«Горад без айчыны»: Гродна ў 1919 годзе
Адна з памятных датаў для горада над Нёманам засталася цалкам незаўважанай. А менавіта — уваход у горад польскіх войскаў 27–28 красавіка 1919 года. Ад гэтых дзён можна адлічваць пачатак гісторыі міжваеннага Гродна, канец папярэдняй і пачатак новай эры.
Падчас нядаўняй дыскусіі «Горад без айчыны» гісторык Андрэй Чарнякевіч адзначыў, што ў кантэксце міжваеннага Гродна часцей за ўсё мы згадваем 1939 год: пра гэта знятыя фільмы, напісаныя кнігі і безліч артыкулаў, захаваліся ўспаміны і фота. Падзеі ж 1919 года цалкам выпалі з дыскусіі.
«Папярэдні свет — можа кепскі, можа не вельмі, — кануў у лету, — разважае Чарнякевіч. — Вайна змяніла ўсё, а што будзе далей — невядома. Усё, што адбываецца тут, у Гродне ў 1919-м — гэта гульня з лёсам і спадзяванне на тое, што для гораду і ягоных жыхароў ён будзе літасцівы, прынясе мір і лад. Адкуль будзе той лад? Хто яго гарантуе? Якая дзяржава зменіць Расійскую імперыю? Вось гэта пытанні!»
Гродна 100-гадовай даўніны — гэта горад без дзяржавы, населены людзьмі без дзяржаўных маркёраў, без лаяльнасці, стабільнасці і пачуцця абароненасці. Наўпрост разгубленыя, вымушаныя выжываць у тых абставінах, якія склаліся. Падаецца, што і сёння, калі ўсё часцей гучаць трывожныя галасы пра перспектыву страты дзяржаўнасці ды радыкальных зменаў, падзеі таго года ды эмоцыі сведкаў могуць быць цікавымі ды актуальнымі.
Ланцужок прыходаў і сыходаў
Пачаць можна было б з цытаты Аркадзя Бухава, пісьменніка-сатырыка адэскай школы (накшталт Бабеля, Ільфа і Пятрова). На пачатку 1919 года ён быў лёсам закінуты ў Гродна і стаўся сведкам тутэйшых падзеяў. Праз год свае рэфлексіі Бухаў надрукаваў фельетонам «Нядаўнія ўспаміны» ў газеце «Эхо»:
«…Найперш з Гродна знікла яўрэйскае насельніцтва: знікла па экстранным намаганні добрых рускіх уладаў, якія, мабыць, лічылі, што тэрміновае высяленне яўрэяў зможа замяніць нястачу снарадаў і памылкі ў планах генеральнага штабу, — піша Бухаў пра пачатак вайны. — Пасля пачалі рабіць уцекачоў з мясцовых палякаў. Палякі з’ехалі, за імі пакінулі горад і чыноўнікі. Што ў горадзе засталося? Невядома. Кажуць, засталася армія, якая таксама адступіла. Здаецца, што з гораду было выселена і сышло ўсё, акрамя аднаго кульгавага краўца, які мне пасля і распавёў пра гэта».
Пасля Бухаў апісвае прыход немцаў. Ані слова пра вайсковыя дзеянні, выключна побытавыя моманты, накшталт таго, што кайзераўцы прымусілі адрамантаваць ходнікі ды адлавілі бадзяжных сабак. Канец гаспадарання немцаў пісьменнік апісвае іранічна: «Пачакалі сваёй рэвалюцыі, троху пасядзелі і сышлі». Варта прывесці таксама ўражанні Бухава ад 1-га Беларускага палка, які ў Гродна стваралі Кастусь Езавітаў і Кіпрыян Кандратовіч:
«Пасля прыйшоў беларускі полк, які вельмі ўсцешыў усё мясцовае насельніцтва і скрайне перапужаў сялян-беларусаў, якія, паводле словаў аднаго майго знаёмага з іхнага серадовішча, скептычна наракалі: «Рускія былі — сышлі. Немцы прыйшлі — сышлі. Зараз яшчэ і беларусы прыйшлі… Нешта будзе».
