У Курапатах адкрыты памятны крыж Вацлаву Ластоўскаму

У Курапатах 29 красавіка пад бел-чырвона-белымі сцягамі адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнага крыжу волату расстралянага беларускага Адраджэння Вацлаву Ластоўскаму.

kryz_adkryccjo_2_logo.jpg


Памятны знак славутаму навукоўцу-энцыклапедысту і грамадска-палітычнаму дзеячу — акадэміку, неадменнаму сакратару Беларускай акадэміі навук, мовазнаўцу, пісьменніку і прэм’ер-міністру Беларускай Народнай Рэспублікі ўзведзены грамадскімі высілкамі з ініцыятывы аргкамітэту Мінскага гарадскога таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага.
З траўня мінулага года мастак Алесь Цыркуноў і разьбяр Юрась Камандзірчык пры падтрымцы намесніка старшыні аргкамітэту таварыства Віктара Яўмененкі працавалі над гэтым шасціканцовым еўфрасінеўскім крыжам з дубу, аздобленым алейнай размалёўкай, разьбою і лакам. Памятны знак, створаны паводле беларускіх традыцый, адпавядае духу народнага мемарыялу крыжоў у Курапатах.
У адкрыцці мемарыяльнага крыжа ўдзельнічалі актывісты дэмакратычнага руху, выбітныя прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі, сябры суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў і аргкамітэту Мінскага гарадскога таварыства аматараў беларускай гісторыі імя Вацлава Ластоўскага, а таксама журналісты незалежных СМІ.
Памятны знак асвяціў праваслаўны святар Леанід Акаловіч, удзельнікі падзеі праспявалі гімн беларускай інтэлігенцыі “Магутны Божа”.  

kryz_adkryccjo_1_logo.jpg


Як адзначалася падчас адкрыцця, для беларусаў Вацлаў Ластоўскі з’яўляецца бацькам дзяржаўнасці і незалежнасці Беларусі, які разам са сваімі паплечнікамі ахвярна служыў Бацькаўшчыне.
Таму гэты памятны знак у асобе Вацлава Ластоўскага ушаноўвае подзвіг усіх тытанаў нацыянальнага Адраджэння, якія ахвяравалі сабою дзеля будучыні сваёй Радзімы.
Вось чаму імёны Вацлава Ластоўскага і ягоных паплечнікаў-пакутнікаў, якія выйшлі з народу, заўжды будуць жыць у сэрцах удзячных беларусаў і натхняць на змаганне за волю і незалежнасць.  
Сярод заслугаў Вацлава Ластоўскага перад родным краем удзельнікі ўрачыстасці назвалі тое, што гэты вялікі беларус напісаў першую сапраўдную гісторыю Беларусі для беларусаў на беларускай мове, а таксама знакаміты “Падручны расійска-крыўскі (беларускі) слоўнік” на 18 тысяч словаў, што стаў грунтам для развіцця многіх навук, і фундаментальную працу “Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі” за тысячу гадоў; быў сакратаром легендарнай газеты “Наша Ніва”, з якой пачалося беларускае нацыянальнае Адраджэнне, узначальваў Камісію па ахове помнікаў старажытнасці Беларусі, якая ў 1928 годзе знайшла ў Полацку Крыж нябеснай заступніцы краіны, святой Еўфрасінні Полацкай.

kryz_adkryccjo_3_logo.jpg


Адзін Вацлаў Ластоўскі зрабіў столькі, колькі робіць цэлы навуковы інстытут ці камітэт палітычнай партыі. Вось чаму гэты патрыярх нацыянальнага Адраджэння быў забіты ў гады сталінскіх рэпрэсій.
Удзельнікі ўрачыстасці падкрэслілі, што мемарыяльны знак Вацлаву Ластоўскаму ёсць своеасаблівым адказам той небяспецы, што зноў паўстае перад беларускай нацыяй.