Пяць фактаў пра тэатральнага генія Ігната Буйніцкага

Збяднелы шляхціч, які працаваў землямерам, але меў душу, што прагла мастацтва — настолькі, што  Ігнат  Буйніцкі  стаў «бацькам беларускага тэатра». Сёння спаўняецца 163 гады з дня нараджэння выбітнага беларуса. 

Помнік Ігнату Буйніцкаму ў Глыбокім. Фота: westki.info
Помнік Ігнату Буйніцкаму ў Глыбокім. Фота: westki.info

Ігнат Буйніцкі нарадзіўся 22 жніўня 1861 года ў фальварку Палівачы ў сям’і збяднелага шляхціца Тарквінія-Тэафіла Буйніцкага і Клацільды з роду Гласкіх.

Пасля заканчэння чатырохкласнага рэальнага вучылішча ва Улацлаўску Варшаўскай губерні, паступіў у Рыжскае політэхнічнае вучылішча. Апроч таго будучы заснавальнік беларускага тэатра скончыў прыватныя драматычныя курсы ў Вільні, дзе вывучаў акцёрскае майстэрства. 

Імкнуўся захоўваць аўтэнтыку ў пастаноўках


Працуючы землямерам у Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губернях, Ігнат Цярэнцьевіч літаральна абыйшоў іх пешшу. Падчас вандровак заўсёды насіў сшытак пад пахай, каб запісваць пачутыя песні, народныя легенды, паданні. Але асаблівую цікавасць і сапраўднае захапленне для Буйніцкага ўяўлялі народныя танцы. Ён заўжды знаходзіў, аб чым паразмаўляць з простым вяскоўцам, вельмі любіў сялянскіх дзяцей, якім расказваў казкі, вучыў спевам і танцам.

ihnat_bujnicki_logo_1.jpg


Ён запачаткаваў новую тэндэнцыю — прафесіяналізацыю народных традыцый. У нескладаным сцэнічным афармленні спектакляў трупы выкарыстоўваліся элементы беларускага народнага выяўленчага мастацтва, акцёры выступалі ў беларускіх нацыянальных касцюмах. Буйніцкі беражліва ставіўся да захавання вытокавай харэаграфіі, імкнуўся не мяняць узор танцу.
Менавіта Ігнат Буйніцкі ўпершыню вывеў «мужыцкі» танец на сцэну, як выканаўца і пастаноўшчык паказаў невычарпальныя магчымасці і прыгажосць беларускіх народных танцаў. У рэпертуары трупы апошніх налічвалася больш за дзясятак: «Лявоніха», «Юрка», «Верабей», «Мяцеліца», «Гняваш», «Мельнік», «Антошка», «Чобат», «Качан», «Чабор», «Полька»... Музычнае суправаджэнне ладзіў традыцыйны «траісты ансамбль» — цымбалы, скрыпка, дуда. 
Дзядзька Ігнат старанна адбіраў для сваіх выступаў народныя песні. У рэпертуары яго трупы гучалі «Дуда-весялуха», «Ах ты дзьмі», «Падушачка», «За гарамі, за лясамі», «Ох ты дуб», «Прыляцелі гусі», «Ды куды ж ты, дуб зялёны» і іншыя спевы.

Утрымліваў трупу на ўласныя сродкі

У 1907 годзе разам з дочкамі Аленай і Вандай ды сябрамі дзядзька Ігнат заснаваў аматарскі калектыў, які пачаў вандраваць не толькі па гарадах Беларусі, але выязджаў з выступленнямі ў Варшаву і Пецярбург. Для гэтага Буйніцкаму даводзілася браць дазвол у губернатара. І калі за выступленні для заможных гледачоў вызначаўся высокі кошт у два рублі, то выступленні ў мястэчках для сялян ладзілі бясплатна. Сваёй галоўнай мэтай кіраўнік трупы бачыў бясплатна несці асвету і культуру беднаму гледачу-селяніну, імкнуўся да развіцця сваёй справы і стварэння мясцовых калектываў у гарадах і мястэчках Беларусі, для якіх ладзіў заняткі і нават пакідаў матэрыялы з уласнага рэпертуару.

