Вінцэнт Каратынскі. Інтэлектуал з пакалення «апошніх літвінаў»
Яго гісторыя — унікальная для сярэдзіны ХІХ стагоддзя. 15 жніўня 1831 года ў былога прыгоннага селяніна нарадзіўся сын, які стане вядомым пісьменнікам і журналістам. Вінцэнт Каратынскі — удзячны вучань і апякун спадчыны Сыракомлі, аўтар аднаго з першых апублікаваных вершаў на беларускай мове, на зайздрасць плённы літаратар, працавіты «барадаты літвін», які ў прамым сэнсе памёр за працоўным сталом.
Чаму пакаленне, тых хто нарадзіўся ў 1820-я і дзейнічаў у 1850-х, — пакаленне «апошніх літвінаў»? Не, тут справа не ў тым, што літвіны вымерлі, як дыназаўры, тут гаворка пра змену палітычнай думкі і грамадскага дыскурсу. Тыя, хто нарадзіўся, жыў і займаўся творчасцю ці чым іншым на карысць грамадства ў час паміж двума паўстаннямі — лістападаўскім 1830-га і студзеньскім 1863-га — яшчэ былі носьбітам ідэй адраджэння Вялікага Княства Літоўскага. Яны былі рамантыкамі і рыцарамі той дзяржавы… Потым, па задушэнні паўстання 1863-га і вельмі жорсткіх рэпрэсій, дыскурс змяніўся. Як і чаму гэта адбылося — пытанне спрэчнае і дыскусійнае. Пакінем дыскусію навукоўцам…
А вось у гэтым віры заставаліся жыць і дзейнічаць канкрэтныя людзі. Адзін х іх — Вінцэнт Каратынскі. Ён зрабіў кар’еру літаратара дзякуючы падтрымцы і апецы знакамітага паэта Уладзіслава Сыракомлі. Застаўся верным свайму настаўніку пасля яго смерці — падтрымліваў жонку, выдаў 10-томны збор вершаваных твораў. Падзеі паўстання 1863-га вымусілі Каратынскага пакінуць Вільню і землі Вялікага Княства Літоўскага: ён перабіраецца ў Варшаву. Там з галавой паглыбляецца ў журналісцкую і выдавецкую справу. Яго паплечнік і зямляк Адам Плуг пра Каратынскага пісаў: «Мала хто з нашай літаратурнай і журналісцкай брацці такі, як ён, аб’ём працы ўзвальваў на свае плечы і мала хто выконваў яе так спакойна, не выказваючы скаргі і не шукаючы за яе сабе пахвалы». Якім было жыццё «барадатага літвіна» (так паміж сабой называлі Каратынскага варшаўскія газетчыкі)?
Дата нараджэння — умоўная
У 1858 годзе, калі ўжо знакамітаму паэту і літаратару Вінцэнту Каратынскаму спатрэбілася хросная метрыка, яго маці звярнулася ў Мінскую каталіцкую кансісторыю. Але ў дакументах не захавалася даты нараджэння, толькі месяц — жнівень. Вызначылі, што няхай будзе 15 жніўня — сярэдзіна месяца. Дата ўмоўная, але замацаваная ў гісторыі літаратуры. Гэтае пытанне яшчэ чакае сваіх даследчыкаў.
Бацька патапіўся, навучаўся ў арганіста
Нарадзіўся Вінцэнт у сям’і былога прыгоннага Аляксандра Каратая, які атрымаў вольную ад пана Яна Залескага, які, дарэчы, стаў потым хросным Вінцэнта. Калі бацька быў з сялян, то маці — шляхцянка Юзафата з Далідовічаў. Але яна не стала прыгоннай, бо Аляксандр Каратай атрымаў вольную якраз напярэдадні шлюбу. Калі ў Аляксандра з Юзафатай было ўжо трое сыноў — Вінцэнт, Ян і Міхал, у сям’і здарылася няшчасце: бацька ўтапіўся ў Нёмане.
