Канферэнцыя: 200-годдзе вайны 1812 года ды аднаўленне ВКЛ
27 кастрычніка ў Мінску адбылася навуковая канферэнцыя, прысвечаная 200-годдзю вайны 1812 года паміж Напалеонам і Расійскай імперыяй ды аднаўленню Вялікага Княства Літоўскага. Арганізатарам
канферэнцыі выступіў грамадскі камітэт “Вялікая Літва – гістарычная памяць Беларусі.
Выступ Купавы
Як адзначыў старшыня камітэта, мастак Мікола Купава, падчас вайны 1812 года беларускі народ падзяляў каштоўнасці, што несла напалеонаўская армія, і не патрымліваў расійскі дэспатызм. Вось чаму,
паводле ягоных слоў, ў кожнай сядзібе і хаце рыхтавалі святочны стол, каб сустрэць Напалеона – вялікага жаданага госця. “Але вайна рабілася не па беларускім сцэнары, у каторы былі
ўнесеныя непрадбачаныя карэктывы, -- падкрэсліў Купава.
Паводле слоў доктара гістарычных навук, прафесара Міхася Гурына, Напалеон не ішоў на ВКЛ, як агрэсар, яго чакалі лідары краіны, у тым ліку Дамінік Радзівіл і Міхал Клеафас Агінскі. “І не так
проста было дабіцца ад Напалеона, каб ён дапамог нашым продкам аднавіць незалежнасць і годнасць ВКЛ. Вось чаму армію еўрапейскай кааліцыі вельмі гасцінна сустракалі ў Вільне – былой сталіцы
ВКЛ, -- адзначыў навукоўца. Ён звярнуў увагу на тое, што падчас гэтай вайны расійская армія завяршыла рабаванне Нясвіжскага замку і адных толькі ўпрыгожанняў вывезла адтуль на 10 мільёнаў
дукатаў. “І гэта пры тым, што сёння за адзін тагачасны дукат можна прыдбаць каляровы тэлевізар, -- падкрэсліў Гурын. Паводле ягоных слоў, вайна 1812 года стала вялікай трагедыяй
для беларускага народу, які за 1812-1813 гады ад ваенных дзеянняў, голаду і эпідэмій невядомых хвароб страціў 1 мільён чалавек, у той час як за чатыры гады (1941-1945) Другой сусветнай вайны на
тэрыторыі Беларусі – 3 мільёны. На думку гісторыка, “мы павінны быць ўдзячныя еўрапейцам, якія згадзіліся дапамагаць нашым продкам, знайсці магілы гэтых мужных людзей, якія
змагаліся за Радзіму, і годна ўшанаваць іх памяць.
Міхась
Гурын
Вучоны сакратар грамадскага Інстытута беларускай гісторыі і культуры, аўтар кнігі “1812 год -- трагедия Беларуси, прафесар Анатоль Тарас адзначыў, што на тэрыторыі
Беларусі сутыкнуліся інтарэсы і планы Расійскай імперыі і Напалеона, які не быў носьбітам свабоды. “Як усякі выбітны палітык, імператар Францыі клапаціўся толькі пра інтарэсы сваёй Айчыны. А
тое, што нашыя продкі атрымалі надзею на адраджэнне сваёй магутнай і старадаўняй дзяржавы – гэта следства палітыкі Напалеона, катораму былі абыякавыя інтарэсы палякаў, літоўцаў і
рускіх. Вось чаму ён спакойна выкарыстаў надзеі шляхты на адраджэнне ўнітарнай Рэчы Паспалітай – польскай дзяржавы згодна з Канстытуцыяй 3 мая 1791 года, сялянства – на волю і
адмену паншчыны, мяшчанства – на буржуазныя рэформы, а святары – на ліквідацыю дыктату рускай праваслаўнай царквы, -- падкрэсліў Тарас. Аднак, паводле ягоных слоў,
імператар Францыі толькі паспеў адрадзіць падкантрольнае яму аўтаномнае ВКЛ са сталіцай у Вільні і польскай мовай у якасці дзяржаўнай, дэклараваў стварэнне дзяржавы Беларусія са сталіцай у
Магілёве, і паабяцаў пасля вайны адмяніць прыгонны стан сялянства З-за некалькіх простых памылак Напалеон трапіў у палон сваіх хуткіх перамог над рускай арміяй, якая проста бегла ад яго (за
два месяцы вайны Напалеон дасягнуў Смаленска, як і ў 1941 годзе Гітлер (які ў адрозненне ад імператара Францыі меў матарызаваную армію), захапіўся, адкінуў план двухгадовай вайны, адмовіўся ад
намераў ўладкоўваць заняты край, адразу пайшоў на Маскву з мэтай разбіць рускіх ў генеральнай баталіі, што і згубіла Напалеона – ён пацярпеў паразу, якая ў Беларусі прывяла да пачатку
канфіскацыі шляхецкай маёмасці, кансервацыі прыгонніцтва і эканамічнага спусташэння краю, сказаў Тарас. Ён характарызаваў падзеі 1812 года на Беларусі, як “трагедыю з элементамі
грамадзянскай вайны.
Анатоль Тарас
На канферэнцыі таксама выступілі доктар гістарычных навук Леанід Лыч (царкоўна-рэлігійная сітуацыя ў Літве-Беларусі напярэдадні і ў час вайны 1812 года), краязнаўца Анатоль Валахановіч
(партызанскі рух у Койданаўскім павеце), Сяргей Чыгрын (лёс генерала Яна Канопкі і іншых ваеначальнікаў ВКЛ) і Леанід Лаўрэш (канец 1812 года і 1813 год на Лідчыне).
Мікола Купава паведаміў, што ў планах камітэту “Вялікая Літва – гістарычная памяць Беларусі – святкаванні 175-годдзя з дня нараджэння нацыянальнага героя
Беларусі Кастуся Каліноўскага, 150-годдзя паўстання 1863-1864 гадоў і 500-годдзя перамогі ў Аршанскай бітве 8 верасня 1514 года.