Аляксандр Глеб стаў чальцом савета дырэктараў «Тарпеда-БелАЗ»

Вядомы беларускі футбаліст Аляксандр Глеб увайшоў у савет дырэктараў ФК «Тарпеда-БелАЗ», паведамілі ў клубе.

gleb.jpeg


Пра новае месца працы 40-гадовага Глеба стала вядома з паведамлення аб першай трэніроўцы «Тарпеда-БелАЗ» у 2022 годзе, піша Смартпрэс. «Перад яе пачаткам дырэктар клуба Аляксей Юшкевіч прадставіў гульцам новага галоўнага трэнера Дзмітрыя Молаша, а той, у сваю чаргу — свой трэнерскі штаб, куды ўвайшлі Віталь Казанцаў, Валянцін Міхееў, Сяргей Верамко і Ніка Нікалаеня. Таксама павіншаваць каманду з пачаткам новага працоўнага сезону прыехаў чалец савета дырэктараў ФК “Тарпеда-БелАЗ” Аляксандр Глеб», — гаворыцца ў паведамленні клуба.

Нагадаем, летам 2021 года стала вядома, што Глеб знайшоў працу ў Бахрэйне — паўабаронца падпісаў кантракт з клубам «Халідыя».

Глеб пачаў займацца футболам ва ўзросце 6 гадоў. Выхаванец футбольнай школы СДЮШАР «Дынама» (Мінск). Ва ўзросце 17 гадоў ён падпісаў кантракт з БАТЭ з Барысава, а ў наступным годзе каманда выйграла чэмпіянат Беларусі.

Звярнуўшы на сябе ўвагу скаўтаў, Аляксандр і ягоны малодшы брат Вячаслаў у 2000 годзе з'ехалі ў Германію гуляць за «Штутгарт» у Бундэслізе. А ў ліпені 2005 года Глеб перайшоў у лонданскі «Арсенал». Пазней, у 2008 годзе, ён пачаў гуляць за «Барселону», дзе прабыў 4 гады. Выступаў за «Бірмінгем Сіці», зноў за «Штутгарт», «Вольфсбург».

У канцы кар'еры гуляў за беларускі ФК «Іслач». У сакавіку 2020 года абвясціў аб завяршэнні кар'еры футбаліста.