«Не разумею, чаму людзі выбіраюць для пераезду Беларусь». Гісторыя ўкраінкі, якая з'ехала з Данецка ў Мінск
Валерыя [імя зменена] толькі з чацвёртага разу змагла паглядзець інтэрв'ю Кучэры Дудзю. Калі яна чуе ад расійскіх прапагандыстаў пытанні пра «восем гадоў», то пачынае крычаць на тэлефон. Апошнія восем гадоў Валерыя пражыла ў Беларусі. Восем гадоў таму яе шчаслівая сям'я стала сям'ёй бежанцаў з Данецка, піша «Е*рарадыё».
«Я думала, проста пераседзім два тыдні ў сваякоў на моры»
Новы 2014 год сям'я Валерыі сустракала ў новай трохпакаёвай кватэры ў цэнтры Данецка. Толькі-толькі скончылі рамонт. Нядаўна нарадзілася другое дзіця. А ў красавіку 2014 года пачалося новае жыццё. Калі з'язджалі з Данецка, малодшай дачцэ не было і паўгода.
— Ніхто не чакаў, што гэта будзе нешта сур'ёзнае, ніхто не
чакаў, што гэта будзе надоўга. Мы жылі ў спакойным горадзе, ён развіваўся — і
мы проста не ўяўлялі, што ў нашым жыцці можа здарыцца вайна.
А ў канцы траўня пачаліся бамбёжкі, прылёты ў горад. Калі
пачалі бамбіць аэрапорт, муж адвёз нас да сваякоў у Севастопаль. З сабой узялі
купальнікі, дзіцячыя рэчы, памперсы і калыску. Вось і ўвесь багаж. Я думала,
проста пераседзім два тыдні на моры. Можа, месяц.
У Севастопалі я і дзеці прабылі да кастрычніка, а муж увесь
гэты час быў у Данецку. Калі пачало прылятаць па жылых раёнах, стала зразумела:
зімаваць будзем не дома.
З Данецка сям'я спрабавала выехаць у Запарожжа, у Кіеў, у
Чаркасы — не атрымалася, працы там не было. І тут мужу Валерыі прапанавалі
папрацаваць у Беларусі. Часова — на тры месяцы, але сям'і і не трэба было
больш. Валерыя была ўпэўненая, што праз тры месяцы яна ўжо вернецца ў сваю
данецкую кватэру.
— У лістападзе 2014 года мы прыехалі ў Беларусь. Кожны дзень
я думала: хутка, хутка вернемся дадому. Толькі праз год прыйшло ўсведамленне,
што дадому мы больш не паедзем.
«Не было грошай купіць хлеб і лекі для дзяцей»
Валерыя ўспамінае чэмпіянат Еўропы па футболе ў 2012 годзе. Некаторыя матчы гулялі на Данбас-Арэне. Госці з усяго свету, украінскія сцягі, песні. Украінская мова, руская мова — да 2014 года яна ні разу не сутыкалася з моўнай праблемай.
Любы стары здымак Данецка нагадвае пра шчаслівае жыццё да
2014 года.
— Да ад'езду ў мяне было стабільнае, цудоўнае жыццё.
Шыкоўная кватэра, праца, планы для дзяцей, распісаныя на шмат гадоў наперад. А
ў Беларусі бывалі дні, калі ў мяне не было грошай, каб купіць хлеб, не было
грошай, каб купіць дзецям лекі. Часам даводзілася выклікаць дзіцяці хуткую,
таму што я не магла сабе дазволіць адвесці яго ў паліклініку і заплаціць за
доктара.
Але толькі дзеці і былі падтрымкай. Я разумела, што, калі
спынюся, яны не выжывуць. Арандаваная кватэра, ніякіх запасаў грошай. І куды мы
пойдзем? Але глядзела на дзяцей і разумела, што трэба выжыць. Выжыць, а не
памерці — менавіта такімі катэгорыямі тады ўсё мералася.
Людзям, якія бягуць ад вайны, патрэбныя не толькі дах над
галавой і гарачая ежа — ім трэба дапамагчы разабрацца, куды яны трапілі і на
якую дапамогу могуць разлічваць. Як легалізавацца? Як знайсці працу?
