Беларусь, якая чакае: Гродна. Частка 1 (фота)
Беларусь пакідаюць яе жыхары. Бягуць ад пераследу, няпэўнасці, небяспекі аказацца ўцягнутым у вайну… А мы працягваем наш фотапраект «Беларусь, якая чакае» — дзеля тых, хто з’ехаў, і тых, хто застаўся. Наступная кропка ў нашым маршруце — горад над Нёманам, Гродна. Сюды мы выправіліся ўслед за ўспамінамі двух вядомых гродзенцаў: журналіста Андрэя Мялешкі і музыкі Алеся Дзянісава.
Сёння мы прапануем вам Гродна, якім яго памятае і любіць Андрэй Мялешка.
«Фарны касцёл, цэнтр каталіцтва ў маім родным горадзе. Любы позірк на гэтую славутасць цешыць маё сэрца.
Францысканскі кляштар на левым беразе Нёмана — тут у 2011-м мы з жонкай пабраліся шлюбам, тут хрысцілі нашых дзяцей.
У Брыгіцкім манастыры я ў свой час пазнаёміўся з Паўлам Севярынцам і Аляксеем Шэйнам, якія прыязджалі на сустрэчы з моладдзю. Таксама гэтае месца я вельмі палюбіў, дзякуючы святару Рымска-каталіцкай Царквы ксяндзу-каноніку Антонію Грэмзе, які ведае кляштар як свае пяць пальцаў і можа распавядаць пра яго бясконца.
Кляштар бернардзінцаў, што насупраць драмтэатра — адзін з самых старых каталіцкіх кляштараў у Гродне. Ён звязаны з сустрэчай з Анджэем Вайдам, які прыязджаў у Гродна каля 10 год таму.
Свята-Пакроўскі сабор на вул. Ажэшкі для мяне, у першую чаргу, асаблівы: айцец Георгі Рой і Павел Каспяровіч. А таксама абразы, што ў гэтым саборы знаходзяцца.
Каложская царква — гэта проста месца сілы для кожнага гродзенца.
Калі казаць пра іўдзейства, то варта ўзгадаць харальную сінагогу. Яна для мяне таксама звязаная з людзьмі і падзеямі: Барыс Квяткоўскі, які ладзіць экскурсіі па гэтым месцы, Руслан Кулевіч, які быў акцёрам монаспектакля па старонках дзённіка гродзенскага гета.
Цэнтр горада, вядомы дзякуючы пешаходнай вуліцы Савецкай.
Мост у вёску Ласосна мясцовыя называюць «самым доўгім у Еўропе». У імперскія часы за Ласасянкаю пачыналася Царства Польскае, а мы былі Літоўскім генерал-губернатарствам. Паміж суб'ектамі імперыі трэба было праходзіць праз мытню, кожны суб'ект меў сваю. І мытня была адразу за мостам. Таму мост трэба было праязджаць вельмі доўга, вось адсюль і назва.
Калі казаць пра знакі ў Гродне — гэта шыльда з «Пагоняй» на Новым замку і шыльда паўстанцам Каліноўскага на чыгуначным вакзале.
Працяг будзе...
Калі вы хочаце, каб мы паказалі і вашы ўлюбёныя мясціны, напішыце нам. Распавядзіце, па якіх вуліцах, раёнах, гарадах і вёсках вы сумуеце, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз чат-бот у Тэлеграме @novychas_bot, праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.