Ну і, нарэшце, Бухаў апісвае прыход палякаў, яшчэ не ведаючы, што акурат яны будуць кіраваць горадам наступныя дваццаць гадоў: «Беларускі полк быў нядоўга, яго змянілі палякі. Яны адразу ж, насуперак сумневам мясцовых жыхароў, адчулі сябе старажыламі і абвясцілі ўсё, што можна ахапіць вокам, спрадвеку польскім: і жыхароў, і дамы, і дрэвы, і нават шпакоў на даху…»
У каго сіла — той і будзе «карэнным» гродзенцам
Мы падаем погляд не гродзенца, але чалавека на кароткі час звязанага з горадам, пазбаўленага сімпатыяў і не ўкаранёнага ў асяродак. З аднаго боку, бачна, што для Бухава Гродна — параўнальна спакойнае і ўтульнае месца, дзе можна перачакаць крывавыя падзеі тых гадоў. З іншага — сустракаем пералік уладаў, якія змяняюць адна адну: рускія, немцы, беларусы, палякі… пазней дададуцца бальшавікі.
Кожная з гэтых уладаў, мабыць, акрамя БНР, прэтэндавала на горад выключна з пазіцыяў мацнейшага. Маўляў, хто горад утрымае — той і будзе карэнным гродзенцам. У каго сіла — у таго і праўда, і ўлада, і горад. Жыхары ж апынуліся замкнёнымі ў горадзе-трафеі, які толькі чакаў моцнай рукі, якая яго падхопіць.
Цікава, што Гродна апынуўся ў падобнай нявызначанай сітуацыі ўпершыню ад часоў падзелаў Рэчы Паспалітай. Усё ХІХ стагоддзе, за выключэннем кароткай «навальніцы» 1812 года, горад пражыў у Расіі. Дарэчы ўзгадаць гістарычны анекдот: пасля падзелаў Прусія прэтэндавала на левабярэжную частку Гродна, але расійскі амбасадар не саступаў. Прусакі, урэшце, пайшлі на расійскія ўмовы, але, каб захаваць твар, нібыта «падарылі» Расіі частку горада. У адказ раз’юшаная Кацярына ІІ загадала адпісаць немцам: «Нам не могуць падарыць тое, што нам належыць па праву».
Вяртаючыся да нашых падзеяў, варта ўзгадаць, што ў пэўным сэнсе Гродна быў адным з апошніх пунктаў у Беларусі, дзе скончылася Першая сусветная вайна: нямецкія войскі стаялі тут да апошняга, ратуючы горад і яго жыхароў ад анархіі. З немцамі ўсё ясна, — яны акупанты, Гродна паводле іх планаў уваходзіў у Обер-Ост. Хто ж прыйшоў пасля ды назваў горад сваім? Хто «акупант», а хто — «вызваліцель»?
Ад нямецкіх кулямётаў да палітычнага плюралізму
Калі пацікавіцца гістарыяграфіяй на тэму, то тэрмін «акупанты» — дакладны маркёр пазіцыі аўтара. Калі пішуць «палякі акупавалі Гродна» — значыць, аўтар, найхутчэй, трымаецца постсавецкай традыцыі. Калі «палякі занялі/вызвалілі» — значыць, прапольскай альбо нейтральнай. Чым, урэшце, для Гродна быў Беларускі полк, які, хай і фармальна, але падпарадкоўваўся Літве? Як дзялілі ўладу Губернскі камісарыят ды Цэнтральная беларуская рада Гродзеншчыны? І ці варта казаць у прынцыпе пра манаполію на цывільную ўладу?
Калапс упраўлення, які пачаўся ў 1915 годзе, далей, нібы эстафета, перадаваўся ад улады да ўлады. Немцы да канца 1918-га неяк стрымлівалі анархію з дапамогай кулямётаў. Менавіта ў Гродне напрыканцы 1918-га апынуўся нямецкі генерал Эрых фон Фалькенхайн, апошні камандуючы 10-й арміяй. Ён кіраваў адыходам немцаў з Украіны і Беларусі. Цікавостка ў тым, што Фалькенхайн быў адным з пачынальнікаў Вялікай вайны ды ініцыятарам выкарыстання атрутных газаў… Тут жа ён да апошняга бараніў парадак і стрымліваў хвалю рэвалюцыі з Усходу.
