва, калі дома ёсць павага да саўка: яны і ў школе гэтага дзядзьку паслухаюць, ды нешта сфармуецца ўсярэдзіне. Але я б не сказала, што гэта вядзецца вельмі агрэсіўна і настойліва, прынамсі з таго, што я бачу.

Што тычыцца адміністрацыі школы, то ніякіх жорсткіх рэпрэсій я не бачу. У той жа час, напрыклад, ведаю ад калег, якія пераходзяць у іншыя школы, што калі прыходзіў запыт на характарыстыку, то там ужо вельмі рупліва і педантычна ўсё апісвалася: падтрымліваў — не падтрымліваў, удзельнічаў — не ўдзельнічаў. Вось нібыта мы такія харошыя, мірныя, але ў характарыстыцы ніводнага моманту не забудзем.

Я б параіла крыху зменшыць хуткасць, зрабіць прыпынак, пастаяць хвіліначку і задумацца. Зноў жа: без палітыкі, без рэакцыі на падзеі ў свеце, вось калі адасобіцца ад усяго і проста задумацца пра навучанне дзяцей — а менавіта гэтым і павінна ў першую чаргу займацца адукацыя. Мне здаецца, мы ўсё ж ідзем не туды, паддаемся эмоцыям. Адзін ляпнуў, іншыя паспяшаліся выканаць. Ён сам нічога не разумее, яны не разумеюць, што ён мае на ўвазе, але ўсе імітуюць бурлівую дзейнасць, нешта мяняюць-рэфармуюць і кажуць “так лепей!”. Дык спыніцеся, людзі, і падумайце, ці сапраўды лепей! Нам, настаўнікам, не лепей, дакладна. Ну і ладна, мы і не такое перажывалі. Але ж пра дзяцей падумайце, усё ж настаўнік служыць сваім вучням. Гэта што тычыцца адукацыі.

Калі агулам па краіне казаць, то нават баюся думаць наперад. Бо ў любы момант могуць усё да гары нагамі перакуліць. Тут хутчэй вучышся адаптавацца і дзейнічаць па сітуацыі. Апошнія два гады вучаць і будуць працягваць, на жаль, вучыць менавіта аператыўна рэагаваць на сітуацыю. Таму беларуская партызаншчына жыве, трывае і нікуды не падзелася, і падпольшчыцкая справа. Мы проста на месцах кожны сам, кожны па-свойму будзем рабіць сваю справу і гэтым хоць нешта добрае прыўносіць у жыццё.