Куды ідзеш, мая краіна?
Навуковец і публіцыст Віталь Воранаў прапанаваў рэдакцыі «Новага часу» серыю матэрыялаў для роздуму і дыскусіі па праблемах развіцця нашай краіны. Сваё першае эсэ ён так
і назваў — «Quo vadis, patria?» — якое ёсць, па сутнасці, праграмнай прадмовай да заяўленай ім тэмы.
«Свой агляд я планую рабіць, — піша Віталь, — са стаўкай на еўрапейскую культуру дыскурсу, параўнанні з аналагічнымі з’явамі ў краінах, якія добра ведаю на ўласным
досведзе: Польшча, Чэхія і ўвесь англамоўны, у шырокім разуменні гэтага слова, свет. Асноўны націск хацелася б зрабіць на сучасныя праблемы ў кантэксце палітыкі і культуры, менавіта з ухілам на
будучыню (што, можна сказаць, адсутнічае ў нашым дыскурсе), а не гісторыю (чаго даволі шмат). У плане глабальным, хочацца пазмагацца з састарэлымі стэрэатыпамі, як унутры беларускамоўнай грамады, так
і звонку».
Прапанова і два першыя эсэ спадара Віталя падаліся нам цікавымі. Прапануем іх вашай увазе, паважаныя чытачы, і ласкава запрашаем да дыскусіі.
Quo vadis, patria?
Па розных прычынах, у асноўнай сваёй масе беларускае грамадства — як з аднаго боку барыкады, так і з другога — жыве, мяркуе і выказваецца па біпалярнай схеме мыслення: белае і
чорнае, вораг і сябар, за і супраць, і гэтак да бясконцасці.
Больш удумлівую частку грамадства (якая, зрэшты, ва ўсіх краінах знаходзіцца ў меншасці, і гэта натуральны стан) не трэба пераконваць у тым, што ў кожным аспекце жыцця апрача белага і чорнага ці не
найболей шэрага. Пераконваць у гэтым трэба толькі большасць, якая ў глабальных пытаннях больш за ўсё схільная да таго, каб памыляцца. Так функцыянуе здаровая дэмакратыя, у якой кожны, нават самы
недакранальны аспект грамадскага жыцця падлягае крытыцы, дыскусіі і, калі трэба, то таксама пераасэнсаванню.
Такая дыскусія сёння адбываецца паўсюль — ад Лісабона да Таліна. Еўропа незваротна наблізілася да мяжы, у якой неабходна знайсці адказ на пытанне, што рабіць з нацыянальнымі дзяржавамі ва
ўмовах еўрапейскай інтэграцыі і сусветнай глабалізацыі. Гэтую дыскусію, у розных яе аспектах, спрабуюць перанесці і на беларускі грунт. Аднак ці магчымая паўнавартасная дыскусія ў непаўнавартасных
умовах гульні?
Дэканструктарскія праекты, як гэтага і трэба было спадзявацца, завіталі ў Беларусь, не дачакаўшыся завяршэння працэсу канструявання самой Беларусі. Сёння мы ўсё часцей задаемся пытаннем, ці патрэбны
нам яшчэ беларускі нацыяналізм.
Найлепей гэтая дыскусія адлюстраваная на прыкладзе спрэчак пра моўную палітыку ў Беларусі. Беларускамоўная частка грамадства, якая, часта памылкова, мае тэндэнцыю лічыць сябе больш прагрэсіўнай, усё
з большай рэгулярнасцю задаецца пытаннем пра патрэбу акцэптацыі рускамоўнага складніку сваёй культуры, гісторыі і літаратуры. Рускамоўныя пісьменнікі ў Беларусі ўсё часцей намагаюцца заняць сваё
месца ў каноне беларускай літаратуры. Беларускамоўныя мысляры штораз агучваюць думку пра неабходнасць існавання не тое што дзвюхмоўнай Беларусі, але і трох, і шматмоўнай. Паколькі моўнае пытанне ў
Беларусі — ці не самы фундаментальны аспект закранутай праблемы, то варта да яго прыгледзецца бліжэй.
Ці не даводзілася вам (звяртаюся перш за ўсё да беларускамоўнай часткі насельніцтва) сустракацца з сітуацыяй, калі вы здзіўляліся, што беларускамоўны суразмоўнік аказваўся дрэнным чалавекам, з якім
вам зусім не па дарозе?