Крызіс улады справакаваў яшчэ адзін цікавы феномен — палітычны плюралізм. Ніколі перад гэтым, ніколі пасля (хіба да часоў Перабудовы), горад не адчуваў такога ўздыму дэмакратыі, як у апошнія месяцы нямецкай акупацыі. У лютым 1919-га адбываліся самыя дэмакратычныя выбары ў органы мясцовага самакіравання, у праўленне яўрэйскай гміны, у саветы рабочых дэпутатаў. Да гэтага дадаліся яшчэ розныя нацыянальныя камітэты, якія ладзілі з’езды: адных беларускіх прайшло некалькі. Урэшце з’явіліся новыя газеты і свабода слова. Нагадаем, што фармальна ўсё гэта рабілася пад акупацыяй!
У гісторыі не аднойчы здаралася, калі ўслед за крызісам улады спачатку ідзе плюралізм, выбары і дэмакратыя, але пазней — анархія і гвалт. Нядаўні прыклад — распад СССР, які прынёс свабоду, а пазней — «ліхія 90-я»… Урэшце, перапужаныя гродзенцы ў 1919-м былі не столькі зацікаўленыя ў дзяржаўнай прыналежнасці альбо гістарычнай справядлівасці, колькі ў захаванні жыцця і маёмасці, аднаўленні «нармальнасці» за любы кошт.
«Гібрыдная вайна» — бальшавіцкая стратэгія
У гэтых умовах бальшавізм і савецкая ўлада выглядалі таямніча і загадкава, як нешта, чаго яшчэ ніколі не было, як альтэрнатыва нацыянальным праектам. Формула рэалізацыі ўлады бальшавікоў вядомая і сёння — гэта тая ж самая «гібрыдная вайна». Спачатку на тэрыторыю, занятую немцамі, прыбываюць бальшавіцкія агенты. Яны пачынаюць інфармацыйную «накачку» насельніцтва з дапамогай улётак, газетаў і зваротаў. Пазней — назапашванне зброі і стварэнне вайсковага падполля.
Цікава, што на пачатку 1919-га бальшавікі ў Гродне мелі на руках прыкладна столькі ж зброі, колькі і 1-шы Беларусі полк. Урэшце, перад прыходам асноўных частак чырвоных, мусіў адбыцца пераварот… У горадзе над Нёманам, здаецца, усё ішло паводле плану, але перавароту так і не адбылося: занадта моцная канкурэнцыя паміж рознымі сіламі. Як вынік, савецкая ўлада ў горад прыйшла адно ў ліпені 1920-га на штыках чырвонаармейцаў.
«Чалавек са стрэльбай» як герой часу
Крызіс улады ў горадзе агулам выліўся ў хвалю злачынстваў: «Эксцэсы бандытызму з’яўляюцца прадуктам безуладдзя, — пісала на пачатку 1919-га мясцовая газета «Наше утро». — Бандытызм — непазбежны вынік пералому і пераходнага часу». Што гэта за праявы? Грабяжы, згвалтаванні, забойствы… Але адзін выпадак надзвычай характэрны.
Гісторыя адбылася ля мястэчка Азёры на поўнач ад Гродна. Два селяніна ішлі па шляху, ім насустрач — брычка з вяселля. У ёй маладыя — яўрэі. У аднаго з сялянаў, магчыма былога вайскоўца, пры сабе апынулася стрэльба. Сустрэўшыся, ніхто нікому нічога не кажа, сяляне ідуць далей, брычка едзе. Раптам узброены дзядзька моўчкі разварочваецца, цэліць і страляе. У выніку — забівае дзяўчыну з брычкі, нявесту.
У горадзе і ваколіцах яшчэ пануюць немцы. Селяніна арыштоўваюць і дапытваюць. Адбываецца цалкам бязглуздая размова: «Што насамрэч адбылося? Можа нехта кагосьці абразіў ці ведаў да гэтага? Навошта страляў?» Селянін адказвае адмоўна на ўсе пытанні і толькі на апошняе выдае следчаму: «Хацеў стрэліць».
