Польска-французскі бліцкрыг пад Бабруйскам

Першая сусветная вайна стала цяжкім выпрабаваннем для еўрапейскага кантыненту. Ваюючыя бакі спаборнічалі ў распрацоўцы зброі і ў спосабах знішчэння ворагаў. Адным з найбольш знакавых вынаходніцтваў гэтага крывавага канфлікту сталі танкі. 15 верасня 1916 года гэтыя гусенічныя монстры ўпершыню былі выкарыстаны ў баявых дзеяннях на заходнім фронце. Тады англійская танкавая атака пад Сомай выклікала страшэнную паніку ў немцаў.



kopija_tanka_rieno_ft_17_sdielannaja_dlia_filjma_varshavskaja_bitva_2_logo.jpg

Копія танка «Рэно ФТ–17», зробленая да фільма «Бітва за Варшаву»

Мала хто ведае, што першае выкарыстанне танкавых войскаў на ўсходзе адбылося праз 3 гады на Беларусі, падчас польска-бальшавіцкай вайны. Як гэта ні дзіўна гучыць, але на пачатак канфлікту з савецкай Расіяй танкавы патэнцыял польскай дзяржавы быў адным з найбольш моцных у Еўропе. Вясной 1919 года па ініцыятыве камандуючага польскай арміі ў Францыі генерала Ю. Галера на базе французскага 505-га танкавага палка быў сфарміраваны 1-ы танкавы полк Войска Польскага. Паводле загаду ад 15 сакавіка 1919 года, вайсковая адзінка складалася з 5 ротаў, а афіцэрскія і камандзірскія пасады павінны былі заняць французскія танкісты. У чэрвені 1919 года полк прыбыў у Польшчу і раскватараваўся ў Лодзі. У склад гэтай вайсковай адзінкі ўвайшло 120 суперсучасных на той час танкаў «Рэно ФТ–17» (Renault FT–17), з якіх 75 з гарматным і 45 з кулямётным узбраеннем. Камандаваў палком маёр Жуль Марэ.


У жніўні 1919 года польска-бальшавіцкі фронт хутка рухаўся на ўсход. Пасля захопу палякамі Мінска Чырвоная Армія рыхтавалася да абароны на лініі Барысаў–Бабруйск–Шацк. Савецкая 16-я армія пад камандаваннем М. Салагуба атрымала загад трымаць населеныя пункты Даўгінаў, Валокі, Докшыцы. Бальшавікі рыхтаваліся да працяглай абароны, і нават не маглі сабе ўявіць, якую зброю супраць іх выкарыстае праціўнік. Польская другая дывізія легіёнаў займала пазіцыі на лініі Пліса–Лужкі, а на поўнач ад яе дзейнічала камбінаваная вялікапольская дывізія пад камандаваннем генерала Д. Канажэўскага.

reno_v_podmoskovnoj_kubinke_4_logo.jpg

«Рэно ФТ–17» з Кубінкі пад Масквой


24 жніўня 1919 года камандуючы Літоўска-Беларускім фронтам генерал-паручнік С. Шэптыцкі выдаў загад пачаць наступленне на Бабруйск 27 жніўня. Аднак з-за таго, што ў склад дывізіі Канажэўскага была аддадзена другая рота 1-га танкавага палку, якой патрабаваўся час, каб дабрацца да месца баявых дзеянняў, дата пачатку наступлення была перанесена на суткі. Ужо 18 жніўня 1919 года транспарт з танкамі пад камандаваннем капітана Жана Дзюфура выехаў са станцыі Лодзь у бок Ліды. У Ясень танкі прыбылі 27 жніўня ў 20.30.


Наступленне на Бабруйск павінна было адбывацца ў трох накірунках. Першая група войск падпалкоўніка Арнольда Шылінга павінна была фарсіраваць раку Ваўчанку і ўдарыць на Бабруйск праз вёску Панюшкавічы. Другая група пад камандаваннем палкоўніка Брызана павінна была наступаць у цэнтры праз Кісілевічы і Багушэўкі. Трэцяя група падпалкоўніка Уладзіслава Андэрса (таго самага, які ў 1941 годзе ўзначаліць польскае войска ў СССР), паводле плану, наступала на правым крыле і павінна была захапіць бабруйскія масты.


Бабруйск абаранялі 67-ы і 68-ы стралковыя палкі 8-й пяхотнай дывізіі Чырвонай Арміі, два батальёны маракоў, 3 бронецягнікі, 4 гарматы, некалькі браневікоў, 25 кулямётаў. Усяго ў горадзе на Бярэзіне знаходзілася 2500 чырвонаармейцаў, якія занялі акопы на старых рускіх абарончых пазіцыях каля ракі Ваўчанкі.

 