Самой Валерыі восем гадоў таму ніхто не падказваў. Пра
магчымасць аформіць дадатковую абарону яна выпадкова даведалася праз год жыцця
ў нашай краіне. Цяпер яна дае парады новапрыбылым:
— Пачынайце з легалізацыі. Атрымайце афіцыйны дазвол на
знаходжанне ў краіне тэрмінам на 90 дзён, і за гэты час падайцеся на дадатковую
абарону.
Потым можаце пачынаць пошукі працы. Калі ў вас на руках
будзе хадайніцтва, якое пацвярджае, што вы ўжо падалі дакументы на афармленне
дадатковай абароны, кампаніі пагодзяцца разглядаць ваша рэзюмэ. Пасля гэтага
афармляйце гадавы дазвол на знаходжанне ў краіне.
Пакуль я не аформіла дадатковую абарону, маё рэзюмэ нават не
разглядалі. Напэўна, калі б я пагадзілася на некваліфікаваную працу, было б
прасцей. Я ведаю, што ў тыя гады ўкраінцаў бралі ў дзіцячыя садкі нянечкамі,
напрыклад. Але я хацела ўладкавацца па спецыяльнасці, а многія працадаўцы не
хацелі звязвацца з цяжкасцямі, якія ўзнікаюць пры афармленні на працу
замежніка.
Калі шчыра, я не зусім разумею, чаму людзі ўсё яшчэ
выбіраюць для пераезду менавіта Беларусь. Прынамсі, тыя, у каго няма ў вашай
краіне сваякоў або блізкіх сяброў. Напэўна, у той жа Польшчы іх палохае
незнаёмая мова. А менталітэт беларусаў падобны да нашага, і мова нам знаёмая.
Так, Мінск быў камфортным для жыцця горадам, але, акрамя дадатковай абароны, ніякай дапамогі для ўцекачоў у Беларусі я не знайшла.
Усё неадназначна?
У Данецку засталіся многія знаёмыя Валерыі. Жанчыны заставаліся праз мужоў, а нехта баяўся ехаць у невядомасць. У Данецку засталася і мама Валерыі. Нядаўна яна прыязджала ў госці да дачкі ў Беларусь. Валерыя чарговы раз прапанавала ёй з'ехаць, а мама чарговы раз адмовілася.
— Людзі да ўсяго прывыкаюць. За гэтыя гады мама навучылася
ўспрымаць траплянне ракеты за пяць кіламетраў ад дома як «далёкае». «Не паеду» — і ўсё.
Але ўсе гэтыя восем гадоў жыццё ў Данецку была неймаверна
складаным, а першы год быў страшны. Былі разбурэнні, былі траплянні ў вялікія
жылыя дамы, у прыватныя дамкі. У нас ёсць выпаленыя раёны, якія выглядаюць так,
як цяпер выглядае Марыупаль, як выглядае Бахмут.
А калі перастала быць так страшна, пачаліся іншыя
складанасці. Кіеў не выплачваў пенсій, не даваў падтрымкі людзям, якія
засталіся жыць на тых тэрыторыях.
Маёй маме блакіравалі пенсію. Памятаю, яна прыехала да мяне ў
госці ў Беларусь (мы тады ўжо пераехалі), а калі вярнулася дадому, аказалася,
што пенсіі больш няма. Такі самы пенсіянер, які змяніў прапіску на кіеўскую,
мог спакойна атрымліваць выплаты. Гэтае нераўнапраўе спарадзіла негатыўнае
стаўленне да кіеўскіх улад.
І калі мы ў 14-м годзе выязджалі з Данецка ў іншыя
ўкраінскія гарады, да нас было складанае стаўленне. Рознае — але ў асноўным
нядобразычлівае. Людзям, якія прыехалі з Данецкай вобласці, не здавалі кватэры,
адмаўлялі ў выплатах, блакіравалі банкаўскія карткі, пакуль яны не пададуць
дакументы пра тое, што перасяліліся.
Многія за гэты час вырашылі: не патрэбныя мы Украіне — і
добра. Часам яны вырашалі свае звычайныя бытавыя, жыццёвыя пытанні праз
Расію.
Але нягледзячы на гэтую крыўду, я не разумею, што мусіць
быць у галовах у людзей, каб апраўдваць тое, што здарылася 24 лютага. Гэта не
вызваленне Данецка.
