Жыццё па-за балотамі. Як у часы заснавання Масквы выглядалі беларускія гарады?
Напачатку красавіка спаўняецца 877 гадоў афіцыйнага заснавання расійскай сталіцы — па меншай меры, на гэтую дату — 4 красавіка — спасылаюцца расійскія гісторыкі. У Іпацьеўскім летапісе значыцца, што князь Юрый Даўгарукі загадаў узвесці град на Маскве-рацэ, а яшчэ праз дзевяць гадоў ля яе ўзбярэжжа нібыта вырасла сцяна Крамля.
«Приди къ мьнѣ, брате, въ Московъ!» — такімі словамі, паводле Іпацьеўскага летапісу, 4 красавіка 1147 года Вялікі князь Кіеўскі Юрый Даўгарукі запрасіў на ваенную нараду северскага князя Святаслава Ольгавіча. Гэты радок лічыцца афіцыйнай датай першай згадкі пра Маскву.
Летапіс сведчыць, што праз дзевяць гадоў менавіта тут, на мяжы свайго княства ля ўпадзення Масквы-ракі ў рэчку Няглінную, Юрый Далгарукі вырашыў пабудаваць горад-крэпасць:
«Князь Юрий взыде на гору, и обозре с еѣ очима своими семо и овамо (туди і сюди), по обѣ стороны Москвы-рѣки и за Неглинною, возлюби села оные и повеле вскорѣ соделаты градъ малъ, деревянъ и нарече его Москва-градъ».
Вядома, расійцы ўсяляк спрабуюць павялічыць тэрмін існавання сталіцы: ад адносна адэкватных версій са старажытнымі селішчамі на месцы сучаснай Масквы да абсалютна абсурдных ідэй накшталт заснавання града ўнукам Ноя адразу пасля Вялікага Патопу.
Так, паводле вар’яцкіх спроб сказіць гісторыю, Мосах — сын Іяфета і ўнук Ноя, назваў заснаваны ім горад у гонар ракі, якая праз яго працякала, а назва ракі, у сваю чаргу, складаецца з яго ўласнага імя (Мос) ды імя яго жонкі (Ква).
Вельмі нечакана, але нават на афіцыйным сайце Масквы mos.ru адзначаецца, што і афіцыйныя даныя па першых згадках пра горад дужа расплывістыя і недакладныя.
«На самой справе ніхто не ведае, як менавіта выглядаў князь, і гэтае месца ў цэнтры сталіцы, як і многія іншыя вуліцы, плошчы і двары, — спалучэнне легенд, гістарычных рэалій, чалавечых лёсаў і змены ідэалогій», — адкрыта піша выданне.
Калі прытрымлівацца перапісаў насельніцтва, якія праводзіліся ў Залатой Ардзе, то Масква была заснавана не ў 1147 годзе, а значна пазней. Першы перапіс насельніцтва прайшоў у 1237-1238 гадах, а другі ў 1254-1259 гадах — у абедзвюх дакументах адсутнічаюць будзь-якія звесткі аб Маскве. Горад з'явілася толькі ў трэцім золата-ардынскім перапісе, які праводзіўся ў 1272 годзе. Па гэтай прычыне шматлікія гісторыкі лічаць пачаткам заснавання Масквы менавіта гэтую дату.
Дадзенай версіі прытрымліваўся ў тым ліку Доктар гістарычных навук і член Украінскай вольнай Акадэміі навук Яраслаў Дашкевіч.
«Хлуснёй з’яўляецца тое, што Масква заснавана Юрыем Даўгарукім у 1147 годзе. Гэта міф, які не мае доказнага пацвярджэння. Масква як паселішча была заснавана ў 1272 годзе. У гэтым годзе быў праведзены трэці перапіс насельніцтва Залатой Арды. Пры першым перапісе (1237-1238) і другім (1254-1259) паселішча Масква не згадваецца», — пісаў ён.
Нягледзячы на пералічаныя факты, возьмем афіцыйную дату першай згадкі ў Іпацьеўскім летапісе і параўнаем маскоўскія «балоты» з тагачасным абліччам беларускіх гарадоў.
