Леапольд Родзевіч і «Наша будучыня». Сто гадоў як адно імгненне

8 снежня 1922 года быў надрукаваны першы нумар газеты, рэдактарам якой быў паэт і драматург Леапольд Родзевіч. Газета была настолькі «неспакойнай» для ўладаў, што доўга існаваць ёй быў не лёс.

Першы нумар газеты «Наша будучына». Скрыншот «НЧ»

Першы нумар газеты «Наша будучына». Скрыншот «НЧ»

Так бывае, што застылыя ў памяці партрэты застаюцца плоскай праекцыяй асобы, якая згубіла сваю шматмернасць, страціла гісторыю і развіццё і засталася толькі адным момантам, адной іпастассю. Гэта здараецца з многімі творцамі, якія запамінаюць як пісьменнікаў, паэтаў, мастакоў і музыкаў, а разам з тым, па-за гэтымі абліччамі хаваліся яшчэ і іншыя — і тыя іншыя таксама былі жывымі, мелі свае зацікаўленасці і інтарэсы, маглі быць палітычнымі ці грамадскімі дзеячамі, дактарамі, навукоўцамі і г. д.

Паэт, празаік і драматург Леапольд Родзевіч быў якраз такім: па-за сваёй творчай дзейнасцю ён займаўся выданнем газет — сур'ёзных, з адкрытай палітычнай пазіцыяй, нацыянальна-арыентаваных і скіраваных на будучыню.

Менавіта яна, будучыня, вынесена ў загаловак сацыяльна-палітычнага штотыднёвіка «Наша будучына», першы нумар якога пабачыў свет у гэты дзень 101 год таму ў Вільні. Рэдакцыя «будучыні» мясцілася не абы-дзе, а ў самым цэнтры, на Вострабрамскай, і ў тыя часы магла дазволіць сабе не толькі аглядаць горад з ягонага сэрца, але і прамаўляць адтуль жа — з глыбінь народнай душы. Свет пабачылі ўсяго 9 нумароў газеты, але ў кожным з іх быў зварот да беларусаў — заклікі дбаць пра незалежнасць, заставацца моцнымі, не апускаць рукі.

На старонках «Нашай будучыні», якія вельмі лёгка можна паглядзець у сеціве, друкаваліся тагачасныя міжнародныя навіны, весткі з савецкага Менска, а таксама творчасць беларускіх літаратараў — як класічная (рэдактары маглі дазволіць сабе, напрыклад, Міцкевіча), так і актуальная. І ўсім гэтым займаўся не цэлы калектыў, як прынята ў сур'ёзных выданнях, а двое энтузіястаў: А. Амельяновіч і Л. Родзевіч.

Апошні — не абы-які паэт, — мог вольны час аддаваць творчасці, новым вершам і п'есам, але аддаваў перавагу грамадскай дзейнасці, газеце, якая давала значна большую магчымасць уплываць на людзей, што называецца, «тут і цяпер», даносіць да іх важныя і неабходныя думкі.


Адраджэнне


Бач, світанне напрадвесні,

Ўсюды гоман, льюцца песні,

Ўсход шырэе, цемра тае…

Эх, жыццё, святло буяе!

«Вераб’я» танцуе сэрца.

Верашчака у талерцы.

Со смеху жывот трасецца, —

Слуцкі пояс красой ўецца.

Го! Ка мне не прыступіцца:

Урок — наўцёк, ціпун баіцца,

Вораг лашчыцца, сябрыцца.

Бо, наеўшыся аладак,

Новы ўводжу я парадак.

Дрэнь — жыццё, жыццё старое,

Неўдалое і худое.

У дрыгву яго з імпэтам

Чабулдыхнуць перад светам.

Толькі камень прывяжыце,

Стопудовы,— паспяшыце,

Хай барзджэй на дно балота

Ляжа гэтая няцнота.


