«Зялёныя чалавечкі» Сталіна ў Заходняй Беларусі
«Гібрыдная вайна» прыдуманая не Пуціным і ўпершыню апрабаваная зусім не ў Крыме.
Пасля анэксіі Расіяй украінскага Крыму і развязвання вайны на Данбасе вельмі шмат кажуць аб так званай «гібрыднай вайне» Крамля. Якая, на думку тэарэтыкаў, спалучае ў сабе
элемэнты «звычайных» баявых аперацый з дзеяннямі выведвальна-дывэрсійных падраздзяленьняў, з вайной інфармацыйнай і «кібервайной».
Тыя ж тэарэтыкі і аналітыкі сцвярджаюць, што гэта абсалютна новы від вайны. Нічога звышновага ў «гібрыднай вайне» няма. Усё гэта, у той ці іншай ступені, той ці іншай
камбінацыі элементаў, практыкавалася задоўга да з'яўлення «зялёных чалавечкаў» Пуціна ў Крыме і на Данбасе.
Але паколькі такіх тэрмінаў тады не было, у закрытых дакументах яе называлі «актыўнай выведкай», у адкрытых — партызанскімі дзеяннямі, паўстанцкім рухам ці, пазней,
народна-вызваленчай барацьбой і нацыянальна-вызваленчым рухам.
Такія аперацыі СССР часоў кіраўніцтва Сталіна праводзіў у розных кутках свету, ад Кітаю да Ірландыі.
Была ў полі дзеянняў гібрыдных войнаў Сталіна і Заходняя Беларусь.
З красавіка 1921 года па красавік 1924-га польскія ўлады зафіксавалі 259 пераходаў дзяржаўнай мяжы, учыненых атрадамі баевікоў «Разведупра» (Выведвальнай управы) Чырвонай
арміі. З красавіка па лістапад 1924 года гэтыя атрады «актыўнай выведкі» правялі ў Заходняй Беларусі, якая ўваходзіла ў склад Польшчы, не менш за 89 буйнамаштабных баявых аперацый
па дэстабілізацыі абстаноўкі.
Як лічылі аналітыкі «Двуйкі», Другога (выведвальнага) аддзела Генеральнага штаба Войска Польскага, на Палессі, у Налібоцкай, Белавескай і Гарадзенскай пушчах, а таксама на
тэрыторыі Віленшчыны ў той перыяд дзейнічала не меней за пяць-шэсць тысяч баевікоў «актыўнай выведкі» з СССР.
Прычым аперацыі «спецназу» «Разведупра» не спыніліся нават пасля скандальнага інцыдэнту ў Ямпалі, калі пераапранутыя ў польскую форму зялёныя чалавечкі
Сталіна напалі на савецкую памежную заставу, і рашэння Палітбюро аб ліквідацыі гэтай самай «актыўнай выведкі ў сучасным яе выглядзе».
З сакавіка па травень 1925 года савецкія баевікі правялі ў Заходняй Беларусі 59 баявых аперацый, з чэрвеня па жнівень таго ж года — яшчэ 50 баявых аперацый, усяго ж са снежня 1924 года
па жнівень 1925 года савецкія дыверсанты правялі там 199 баявых аперацый.
Праўда, сваю асноўную задачу дыверсанты і тэрарысты «актыўнай выведкі» не выканалі — «народнага паўстання» ў Заходняй Беларусі і Заходняй Украіне так
і не выйшла.
svaboda.org