Старыя беларускія газеты з’явіліся ў інтэрнэце
Бібліятэка імя Урублеўскага Літоўскай Акадэміі навук выклала ў інтэрнэт калекцыю перыёдыкі ХХ ст.
У тым ліку 210 (!) найменняў беларускіх газет і часопісаў, што выдаваліся ў Вільні ад 1906 да 1940 года. Большасць з гэтых выданняў былі або «аднаднёўкамі», або выходзілі на
працягу колькіх месяцаў. Але існавалі і больш трывалыя выданні.
Сярод іншага, на сайце ёсць падшыўкі легендарных «Нашай долі» (1906) і «Нашай Нівы» (1906—1915, 1920), каталіцкіх выданняў
«Беларус» (1913—1915) і «Хрысціянская думка» (1928—1939), хрысціянска-дэмакратычнай газеты «Крыніца» (1919—1940),
дзіцячых часопісаў «Заранка» (1927—1931) і «Пралеска» (1934—1939), гумарыстычных «Авадзень» (1922—1932) і
«Маланка» (1926—1928).
Каб скарыстацца сэрвісам, на старонцы www.mab.lt/en/catalogues трэба перайсці па спасылцы «Old periodicals». Клікнуўшы на назву
патрэбнага выдання, на новай старонцы націскайце «Visas tekstas», а як адчыніцца акенца — выбірайце патрэбныя год і нумар выдання. Калі трэба захаваць на камп’ютар
шмат нумароў адразу, націскайце па спасылках правай клавішай мышы і выбірайце «Захаваць аб’ект як» — гэтак сэканоміце час.
Кастусь Шыталь, nn.by