Пра што пісалі ў першым гістарычным зборніку Беларусі 200 гадоў таму?
Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай і акупацыі тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, нашыя землі ў ХІХ стагодзьдзі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. У 1824 годзе ў Маскве выйшаў першы зборнік з дзяржаўнымі актамі беларускай гісторыі. Плянаваліся яшчэ два тамы, аднак лёс іх чакаў незайздросны. Што маглі наноў прачытаць нашыя продкі?
![Выява з вокладкі выданьня Выява з вокладкі выданьня](/img/v1/images/arhiu__5_.png?f=f&h=396&o=0&u=1739389611&w=528)
Выява з вокладкі выданьня
Вядома, ніякіх дакумэнтаў, якія б сьведчылі аб спрадвечных варожых стасунках паміж нашай краінай і Масквой – у гэтай самай Маскве выдаць не маглі. Але так ці інакш 13 лютага 1824 года пабачыў сьвет зборнік «Беларускі архіў старажытных грамат». Перадусім ён датычыў узаемаадносінаў шляхты Вялікага Княства Літоўскага, яго вялікіх князёў з праваслаўнай царквою.
Гэта было зразумела: неабходна было падкрэсьліць расейскую лінію «адзін народ – адна вера». Старажытныя акты папярэдне ў Магілёве і Мсціслаўі назьбіраў праваслаўны архіярэй і гісторык Іван Грыгаровіч, які паходзіў з Быхаўскага павету. На сродкі Пятра Румянцава ён і выдаў гістарычны зборнік у 1824 годзе. Другая (згубленая, але ўрэшце знойдзеная праз стагодзьдзе ў рукапісным варыянце) і трэцяя частка зборніка не былі надрукаваныя.
Фундатар памёр у 1825 годзе, а новага фінансаваньня Іван Грыгаровіч не знайшоў.
Дакумэнтаў з цэнтральнай ці заходняй часткі Беларусі ў ім няма зусім. І ня дзіўна, бо чым далей на захад, тым больш не-праваслаўных.
![«Беларускі архіў старажытных грамат» «Беларускі архіў старажытных грамат»](/img/v1/images/arhiu__4_.png?f=f&h=396&o=0&u=1739389611&w=528)
«Беларускі архіў старажытных грамат»
Першая частка складалася з 57 старажытных актаў пачынаючы з 1463 года і сканчваючы годам 1768. У большасьці дакумэнты надрукавалі на старабеларускай мове арыгіналаў. Некаторыя дакумэнты забясьпечылі паралельнымі тэкстамі на латынскай, польскай і расейскай мовах.
У прадмове знаходзім наступнае:
«Будучы рухомым неспатольным імкненьнем да агульнага дабра і паглыбляючыся ў дасьледаваньні, дзяржаўны канцлер Пётр Румянцаў справядліва думае, што не ўсе акты могуць быць сабраныя ў Маскоўскай калегіі замежных справаў.
Але што і аддаленыя прыватныя архівы, у многіх гарадах і манастырах, маюць таксама свае гістарычныя скарбы.
Належачы сам да Беларускага краю, ён зьвярнуў уважлівы позірк найперш на тутэйшыя архівы. І гэтым чаканьням яго належала выканацца, тым больш, што Беларусь, у цяперашнім сваім абрысе, складала некалі здабытак Дзяржавы Расейскай, і па адрыньваньні, зноў у 1661 годзе была далучаная да яе царом Аляксеем Міхайлавічам, хоць зрэшты на кароткі час.
Пры першапачатковым аглядзе некаторых беларускіх архіваў знойдзена 57 Граматаў, больш-менш старажытных, якія ў гэтым выданьні месьцяцца. З гэтай прычыны яно і названае Беларускім архівам.
Праўда, не ўсе гэтыя Граматы адносяцца наўпрост да гісторыі Дзяржавы Расейскай, і таму не ўсё роўна істотныя, не ўсё роўна могуць быць і цікаўныя: але яны служаць крыніцай для гісторыі Беларусі, царкоўнай і грамадзкай — і ў гэтых адносінах утрымоўваюць у сабе шмат істотнага і цікаўнага».
![Першы акт у выданьні Першы акт у выданьні](/img/v1/images/arhiu__1_.png?f=f&h=396&o=0&u=1739389611&w=528)
Першы акт у выданьні
Прывядзем вытрымкі з некаторых старажытных актаў.
Грамата Стэфана Баторыя аб дараваньні Магілёву Магдэбургскага права і герба.
«У імя Божае, амэн.
На вечную памяць таго, што надыходзіць. Бо высокая веліч князёў не столькі здабываецца ваеннай перамогай ці пахваламі захопленых гарадоў, колькі ўсталяваньнем справядлівых законаў і правоў: бо справядлівасьць – гэта сіла ўсяго сьвету і непахісная аснова жыхароў.