Першыя прыступкі адукацыі Вінцэнт адолеў пад наглядам мясцовага арганіста. У школу ён не хадзіў, але атрыманых ведаў хапіла, каб навучаць іншых. Спачатку асновам граматыкі і арыфметыкі ім былі навучаныя малодшыя браты, потым — дзеці ў наваколлі. Вінцэнт стаў дарэктарам, то-бок, хатнім настаўнікам у заможных сем’ях Навагрудскага павета. Напэўна, так і прайшло б жыццё адоранага маладзёна ў навучанні іншых у ваколіцах даўняга Наваградку. Але адбылася знакавая сустрэча.
У адзін цудоўны дзень 1850 года 19-гадовы Вінцэнт сустрэўся з былым уніяцкім святаром з ваколіц Міра айцом Давідовічам. Каратынскі ў шчырай размове падзяліўся са святаром тым, што складае вершы. Айца гэта, напэўна, уразіла, і ён вырашае пазнаёміць таленавітага юнака са сваім суседам з Залуча — літаратарам Людвігам Кандратовічам, які ўжо тады шмат пісаў і друкаваўся ў Вільні, быў вядомы пад імем Уладзіслаў Сыракомля. Гэтая сустрэча мяняе лёс Каратынскага кардынальна.
Вінцэнт становіцца асабістым сакратаром-памочнікам Сыракомлі. Галоўным чынам ён займаецца перапісваннем на чыставік закончаных вершаў паэта, займаецца ўпарадкаваннем перакладаў, а таксама адказвае на карэспандэнцыю свайго настаўніка, які становіцца яму старэйшым сябрам. Вінцэнт і Уладзіслаў сядзяць за адным сталом, шмат гавораць… Канечне, пад уплывам Сыракомлі фарміруецца і светапогляд Каратынскага.
Калі Сыракомля ў 1852 годзе перабраўся ў Вільню, за ім паехаў і Каратынскі. Там ён спачатку ўладкаваўся на працу ў музей, аднак літаральна праз некалькі месяцаў, зноў жа, следам за сябрам, Каратынскі пераехаў у Барэйкаўшчыну. Фактычна Каратынскі будзе пры Сыракомлі да самай яго заўчаснай смерці ў 1862 годзе.
Спадарожна Каратынскі супрацоўнічаў у часопісе Адама Кіркора. Быў чальцом Віленскай археалагічнай камісіі і Статыстычнага камітэта, досыць актыўна публікаваўся ў газеце «Kurier Wileński».
Літаратурны дэбют
Сыракомля для Каратынскага быў не толькі, так бы мовіць, кіраўніком, паперамі якога той распараджаўся. Фактычна Сыракомля, адчуваючы талент і здольнасці сакратара, падштурхнуў Каратынскага да творчасці. А можа, і натхніў на яе. І канечне ж, дапамог прасунуцца, бо самастойна сыну былога прыгоннага, хоць і таленавітаму, было амаль немагчыма прасачыцца ў літаратурныя колы. Каратынскі бярэцца за вершаскладанне.
Годам літаратурнага дэбюту Каратынскага лічыцца 1856 год. Тады выйшаў у друку яго першы верш «Над калыскай» і ў той жа год пабачыў свет першы зборнік уласнай паэзіі «Чым хата багата». А потым творчая скарбонка Каратынскага папоўнілася яшчэ дзвюма кнігамі. На момант публікацыі першага верша Каратынскаму было ўсяго 25 гадоў.
Канечне, такі поспех быў дзякуючы падтрымцы і сувязям Сыракомлі. Але ж вершы і паэма Каратынскага не былі прымітыўнымі! І памылкай будзе меркаваць, што ён прасунуўся толькі дзякуючы ўплывоваму сябру. Хоць Сыракомля і шмат зрабіў для прамоцыі вучня — напісаў прадмову для кнігі, выступаў у друку, як бы цяпер сказалі, з піярам свайго сябра, на паэзію Каратынскага сыпаліся добрыя водгукі.
Былі ў Сыракомлі з Каратынскім і сумесныя праекты. Разам яны перакладалі на польскую мову вершы французскага паэта-песенніка П’ера Жана Беранжэ і выдалі іх у адной кнізе. Але быў у іх яшчэ адзін праект, які застаўся нерэалізаваным: беларускі.