tank_reno_paslja_peradachi_h_pol_sk_ek_pazham_logo.jpg

Танкі «Рэно» пасля перадачы іх польскі экіпажам


Танкі рушылі з Ясеня а 23 гадзіне. Марш быў даволі цяжкім, таму што тэрыторыя баявых дзеянняў была багністай. Значная колькасць меліярацыйных равоў стварала цяжкасці для французскіх танкістаў. Беларускія сяляне масава выходзілі на дарогі, каб уласнымі вачыма ўбачыць новы від зброі. З Баранавічаў танкі рушылі ў накірунку Кісялевічаў. Калона «Рэно» наблізілася да ракі Ваўчанкі. І тут па ёй пачалі страляць гарматы з бальшавіцкага бронецягніку, які знаходзіўся каля вёскі Бібкаўшына. Адначасова французаў атакавалі чырвонаармейцы, абстрэльваючы танкі з кулямётаў. На падтрымку танкам ішла польская пяхота з 4-га палка Вялікапольскіх стралкоў. Першы танкавы ўзвод рушыў у напрамку на поўнач ад дарогі Баранавічы–Валожын, а два іншых накіраваліся на поўдзень. Танкі, узброеныя гарматамі, абстрэльвалі пазіцыі савецкай артылерыі, а кулямётныя сканцэнтравалі агонь па акопах, у якіх заселі спужаныя чырвонаармейцы. Хутка ФТ–17 дайшлі да ракі Ваўчанкі, аднак абрывісты бераг не дазволіў адразу фарсіраваць водную перашкоду. «Рэно» развярнуліся і пачалі абстрэльваць адступаючых бальшавікоў. Адзін з танкавых узводаў усё ж знайшоў зручнае для пераправы месца і, аказаўшыся на іншым беразе, пачаў флангавы абстрэл савецкіх пазіцый. Пры гэтым французскія танкі прарвалі пяць шэрагаў ліній калючага дроту і зрабілі праход для пяхоты. Чырвонаармейцы пачалі здавацца ў палон. Палякі працягвалі пераслед адступаючых, аднак танкі вымушаны былі спыніцца. Аказалася, што два з іх моцна пашкоджаны, а дзве другія машыны пайшлі пад ваду па самую вежу.


Пакуль танкісты разбіраліся з пашкоджанымі машынамі і спрабавалі выцягнуць затопленыя танкі, польскія сапёры спрабавалі адрамантаваць мост праз Ваўчанку. Аднак тут палякаў атакавалі савецкія бронеаўтамабілі. Яны з кулямётаў абстралялі сапёраў. Палякі накіравалі да моста некалькі танкаў. Адзін з іх, пад’ехаўшы да моста, стрэліў па браневіку. Снарад трапіў дакладна ў цэль. Савецкі бронеаўтамабіль выбухнуў. Другая машына з зоркай на борце адступіла. Хутка мост быў адрамантаваны, і «Рэно» рушылі даганяць пяхоту. Пад Семкавым польскую пяхоту затрымаў агонь савецкіх кулямётаў. Здавалася, што польскае наступленне было затрымана, але з’яўленне танкаў вырашыла сітуацыю на карысць палякаў. Другі ўзвод лейтэнанта Фарэ атакаваў савецкія акопы і выбіў адтуль чырвонаармейцаў. У 5 кіламетрах ад Бабруйска танкі вымушаны былі затрымацца ў сувязі з вычарпаннем палівам. Хутка ў размяшчэнне французаў палякі накіравалі два грузавікі з палівам і харчаваннем.


У той час, калі французскія танкісты адпачывалі, польская вайсковая група палкоўніка Брэзана наблізілася да горада, хуткім ударам захапіла чыгуначную станцыю «Бабруйск» і атакавала савецкі гарнізон у крэпасці. У атацы польскім салдатам дапамагала рота танкаў «Рэно». Група падпалкоўніка Шылінга пасля цяжкай пераправы праз Ваўчанку прарвала бальшавіцкую лінію абароны і ўварвалася ў горад з іншага накірунку. Нарэшце, група падпалкоўніка Андэрса ўвайшла ў Бабруйск з боку фальварку Варновічы, захопліваючы чыгуначную станцыю «Беразіна». Канчаткова горад аказаўся ў руках палякаў 28 жніўня 1919 года.

paljak_babrujsku_1919_g__logo.jpg

Палякі ў Бабруйску, 1919


Адступаючы ў кірунку Жлобіна і Рагачова, чырвонаармейцы знішчылі масты, што змусіла палякаў адмовіцца ад далейшага пераследу праціўніка. Польскія трафеі падчас баёў за Бабруйск былі значнымі: 500 ваеннапалонных, дзве гарматы, 35 чыгуначных вагонаў, шмат кулямётаў і вінтовак. Аднак у баях пад Бабруйскам і самі палякі панеслі адчувальныя страты. Падчас адной з контратак чырвонаармейцы здолелі захапіць два французскія танкі. Лёс іх экіпажаў і зараз не вядомы.


За ўдзел у баях за Бабруйск камандзір 1-га танкавага батальёну маёр Альбер Маршан, камандзір танкавай роты капітан Жан Дзюфур і камандзір узвода падпаручнік Фердынанд Браке былі ўзнагароджаны Крыжамі мужных. Пасля баёў на Бярэзіне французы ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях пад Дынабургам. Хутка пасля гэтага французскія экіпажы адбылі на радзіму, перадаўшы свае машыны палякам.

reno_pad_babrujskam_logo.jpg

«Рэно» пад Бабруйскам

Эпілог


Адной з найбольш гучных навін у сённяшняй Польшчы з’яўляецца інфармацыя пра тое, што Польшча атрымала ў дар ад Афганістана стары танк «Рэно ФТ–17», які доўгі час знаходзіўся каля будынку Міністэрства абароны ў Кабуле. Пасля дакладнага аналізу баявой машыны, амерыканскія гісторыкі адзначылі, што, хутчэй за ўсё, гэты танк быў адным з тых, якія Францыя накіравала ў Польшчу ў 1919 годзе. Некалькі гэтых машын трапіла ў рукі бальшавікоў пад Бабруйскам у жніўні 1919-га. У 1920-я гады маладая дзяржава Саветаў мела добрыя палітычныя адносіны з Афганістанам. Хутчэй за ўсё, французскія танкі сталі падарункам бальшавікоў для афганскага шаха. І вось нарэшце адна са страчаных на Бярэзіне баявых машын вяртаецца на радзіму.