teatr_bujnickaha._1912_logo_1.jpg

Асноўны цяжар існавання трупы клаўся на кішэню Буйніцкага. Жыў тэатр (у яго ўваходзіла каля 70 чалавек) на даход ад маёнтка Палівачы, невялікую спонсарскую дапамогу аказвалі мецэнаты. Але ў 1913 годзе калектыў спыніў сваю дзейнасць, у тым ліку праз матэрыяльныя праблемы, паколькі продаж білетаў пакрываў толькі частку ўсіх выдаткаў. Ігнат Цярэнцьевіч вымушаны быў прадаць маёнтак у Палівачах і пераехаць у суседнія Празарокі, дзе заснаваў крэдытнае таварыства. У 1914 годзе Буйніцкі паспрабаваў стварыць новую трупу, аднак Першая сусветная вайна перашкодзіла здзейсніць гэту задуму.
З пачаткам Першай сусветнай вайны ён удзельнічаў у дабрачыннасці на карысць беларускіх бежанцаў, дапамагаючы віленскаму таварыству «У дапамогу фронту». А пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года быў адным з ініцыятараў стварэння Першага таварыства беларускай драмы і камедыі, якое ў 1920 годзе стала асновай для Дзяржаўнага беларускага тэатра.

Глядзіце таксама

Спявак, танцор, акцёр, рэжысёр...

Большасць спектакляў Ігнат Буйніцкі ставіў самастойна. Акцёры ў яго трупе служылі адразу некалькім музам, і прыклад калектыву падаваў у першую чаргу сам дзядзька Ігнат: ён разам з дочкамі выходзіў на сцэну ў драматургічных творах, спяваў сола і ў хоры, выступаў у ролях бытавога і характарнага плану: Антон, Мірановіч («Пашыліся ў дурні», «Па рэвізіі» Крапіўніцкага), Ігнась («Модны шляхцюк» Каганца), Аляксей («У зімовы вечар» Ажэшкі). Любіў асабліва дэкламаваць прозу і паэзію, але перавагу аддаваў гумарыстычным творам. А ўжо як танцаваў, дык заўсёды «з сэрцам». Пры гэтым акцёрам танцы паказваў сам, музыкам мелодыі таксама напяваў сам. 

Глядзіце таксама

«Будзіў у беларусаў пачуццё нацыянальнай годнасці»

У лютым 1910 года ў Вільні ладзілася першая публічная беларуская вечарына. Хор пад кіраўніцтвам Людаміра Рагоўскага, спектакль, падрыхтаваны Аляксандрам Бурбісам, а ў завяршэнне — выступленне танцавальнага калектыву Буйніцкага, якое выклікала сапраўдны фурор у залі. Паўліна Мядзёлка ўзгадвала: «Зняможаныя больш як самі танцоры, ап’янелыя ад моцнага ўражання, людзі нехаця пакідалі залу». Гэты поспех засведчыў з’яўленне «Першай беларускай трупы» або «Тэатра Ігната Буйніцкага». Прычым у яго выступленнях удзельнічалі шматлікія беларускія дзеячы, напрыклад, той жа Алесь Бурбіс, Алаіза Пашкевіч (Цётка).
Летам 1910 года Буйніцкі са сваімі акцёрамі выпраўляецца з турам па гарадах Беларусі, за якім уважліва сачыла газета «Наша Ніва». У жніўні ў ёй з’явілася паведамленне пра выступленне ў Дзісне: «Дзісна ня помніць такога збору народу. Інтэлігенцыя і просты народ усе шчыра віталі беларусаў, магучая ідэя нацыянальнага адраджэньня гарачымі праменьнямі сваімі ўсіх абагрэла, усіх з’яднала, разварушыла застыгшыя сэрцы, заіскрыла выцьвяўшы ад сьпекі вочы і першае роднае слова са сцэны вітана было не аднэй сьлязой». Затым быў Полацк, аб чым карэспандэнт газеты Власт пазначыў: «Вокляскам канца не было: грымела гудзела ўся саля, як лежэнь з ройнымі пчоламі… Тэатр беларускі становіцца ўжо, дзякуючы заходам і рупнасьці дзядзькі Ігната Буйніцкага на цьвердыя падваліны і выплываюць усё новыя і новыя сілы. За гэтыя стараньні і рупнасьць шчырае дзякуй яму, a калісь, калі прабудзецца сьвядомасьць ува ўсім беларускім народзе, памяць Ігната Буйніцкага будзе святой для ўсіх».