Няздзейснены «беларускі праект»
Каратынскі, як і Сыракомля, пісаў па-польску. Так склалася. Але ж у іх абодвух ёсць вершы, напісаныя па-беларуску! Што праўда, да нас дайшлі іх лічаныя беларускія творы, літаральна — адзінкі.
Аднак вершаў на беларускай мове ў іх было значна больш. Вядома, што ў 1856 годзе пры падрыхтоўцы свайго першага паэтычнага зборніка Каратынскі хацеў уключыць туды і вершы на беларускай мове. Але ў Сыракомлі была іншая думка: падрыхтаваць сумесны беларускі зборнік. А вось гэта ўжо зусім іншая справа! Трэба меркаваць, што, калі гаворка пра цэлы зборнік, то і вершаў трэба не адзін дзясятак. Справа сур’ёзная…
На вялікі жаль, той зборнік Сыракомлі і Каратынскага з беларускімі вершамі ніколі не пабачыў свет. Чаму? Цяжка сказаць, ці то былі перашкоды і пераслед за мову, ці паўплывалі якія іншыя абставіны. Вядома, што ў 1912 годзе гэтыя вершы яшчэ захоўваліся ў нашчадкаў паэта ў Варшаве. Дзе яны зараз — чарговая загадка нашай гісторыі…
Эміграцыя залічыла ў «адступнікі»
Каратынскі жыў у эпоху, калі важным культурным і палітычным цэнтрам былой Рэчы Паспалітай была супольнасць эмігрантаў, якія трапілі на выгнанне пасля паразы лістападаўскага паўстання. Замежны цэнтр меў вагу. Што казаць, сам Адам Міцкевіч уваходзіў у кола выгнанцаў… Бывала, паміж тымі, хто «там», і тымі, хто «тут», здараліся канфлікты. У адзін такі скандал трапіў Каратынскі, дый не адзін, а з вершам, апублікаваным… па-беларуску!
Што праўда, камяні ў аўтара паляцелі не за мову верша, а за месца публікацыі.
У час прыезду ў Вільню маладога імператара Аляксандра II у 1858 годзе мясцовая інтэлігенцыя з колаў газеты «Kurier Wileński» падрыхтавала альбом «В память пребывания государя императора Александра II в Вильне 6 и 7 сентября 1858 года». Альбом рыхтаваў Адам Кіркор, таксама туды ўвайшлі тэксты гісторыка М. Маліноўскага, вершы Э. А. Адынца па-польску, М. Акелайцiса па-літоўску. Для праекта В. Каратынскі напісаў прывітальны верш на беларускай мове, дзе імкнуўся нагадаць манарху пра пагарджанага мужыка.
Гэтым альбомам эліты хацелі залагодзіць імператара, каб той даў дазвол на адкрыццё Віленскага ўніверсітэта… Але ж надзеі не спраўдзіліся. Універсітэт у Вільні не быў адчынены, а ўдзельнікі выдавецкага праекта атрымалі ад эміграцыйных аўтараў званне «адступнікаў» i добрага прачуханцу ў эмігранцкай прэсе.
Верны сябра Сыракомлі
Калі памёр Сыракомля, Каратынскі асірацеў. Усё ж адносіны былі ў іх досыць блізкімі. На пахаванні паэта Каратынскі прамаўляў адным з першых, а гэта вельмі пачэсна. Акрамя таго, ён прысвяціў спачыламу сябру некалькі артыкулаў.
Пасля смерці Сыракомлі ў паэта засталася ўдава з дзецьмі, якім была патрэбна дапамога. Арганізаваў яе — Каратынскі. Амаль адразу быў створаны камітэт дапамогі, які збіраў ахвяраванні для сям’і паэта.
Але галоўная справа па ўшанаванні была наперадзе. Міне амаль дзесяцігоддзе з дня смерці — усё ж віравала паўстанне! — і Каратынскі возьмецца за выданне твораў Сыракомлі. Толькі адной паэзіі назбіраецца 10 тамоў. Усе сабраныя сродкі ад гэтага выдавецкага праекта пойдуць удаве пана Кандратовіча.