У «Нашай будучыні» друкавалі паэтаў, якім праў паўтара дзясятка гадоў наканавана будзе легчы навечна ў Курапацкім лесе — Уладзіміра Жылку, напрыклад. Уладзіміра Дубоўку больш за два дзесяцігоддзі будуць мучыць у лагерах. Друкавалася там будучая апальная паэтка Наталля Арсеннева — тады яшчэ маладая, толькі-толькі выпускніца Віленскай беларускай гімназіі. Не абмінуў лёс і самога Родзевіча: па яго прыйшлі ў 1933-м, абвінавацілі ў «нацдэмаўшчыне» і выслалі ў Саратаў, а там арыштавалі паўторна ў 1938-м — і гэта апошняя дата, вядомая ў жыцці рэдактара і творцы.


Вы і мы


Вашы сэрцы, бы апенькі,

На карчы жыцця грыбеюць.

У бястайных душах зрэнькі

Цвіллю лужы зелянеюць.

Вы — начных прывідаў цені.

Вам скон дня збаўленнем сніцца, —

Плюйце ж, кідайце каменні

На усход — там дзень крыліцца.

Што ж, цвікі падносьце катам,

Укрыжуйце церняваных.

...Аж падойдзе к буднім хатам

Дзень Вялік, вясной прыбраны.

Сцебане Бог бліскавіцай

Ды прыб'е пыл дажджавіцай.

Дудне Ілля на дудзе.

Па краіне галасістай

Радасць узрасце квяціста,

Радасць Нам, Агню, Вадзе.

Нас ёсць тройца. Мы змест Слова,

Вечны рух, жыцця аснова,

Згучнасць, вечнасці закон

Ды нутра зямелькі тон.


Калі гартаеш старонкі газеты, дрыжыкі прабіраюць. Як вам, напрыклад, такая фраза з рубрыкі «З беларускага жыцця»: «Н. Арсеннева перакладае на беларускую "Dziady" А. Міцкевіча»? Быццам дзве эпохі спляліся ў адну, і проста цяпер недзе там у Вільні славутая паэтка робіць пераклад не менш славутай паэмы... «М. Гарэцкі напісаў хрэстаматыю беларускай літаратуры за перыяд ад XI в. да 1905 г. Хутка выйдзе з друку». Знакамітай «Гісторыі беларускае літаратуры Гарэцкага», якую ведаюць усе беларускія філолагі, ужо больш за сто гадоў — і вось яна быццам толькі-толькі рыхтуецца выйсці з-пад друкарскага станка... І проста ў той час стварае свае шэдэўры Язэп Драздовіч — пра яго піша неабыякавы «вілянец»: «Яз. Драздовіч, нягледзячы на сваё вандроўнае жыццё і цяжкае матэрыяльнае становішча, усё-такі шмат творыць. Кожны год дае навінкі. Час яму было б падумаць аб выстаўцы сваіх малюнкаў»...

Два нумары «Нашай будучыні» канфіскавалі польскія ўлады Вільні — нягледзячы на пратэсты гараджан. Далей газета працягнула сваё існаванне ў выглядзе двух асобных выданняў: «Наша жыццё» (выйшла 6 нумароў) і «Вольны сцяг» (існавала пад рознымі назвамі з чэрвеня па кастрычнік 1923 года).


***

Ноч падзяліла... Светач дзе? Жыва!

Шоўгаем... Слізка... Балота ці кроў?

Сыкаюць цені... Абоймы... Тужліва

Дбайце аб волі. Волі!

Хрыпат братоў...

Душаць...

Людзі ці зверы? —

Сэрца гвалтоўна б'ецца ў дзверы,

Жалезныя дзверы жыцця, —

Волі! Волі!

Свету праменьчык хаця!

Так не было і не будзе ніколі.

Ланцуг-спавіяч з адчаю зубамі

Грызуць... Скрогат, стагнанне...

Пры катаванні для мук тамаванне

Робяць святымі славамі:

«Жыві, Беларусь — святліца працоўных!»

Ах, колькі ж ёсць мук невымоўных!

 Вершы Леапольда Родзевіча ўзятыя з інтэрнет-часопіса "TAUBIN".