Ігнат Буйніцкі з дачкой Вандай на сцэне. Фота: wikipedia.org

Ігнат Буйніцкі з дачкой Вандай на сцэне. Фота: wikipedia.org

Затым калектыў наведаў сталіцу Расійскай імперыі, дзе стаўся сапраўдным адкрыццём. Адзін з відавочцаў іх выступлення ў Пецярбургу запісаў: «Як выйшаў Буйніцкі са сваімі танцорамі і сялянамі — дударом, цымбалістам і скрыпачом — беларусамі, — па-простаму паварочваючыся, дык гэта адразу прынялі ўсе з захапленнем. А калі Буйніцкі з дачкой пайшоў «Лявоніху», а за ім чарада хлопцаў з дзяўчатамі, як пачалі прытупваць, падскокваць, дык уся публіка, тысяч восем народу, як ударыла ў далонькі, як закрычала «брава, брава, беларусы!». Ніколі і нідзе не бачыў, каб гэтак што спадабалася… пецярбуржцам, як беларускія танцы… Потым публіка распытвалася… скуль і якія гэта беларусы з’явіліся? Бо раней іх не чуваць было!»
Пасля спектакляў Буйніцкага ў Пецярбургу і Варшаве газеты пісалі пра «каласальны поспех» тэатра, што «будзіць у беларусаў пачуццё нацыянальнай годнасці».

Меў праблемы з царскім урадам

А вось апошняга ўжо ўлады дараваць не маглі: рэжысёра і яго паплечнікаў узялі пад паліцэйскі нагляд, паказы пачалі забараняць. Пачалося цкаванне і ў прэсе: расійскія газеты ў паклёпніцкіх матэрыялах усё часцей звярталі ўвагу на выкарыстанне «мужыцкай» мовы і «прымітыўнасць» рэпертуару беларускага тэатру, які лічылі нічым іншым, як «польскай інтрыгай». Тэатру ўвесь час даводзілася пераадольваць прыдзіркі цэнзуры і ўсялякія перашкоды мясцовых уладаў, якія бачылі ў дзейнасці трупы пагрозу вялікадзяржаўнай палітыцы царызму. У сваёй кнізе заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь А. П. Цыхун піша, што з-за выкарыстання беларускай мовы на афішах вечароў з удзелам трупы Буйніцкага артысты мелі праблемы з царскай паліцыяй.
У 1917 годзе Ігнат Буйніцкі трапіў на Заходні фронт, пад Маладзечна, дзе падчас падрыхтоўкі выступлення салдацкай самадзейнасці яму стала дрэнна, і 22 верасня ва ўзросце 56 гадоў ён памёр ад тыфу ў шпіталі каля мястэчка Гарадок. Захавалася нават прыгожая легенда, што Ігнат Буйніцкі памёр падчас танца... Ён наказаў пахаваць яго ў родным маёнтку Палівачы, што на Глыбоччыне, у трох соснах. Але калі родныя дочкі цягніком прывезлі цела бацькі ў маёнтак, у спустошаным вайной краі іх нават не было каму сустрэць.

Магіла Ігната Буйніцкага ў Празароках. Фота: westki.info

Магіла Ігната Буйніцкага ў Празароках. Фота: westki.info

Напачатку 1970-х гадоў яго магіла амаль знікла, калі яе знайшлі Уладзімір Караткевіч і прафесар Уладзімір Няфёда. Дзякуючы ім, парэшткі «бацькі беларускага тэатра» былі перанесеныя ў цэнтр суседняй вёскі Празарокі і перазахаваныя.