У аднамоўным грамадстве разуменне таго, што людзі, якія размаўляюць на адной мове, не заўжды падзяляюць аднолькавыя інтарэсы, прыходзіць натуральна і амаль што незаўважна. Аднак як часта ў беларускай
прасторы мы чуем да болю наіўнае выказванне тыпу: «Мне бліжэй беларускамоўны чужынец, чым рускамоўны беларус»? Беларускамоўнаму беларусу вельмі складана і проста лянотна
ўсведамляць, што на свеце могуць быць людзі, якія будуць размаўляць з ім на адной мове, у іншых, чым бескарысных, ці, скажам, нават шкодніцкіх мэтах.
Ці не трапляе ў ступар большасць беларускамоўных, калі чуюць ад іншых беларускамоўных напады на беларускія каштоўнасці, класікаў, гістарычныя падзеі і г.д.? Як у такім выпадку патлумачыць чалавеку з
біпалярнай схемай мыслення, што беларускамоўны чалавек можа выкарыстоўваць мову як прыладу для прасоўвання сваіх, спрэчных з ягонымі, інтарэсаў? Як давесці, што беларускамоўны таксама можа быць
звычайным шкоднікам, адданым камуністам, апантаным фашыстам, агентам чужых спецслужбаў ці, скажам, тыпам псіхалагічнага саманенавісніка або паталагічным прадстаўніком ультраэгаістычнага мыслення, для
якога дабро агулу — гэта абстрактная, а часам нават варожая ідэя? Якім спосабам давесці, што беларускамоўны можа ў адной меры быць як маніпулятарам, такі і маніпуляваным? Нярэдка пастаноўка
такой праблемы — гэта надзвычай складаная справа.
Ва ўмовах, калі большасць беларускамоўнага грамадства не валодае базавымі паняццямі, то дыскусія пра фундаментальныя асновы становіцца амаль немагчымай, аднак тое, вядома, не азначае, што такія
пытанні не будуць насільвацца і множыцца. У большасці выпадкаў праекты па знішчэнні беларускай ідэі (як, напрыклад, «заходнерусізм», цудоўна апісаны Аляксандрам Цвікевічам) крочылі
з ёю побач яшчэ да пачатку яе з’яўлення.
У наш час паўстаюць і будуць працягваць нараджацца таксама новыя дэканструктарскія праекты, якія падпарадкаваныя глабальным з’явам і працэсам. Зацікаўленыя колы не будуць чакаць завяршэння
канструкцыі, паколькі незавершанасць нацыянальнага праекту дае ім пэўную перавагу.
Любы іншы аднамоўны народ лепш за беларусаў падрыхтаваны да таго, каб бараніць сваё, і гэта не заўжды звязана з плюсамі аднамоўнага грамадства, але з глыбейшым разуменнем розных недаасэнсаваных у
дзвюхмоўных краінах аспектаў. У білінгвістычных жа грамадствах гэтыя праблемы больш падатлівыя да таго, каб трапіць у пастку біпалярнага мыслення.
Усё гэта азначае, што прыхільнікам і апалагетам беларускай ідэі трэба з яшчэ большай пільнасцю ставіцца не толькі да старых, але і да новых дэканструктарскіх праектаў, з яшчэ большай увагай адсочваць
іх, аналізаваць і своечасова адказваць сваім апанентам. Дык што, пачнём?
Я за двухмоўе, how about you?
Паводле дадзеных апытання, зладжанага «Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў» у верасні 2009 года, усяго толькі пятая частка (19,8%) беларусаў
выступала за наданне беларускай мове статуса адзінай дзяржаўнай. Пераважная большасць рэспандэнтаў схілялася да захавання двухмоўя. Пры гэтым толькі «за рускую» прагаласавала б 15%
рэспандэнтаў, а толькі «за беларускую» — 19,8%. Асабіста я ані ў сацыялагічныя апытанні, ані ў нацыянальныя перапісы, асабліва зробленыя на нашай прасторы, не надта веру
(тут шмат залежыць ад умелай пастаноўкі пытання). Аднак не сумняваюся ў тым, што вынікі дадуць глебу для працягу спрэчак паміж прыхільнікамі і ненавіснікамі беларускай мовы. Адны будуць казаць:
«Нас на 500 тысяч болей, чым вас. Жыве Беларусь!» Другія адкажуць: «Дайте нам ещё десять лет. Следующая перепись покажет». У гэтай спрэчцы ўжо шмат гадоў губляецца
самае галоўнае — час.