І цяпер тое самае, што рабілі з Данецкам, здарылася з
Бахмутам, горадам, у якім жыла мая прабабуля. Я памятаю некаторыя месцы, а калі
бачу яго цяпер, у мяне мурашкі бягуць па скуры. Мне здаецца, цяпер у мяне голас
мяняецца, калі кажу пра гэта.
Валерыя гаворыць пра гэта, бо сярод яе знаёмых ёсць тыя, хто
хадзіў на арганізаваны Расіяй так званы рэферэндум. Ёсць тыя, хто радаваўся,
што Расія «нарэшце іх прыняла». А ёсць тыя, хто не верыць у абстрэлы
Расіяй украінскіх гарадоў.
— Я не ведаю, што адбываецца з людзьмі пад уплывам
прапаганды. У Данецку ў мяне засталася добрая знаёмая, дзяўчына з дзвюма
вышэйшымі адукацыямі. Яна не верыць, што Расія бамбіць Украіну. Праўда не
верыць. Яна кажа мне: «Ідзі і сфатаграфуй гэтыя абстрэлы». Яна кажа: «Едзь у Бучу і сфатаграфуй».
Я ёй расказваю, што бацька маёй сяброўкі перажыў у Бучы дні
акупацыі. А яна адказвае: у яго галюцынацыі.
Для самой Валерыі ўсё стала «адназначна», калі яна
ўпершыню ўбачыла танкі і людзей са зброяй у цэнтры свайго горада.
— Я заўсёды разумела: калі нешта ляціць у бок Данецка —
значыць, ляціць і з Данецка. Я бачыла, хто прыехаў у наш горад у 14-м годзе,
бачыла, хто займаў там кіраўнічыя пасады. І ў мяне адназначная пазіцыя: калі б
не было гэтых людзей, не было б і гэтых складанасцей.
Да таго, як пачалі бамбіць памежныя раёны, у апалчэнне з маіх
знаёмых ішлі толькі тыя, хто не мог уладкавацца ў звычайным жыцці. У мяне такія
прыклады. Хоць дапускаю, што ёсць і іншыя.
«Мяне не пакідае пачуццё віны»
Цяпер сям'я Валерыі жыве ў Польшчы. Малодшая дачка лічыць сваёй радзімай Беларусь — іншай яна не памятае. Старэйшы сын з'ехаў з Данецка, калі яму было тры гады. Толькі часам, калі ён глядзіць на старыя фатаграфіі, Валерыя заўважае ў дзіцяці ўспышкі ўспамінаў.
— І ўсё роўна дзеці ведаюць, што яны ўкраінцы. А калі
прыехалі ў Польшчу, калі пачалі сустракаць іншых украінскіх дзяцей, сталі
задаваць пытанні: мама, а чаму мы не гаворым па-ўкраінску? Мама, давай гаварыць
хаця б дома. Мне падабаецца гэтая падсвядомая любоў да сваёй радзімы.
Сама Валерыя ў Польшчы камунікуе ў асноўным з украінскай
дыяспарай. Усе хочуць вярнуцца дадому. І няважна, што ў некаторых з іх дома
больш няма.
— У многіх мужы на фронце. І на гэтых жанчын асабліва цяжка
глядзець. Я адчуваю, што яны, гледзячы на мяне, разумеюць: я магла б быць з
іншага боку. Бо я з Данецка.
Напэўна, у іх ёсць на мяне крыўда за тое, што тады людзі не
сабраліся, не адстаялі. І калі шчыра, у мяне ёсць пачуццё віны, калектыўнай
адказнасці за ўсіх жыхароў Данецка, якія тады не зразумелі, да чаго ўсё гэта
можа прывесці.
Я думаю, калі б мы ведалі, да чаго ідзе, людзі былі б
актыўнейшыя, выказвалі б сваю пазіцыю гучней. А мы думалі, што ўсё гэта —
палітычныя гульні, і палітыкі разбяруцца самі. Мяне не пакідае пачуццё віны за
тое, чаго мы не зрабілі тады.
Але я гавару за сябе. Я шкадую, што я не выйшла, што я нічога не
зрабіла. Але я ніколі не абвінавачваю іншых, бо ўсе мы ведаем, якімі могуць
быць наступствы.