Але асабліва спадзяемся, што найлепшыя наступствы любога ўрада будуць лепшымі, калі злыя і неразумныя звычаі, якія супярэчаць не толькі Боскаму закону, але і натуральнаму закону ў кіраваньні чалавечым родам, адмяняюцца, і ўсталёўваюцца тыя, якія захоўваюць бясьпеку людзей, якія ствараюць лепшыя ўмовы для сьмяротных і якія таксама даюць толькі тое, што справядліва».
Далей апісваюцца ўсе новыя правы і абавязкі горада пры пераходзе са старога «літоўскага» права на новае, «нямецкае», інакш кажучы Магдэбургскае права.
![Герб Магілёва з Пагоняй. Выява з «Беларускага архіва старажытных грамат» Герб Магілёва з Пагоняй. Выява з «Беларускага архіва старажытных грамат»](/img/v1/images/arhiu__2_.png?f=f&h=396&o=0&u=1739389611&w=528)
Герб Магілёва з Пагоняй. Выява з «Беларускага архіва старажытных грамат»
Гэта быў 1578 год, а далей у якасьці цікавага «рэфрэну» зірнем на іншы Акт, які датуецца 1654 годам. Гэта быў пачатак самай страшэннай вайны ў гісторыі Беларусі. Тады напрацягу 13 гадоў расейцы вынішчылі прынамсі кожнага трэцяга нашага жыхара. Падчас акупацыі Магілёва расейскі цар Аляксей выдаў наступны дакумэнт (вытрымка).
Грамата, дараваная жыхарам Магілёва, падараваных царом з нагоды здачы гэтага горада і далучэньні яго да Расейскай дзяржавы, у выніку чаго і Магілёўская біскупская кафедра прылічаная ў ведамства Патрыярха Маскоўскага.
Божай ласкай мы Вялікі гасудар цар і вялікі князь Аляксей Міхайлавіч, усяе Вялікія і Малыя Расеі самадзержац, Маскоўскі, Кіеўскі, Уладзімерскі, Наўгародзкі, цар Казанскі, цар Астраханскі, цар Сібірскі, гаспадар Пскоўскі і вялікі князь Цьвярскі, Югорскі, Пермскі, Вяцкі, Балгарскі. І іншых земляў отчыч і дзедзіч і спадчыньнік і гаспадар і ўладальнік.
Падаравалі нашай царскай вялікасьці горада Магілёва бурмістраў, райцаў, лаўнікаў і ўсіх мяшчанаў, за іх да нашай царскай вялікасьці службу і радасьць, што летась, як прыйшлі пад Магілёў нашай царскай вялікасьці палкоўнікі Канстантын Паклонскі і Міхайла Вайкоў, каб яны нашай літасьці сабе пашукалі, і білі чалом і ўчыніліся пад нашай рукой навекі неадступныя. І яны магілёўцы нашай ласкі ўзрадаваліся, горад Магілёў здалі (...).
А калі каго абвінавацяць за спробу рабіць з польскімі ці літоўскімі людзьмі і з іншымі нашай царскай вялікасьці непрыяцелямі якую таемную здрадную справу, ці да сябе хто прыме лазутчыкаў і пра ўсякую злую і здрадную справу пачне думаць, ці хто ў польскія і літоўскія гарады таемна будзе пасылаць усякія весткі пісаць – дык тых людзей без аніякай міласэрнасьці, сказаўшы яму віну яго, загадаць пакараць сьмерцю без усялякай літасьці».
Глядзіце таксама
![Перамагчы рускі мір за адзін дзень Магілёўскае паўстанне. Як за адзін дзень вынішчыць «рускі мір»](/img/v1/images/800px_mahilou__pahonia._mahiljou__pahonja__1661__1780_89_.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Як мы ведаем з гісторыі, магілёўцы паказалі свой гераічны патрыятызм неўзабаве. За адну ноч яны пазабівалі ўвесь расейскі гарнізон, а сам Магілёў быў вернуты ў Вялікае Княства.
Другая частка «Беларускага архіва старажытных граматаў» лічылася страчанай да 1939 года, калі яе ў рукапісным варыянце знайшлі ў адной з расейскіх бібліятэкаў. Тэкст быў падрыхтаваны да друку, але так да яго і не дайшоў. Сёньня гэты рукапіс захоўваецца ў Беларусі, а дакладней у архіве літаратуры і мастацтва. Пры нагодзе можаце пацікавіцца ўжывую.
Другая частка павінна была пазнаёміць з 66 старажытнымі дакумэнтамі. У тым ліку Прывілей 1477 года вялікага князя Казіміра.
Трэцяя ж, на жаль, нават не пайшла ў падрыхтоўчую працу.