Наш свет разагнаўся да такой хуткасці, што для таго, каб не выпасці з арбіты на першым павароце, трэба навучыцца прымаць вельмі хуткія і правільныя рашэнні. Нельга цешыць сябе надзеяй, што ў эпоху
вычварнай глабалізацыі «малыя» мовы захаваюць свой папярэдні статус, выстаяўшы ў змаганні з мовамі імперый. Рэальная задача-максімум «малых» моваў — гэта
захаванне статус-кво. Поспех у выкананні задачы будзе залежаць ад абранай тактыкі. Можа, яшчэ не позна зразумець, чаму партызанскі атрад ідзе ў адкрыты бой выключна ў выпадку пагрозы поўнага
знішчэння.
Беларусь — двухмоўная краіна: вось ужо на працягу некалькіх стагоддзяў мы напераменна гаворым на лаціне, па-польску, па-нямецку, па-руску. У гэтым плане наш народ не з’яўляецца ані
выключным, ані абраным. Па ўсёй Еўропе, не згадваючы нават пра іншыя кантыненты, шмат якія народы традыцыйна двухмоўныя, а некаторыя — нават шматмоўныя. Досвед шматмоўнасці ёсць і ў БССР у
1920-х — 1930-х гадоў. І калі нам пачынае здавацца, што ў гэтым плане мы самыя «ненармальныя», то трэба прыгадваць, што білінгвальнае насельніцтва планеты складае каля
60–75%.
Пра тое, што родную мову ведаць трэба, спрачацца будзе мала хто, аднак застаецца пытанне, якой павінна быць другая мова. Чаму, апрача беларускай, мы павінны аддаваць перавагу мове суседкі? Гэта
калісьці сілу краіны вызначалі моцнае войска і колькасць штыкоў, але сёння лічыцца ў асноўным не столькі хуткасць, колькі ўжо дасягнуты ўзровень мадэрнізацыі. Колькасць насельніцтва і плошча
тэрыторыі не маюць у гэтым плане першаснага значэння. Магчыма, таму, хаця шмат хто гэта прадказваў, кітайская мова так і не стала мовай сусвету. У Беларусі, у якой адзіны значны рэсурс —
гэта людзі, магчымасць мадэрнізацыі хаваецца перш за ўсё ў валоданні мовай заможнай большасці. Аргумент пра тое, што мы павінны ведаць мову навукі, медыцыны, тэхналогіі слушны, аднак мы забыліся пра
тое, што мова, пра якую гаворка, — англійская. Мы, вядома, маглі б паспрабаваць перакласці ўсё на беларускую мову, але баюся, што, як і перакладчыцкі корпус Еўрапарламента, маглі б не
ўгнацца за актуалізацыямі. Пакуль мы б наблізіліся да паловы, то веды ў навуцы, медыцыне і тэхналогіі пабагацелі б таксама напалову. Прасцей усё ж будзе вывучыць мову арыгіналу, а не выконваць
сізіфаву працу. Чым раней мы гэта пачнём, тым меншай энергіі нам будзе каштаваць мадэрнізацыя. Трэба мець на ўвазе, што рана ці позна мы будзем вымушаныя мадэрнізавацца. У такой сітуацыі
падтрымліваць мову беднай суседкі стане немэтазгодна. Па-першае, на адных сантыменах рабіць гэтага беларусы не стануць, па-другое, хутчэй за ўсё, рускія самі з часам стануць двухмоўным грамадствам, і
размаўляць нам з імі можна будзе па-англійску.
Памятаеце анекдот пра шматмоўнага, двухмоўнага, і амерыканца? Сёння нават амерыканцы не ў стане дазволіць сабе быць аднамоўным грамадствам, і ўсё больш актыўна (тут парадыгма дзейнічае ў адвароты
бок) яны засвойваюць іспанскую — мову беднай суседкі. Але мы — не амерыканцы, мы сабе такое дазволіць не можам.