Сябар і ўдзячны вучань і тут не пакінуў свайго настаўніка.
З’ехаў пасля паўстання
Смерць сябра і няспраўджаныя надзеі пасля паўстання 1863-га моцна паўплывалі на Каратынскага. Вобшукі паліцыі, падазрэнні ў напісанні нелегальных агітацыйных брашур, абмежаваныя магчымасці друкавацца і, наогул, атмасфера тэрору і рэпрэсій падштурхнулі Каратынскага з’ехаць.
У 1866 годзе ён перабіраецца ў Варшаву. Што цікава, там Каратынскі больш не піша вершаў. Уся яго праца — журналістыка. З таго часу і на працягу амаль 25 гадоў ён супрацоўнічае з асноўнымі польскімі перыядычнымі выданнямі, выступае ў друку з нарысамі і артыкуламі. І трэба прызнаць, досыць плённа і паспяхова.
Наогул публіцыстычная спадчына Каратынскага закранае шмат знакавых асоб — А. Міцкевіча, І. Дамейку, С. Рысінскага, К. і Я. Тышкевічаў, Р. Зянкевіча і шмат каго яшчэ. Шырокая і геаграфія яго гісторыка-краязнаўчых нататак — Наваградак і ваколіцы, Віцебск, Валожын, Слуцк, Стоўбцы…
Стварыў дынастыю журналістаў
Каратынскі пабраўся шлюбам яшчэ ў 1859 годзе. Яму было 28, за жонку ўзяў дачку заможнага шляхціца Станіславу Якубовіч. У іх было ні больш ні менш дзесяць дзяцей! Канечне, каб пракарміць такую сям’ю аднаго прыбытку з фальварка, які ім дастаўся ад бацькі Станіславы, было мала. Для гэтага Вінцэнт актыўна піша для самых розных выданняў і на розныя тэмы.
Некаторыя яго сыны пайшлі па слядах бацькі і таксама сталі журналістамі. Сын Уладзіслаў Райнольд быў журналістам і рэдактарам выдання «Kurjer Warszawski», сыны Бруна і Людвіг — знакамітымі журналістамі. Што цікава, сваіх сыноў Каратынскі назваў у гонар сябра Сыракомлі.
Памёр на працы
У Варшаве Каратынскі сапраўды шмат працаваў. Яго невысокую, але моцную постаць з трывала пасаджанай галавой на дужых плячах, з чупрынай густых валасоў над высокім ілбом, з кусцістымі бровамі і густой барадой, адпушчанай у Варшаве, амаль заўсёды можна было бачыць за сталом у рэдакцыі «Gazety Warszawskiej». Літаратурная і журналісцкая супольнасць называла Каратынскага «барадатым літвінам».
Вінцэнт Каратынскі, 1880-я
За сваім працоўным сталом ён і памёр амаль у 60 гадоў 7 лютага 1891 году. Так здарылася, што на пахаванні Вінцэнта Каратынскага ніхто не выступіў, разышліся моўчкі. Але некралог апублікавалі: шмат выданняў першыя свае палосы прысвяцілі памяці «барадатага літвіна».
Некралог па Каратынскім
Сямейнае пахаванне Каратынскіх
***
Наогул жыццё Вінцэнта Каратынскага пакідае яшчэ шмат пытанняў і чакае даследчыкаў. Бо невядомага шмат. Творчая спадчына яго таксама яшчэ да канца не асэнсаваная. Што казаць, па-беларуску выдадзена толькі некалькі сціплых кніг з тэкстамі Каратынскага: уся вершаваная спадчына і купка публіцыстыкі. Калі яго вершаваная спадчына не такая ўжо і аб’ёмная, яна не прэтэндуе на тытул шэдэўра, то спадчына як публіцыста і навукоўца ўсё яшчэ застаецца за дужкамі. Але што відавочна — Каратынскі заслугоўвае ўвагі да сваёй неардынарнай асобы.