Горадня
Не ўлічваючы вядомыя дакладныя факты засваення гэтых мясцін чалавекам яшчэ ў эпоху неаліту, аб чым сведчаць знаходкі сякер ды іншага старажытнага інвентару, а таксама актыўнага засялення балцкімі плямёнамі, буйное паселішча на правым беразе Нёмана ўзнікла ўжо ў канцы X — пачатку XI стагоддзя. Размяшчалася яно, як няцяжка здагадацца, на Замкавай гары, дзе цяпер знаходзіцца адноўлены Стары замак.
Першапачаткова гарадзішча ўяўляла сабой прыродную пляцоўку, штучна ўмацаваную з паўночнага боку ровам і невысокім валам, які апаясваў пляцоўку. Па межах вала быў узведзены частакол — ён быў характэрным атрыбутам усіх гарадоў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Пераважна драўляная забудова на этапе заснавання Горадні размяшчалася хаатычна, па ўсім дзяцінцы. Пазней абазначылася ўязная вуліца, якая выводзіла на невялікую плошчу ў цэнтры паселішча. Ад яе на захад, поўнач, і ўсход адыходзілі кароткія завулкі. Паводле гістарычных крыніц ды інфаграфікі ў музеі Старога замка, на плошчы стаяў драўляны праваслаўны храм, які пазней саступіў месца каменнаму храму XII стагоддзя — Ніжняй царкве.
Патрапіць на гарадзішча можна было з усходняга боку праз браму, да якой праз глыбокі яр быў перакінуты драўляны мост. Усе, хто наведваў Горадню, дакладна ведаюць гэтае месца — за столькі стагоддзяў яно фактычна амаль не змянілася. Лічыцца, што браму дадаткова баранілі вежы.
Гарадзішча было напоўнена ўсемагчымі тыпамі збудаванняў і, можна сказаць, нават своеасаблівай старадаўняй інфраструктуры: гэта драўляныя хацінкі, больш сталыя асабнякі, стайні, свірны, адрыны ды іншыя гаспадарчыя ды пабудовы. Адзіная вуліца, якая ішла ад варот да цэнтра паселішча, завяршалася невялікім пляцам, выбрукаванай камянямі. Рэшткі гэтай старажытнай брукаванкі былі знойдзены падчас археалагічных раскопак на замчышчы.
Полацак
У 1101 годзе, за паўстагоддзя да першай згадкі пра існаванне Масквы, на ўзбярэжжы рэчак Палата і Дзвіна ўжо было завершана будаўніцтва найяскравейшага помніка архітэктуры перыяду — Сафійскага сабору. «Дыямент» незалежнасці і магутнасці Полацкага княства ўвасабляў белы карабель, які плыве па Дзвіне.
Узвядзеннем велічнай святыні па загадзе князя Усяслава Чарадзея займаліся не толькі мясцовыя жыхары, але і візантыйскія майстры. Хаця і зазвычай сярэднестатыстычны беларус уяўляе сабе Сафійскі сабор як беласнежнае барочнае збудаванне, якое мы звыклі бачыць у сеціве ці на падручніках, першапачаткова ён меў абсалютна іншы выгляд.
Святыня не толькі была выканана ў традыцыях полацкага дойлідства, але і мела характэрныя рысы візантыйскіх канонаў. Полацкая Сафія стала вядомым праваслаўным і культурна-асветніцкім храмам Бога, дзе знаходзілася найбагацейшая бібліятэка, архіў, казначэйства, магістрат, захоўваліся рэлігійныя святыні і ладзіліся прыёмы паслоў.
Агулам Полацак станам на X – XI стагоддзі быў адным з найбуйнейшых гандлёвых, прамысловых, грамадскіх і культурніцкіх цэнтраў. Плошча горада складала 1.6 км² — а гэта, з улікам характэрнай шчыльнасці забудовы, вельмі значныя лічбы.
Шматлікія беларускія гарады адрозніваліся надзвычайным развіццём і дасягненнямі: напрыклад, у Тураве квітнела прамысловасць, дзейнічалі два манастыры і каля 85 цэркваў, Ваўкавыск на сучаснай Гарадзеншчыне меў шыкоўны дзяцінец на піку росквіту, шырока разбудоўваліся Віцебск, Менск, Пінск, Берасце ды іншыя гарадзішчы.