Вы чытаеце — хаты валяцца
Нядаўна Студэнцкае Этнаграфічнае Таварыства зладзіла экспедыцыю ў Краснапольскі раён, і паводле яе з'явіўся фотапраект пра жыццё людзей у гэтых месцах. Суседзі вяскоўцаў тут — радыяцыя і лес, які падступае да ганку. На Краснапольшчыне заняпад спалучаецца з жыццём натуральным чынам. У вёсцы, дзе раней было восемдзесят хатаў, можа заставацца ўсяго адна.
Фотапраект паказвае, наколькі рознай бывае Беларусь, і наколькі паралельным сусветам могуць адчувацца месцы, якія знаходзяцца ўсяго ў трох-чатырох сотнях кіламетраў ад сталіцы. Вельмі магчыма, што ўжо праз некалькі гадоў вакол Краснаполля ўсё будзе выглядаць зусім па-іншаму — і таму важна зафіксаваць цяперашні момант у часе.
Этнаграфічная выправа шмат канцэнтруецца на тым, чаго ўжо няма, аднак часта на пытанні ў мінулым часе людзі сталага веку адказваюць у цяперашнім. Памяць пра зніклыя рэчы жыве ў сучасным вясковым кантэксце.
Вакол Краснаполля — невялікага раённага цэнтра на ўсходзе Беларусі — вёскі дробныя, часткова выселеныя, часткова пахаваныя. Заняпад тут спалучаецца з жыццём натуральным чынам. Вельмі цяжка ўявіць, ці маглі б гэтыя мясціны выглядаць іначай.
У свой час адсюль павыязджалі з-за Чарнобыля. Але нават у вёсках, рэкамендаваных да адсялення, засталіся людзі, яны трымаюць гаспадарку і вядуць звыклы лад жыцця. Адзінае, што цяпер не рэкамендавана — збор грыбоў. Але амаль ніхто з мясцовых не прытрымліваецца забароны.
Калі ў доме доўга не жывуць, ён павольна руйнуецца. Час ад часу прыяжджае бульдозер і закопвае яшчэ не разбураныя хаты.
Да жылых вёсак усё бліжэй падступае лес. Шмат хто кажа, што цяпер туды не ходзяць, бо ён сам ужо прыйшоў амаль да ганку.
Здзіўляе, як моц спалучаецца з фізічнай нямогай і наколькі прыгожа старэюць вяскоўцы.
У назве Навіна націск на апошні склад, рыфму «налей віна» падказаў жыхар пасёлка. Цяпер тут усяго адна хата, але яшчэ ёсць адзін воз, адна кабыла і два чалавекі. Да пасёлка і адразу ўсіх яго жыхароў можна дабрацца толькі па пратаптаных і раскатаных возам сцежках — з шашы дарогі няма.
У гэтых вёсак ёсць свае колеры. Наўрад ці нехта марыў менавіта пра блакітную/жоўтую/зялёную/зялёна-жоўтую/жоўта-блакітную хату — «што даставалі, тым і красілі». А даставалі часцей аднолькавае. Таму ўсе хаты і і падобныя і непадобныя адначасова.
У некаторых вокнах усталяваныя шклопакеты — яны вельмі выбіваюцца з-пад разных ліштваў, але адразу можна пазнаць дамы, у якіх жывуць ці хаця б прыязджаюць на лета.
Пасля вайны сярод вясковай моладзі была вымушаная мода ездзіць на заробкі, часта ў шахты ва Украіну. Зараз шахцёрскім каскам таксама знаходзіцца прымяненне.
На працах і знаёміліся, але насуперак вясковым завядзёнкам, мала хто з гэтага пакалення гуляў традыцыйныя вяселлі — проста не было за што. Яшчэ ў Краснапольскім раёне рэдка паказваюць старыя фотаздымкі і таксама кажуць: не было за што, не было калі і няма на што.
Падчас экспедыцыі мы спрабуем прыйсці па тое, што вельмі імкліва адыходзіць, грукаемся ў хату і пытаем: «Ці можна з вамі троху пагаварыць?» Рэакцыі бывыюць самыя розныя, але звычайна згаджаюцца.
У адзін з дней здарыўся злом гэтага шаблону, прычым праявіўся ён не ў адмове паразмаўляць. Мы селі адпачыць на полі, на адлегласці ад хат і дарогі, каб не прыцягваць залішнюю увагу. На нас доўга глядзеў дзядок (з выгляду патэнцыйны інфарматар), раптам пачаў набліжацца, але блізка не падышоў, параіў не мёрзнуць і насіць хусткі. Па яго позірку было ясна, што мы — іншапланецяне.
Фотапраект зрабілі Ірына Паўловіч і Антось Сівых. Здымкі зробленыя з 29 ліпеня па 4 жніўня падчас экспедыцыі СЭТ «Краснаполле-2019» Антосем Сівых у в. Грыбы, в. Горанка, аг. Пачапы, в. Новы Свет, в. Ясенка, в. Забор'е, п. Навіна, в. Лютнянская Буда, в. Гарадзецкая, в. Зарэчча, в. Станіслаў, в. Лютня.