Летась Турцыя экспартавала ў Расію амерыканскія тавары для патрэб арміі на дзясяткі мільёнаў долараў

У мінулым годзе Турцыя экспартавала ў Расію амерыканскія тавары, частка з якіх выкарыстоўвалася для патрэбаў расійскай арміі. Пра гэта паведамляе The Wall Street Journal.

Прэзідэнт Турцыі Таіп Рэджэп Эрдаган

Прэзідэнт Турцыі Таіп Рэджэп Эрдаган

Згодна з расследаваннем выдання, па меншай меры 13 турэцкіх кампаній экспартавалі пласмасу, вырабы з гумы і транспартныя сродкі на агульную суму не менш за 18,5 мільёнаў долараў. Пакупнікамі сталі 10 расійскіх кампаній, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.

Акрамя гэтага, за першыя сем месяцаў вайны турэцкія фірмы ў абыход санкцый адпраўлялі ў Расію ліфты, электрагенератары, друкаваныя платы і іншыя вырабленыя ў ЗША тавары на 15 мільёнаў долараў.

Раней стала вядома, што высокапастаўлены чыноўнік міністэрства фінансаў ЗША Браян Нэльсан заклікаў Турцыю і ААЭ спыніць экспарт санкцыйных тавараў у Расію.

Нэльсан сустрэўся ў Анкары і Стамбуле з прадстаўнікамі турэцкіх уладаў і прыватнага бізнесу і заклікаў да больш цеснага супрацоўніцтва з ЗША ў пытаннях гандлю з Расіяй. Вашынгтон занепакоены турэцкім экспартам амерыканскіх тавараў у абыход санкцый, аб'ёмы якога дасягаюць дзясяткаў мільёнаў долараў, заявілі ў ведамстве.

Паводле слоў Нэльсана, рост падобнага экспарту можа прывесці да «рэпутацыйных і санкцыйных рызык» ці нават страты доступу да рынкаў краін G7 для турэцкіх кампаній.

Раней на гэтым тыдні Нэльсан выступіў з падрабязнай заявай у ААЭ.

26 студзеня The Wall Street Journal са спасылкай на крыніцы паведамляла, што ўлады ЗША спрабуюць націснуць на Анкару з мэтай спынення палётаў у Турцыю самалётаў амерыканскай вытворчасці, якія належаць расейскім авіякампаніям.

Турэцкая кампанія Havas, якая займаецца абслугоўваннем самалётаў, папярэдзіла авіякампаніі Расіі, Беларусі і Ірана пра рызыкі прыпынення абслугоўвання самалётаў, якія трапілі ў санкцыйны спіс ЗША. Паведамлялася, што ў гэты спіс трапіла 170 самалётаў расійскіх авіякампаній.