Мабыць, гэты момант і ёсць квінтэсенцыяй гвалту, які вітаў у паветры. Усё склалася: зброя, ахвяра і чалавек, які «хацеў стрэліць». Між іншым, зброі на руках у насельніцтва поўна, нагодаў стрэліць — безліч. Адсутнасць пэўнай улады стварае шмат опцыяў для пасіянарыяў… Збіраюцца рабочыя дружыны, польская самаабарона, беларускі полк, бальшавіцкія арганізацыі, не кажучы пра крымінальныя групоўкі. Кожны можа далучыцца і знайсці сябе ў гэтым. Так гвалт стае адным з элементаў паўсядзённасці.
Паддашша ці склеп — дзе хавацца?
Безумоўна, найбольш крыві лілося падчас вайсковых дзеянняў. А гэта ліпень і верасень 1920-га, калі польска-савецкі фронт спачатку адкаціўся на захад, пасля — вярнуўся на ўсход. Акурат у Гродне тады ішлі крывавыя баі, сведкам якіх стаў ужо знаёмы нам Аркадзь Бухаў:
«…Нехта меўся хлопнуць дзвярыма, а нехта гэтыя дзверы адчыніць. Кажучы простай мовай, бальшавікі хацелі ўзяць Гродна, а палякі не хацелі сыходзіць. Для мірнага насельніцтва гэта значыла, што адны будуць біць перад сыходам, а іншыя — пасля прыходу. Адзін з мясцовых «стратэгаў», уласнік бакалейнай лаўкі, даводзіў мне, што неабходна адно ўлічыць момант:
— Калі будуць сыходзіць, кожны мае пайсці на паддашша.
— Навошта?
— Ён яшчэ пытаецца «навошта»? Каму будзе ахвота рабаваць на паддашшы, калі тое можна зрабіць на першым паверсе? Затое, калі будуць прыходзіць, трэба лезці ў склеп.
— А гэта навошта?
— Ён яшчэ не разумее… Хто ж палезе рабаваць у склеп, калі тое можна зрабіць на другім паверсе?»
Далей Бухаў піша, што ягоны суразмоўца ўсё ж недаацаніў энергіі і працаздольнасці тых, хто сыходзіў і прыходзіў: рабавалі і на паддашшы, і ў склепе, і на ўсіх паверхах. «Гэта была добрасумленная, хораша выкананая праца», — рэзюмуе пісьменнік.
«Абы не было вайны»
У ліпені-жніўні 1920-га, пасля ўзяцця гораду бальшавікамі, партработнікі пачалі збіраць паперы і дакументы пра факты гвалту, які палякі ўчынялі ў дачыненні да яўрэяў. Вырваныя бароды, заколатыя штыкамі ахвяры з далучанымі фотаздымкамі… Збіралі, зразумела, для прапагандысцкіх мэтаў, каб пазней выдаць у брашурах, арыентаваных, найперш, на замежнага чытача. Для чаго гэта рабілася?
Зразумела, што польскія жаўнеры наўрад ці былі больш жорсткімі за чырвоных кавалерыстаў корпусу Гая. Для Бухава і ягоных суразмоўцаў — абое рабое. Наўпрост у момант крызісу ўлады адным са спосабаў набыцця легітымнасці стае «чорны піяр» ворага. Маўляў, вораг заўжды больш крывавы, таму і вайна з ім — шляхетная справа.
Галоўны матыў у мясцовай тагачаснай прэсе: «абы не было вайны». Часам нам падаецца, што гэты пасыл — спадчына 1990-х гадоў альбо навязаны аднекуль зверху, але відавочна, што нешта падобнае заўсёды адчувае грамадства, пазбаўленае ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. У такой сітуацыі кожная опцыя, якая дала б моцную стабільную ўладу, стае прымальнай. Вось, скажам, што пісала газета «Наше утро»:
«У плане грамадска-прававога жыцця наш горад знаходзіцца ў стане поўнага разброду. У нас ёсць польскі, беларускі, яўрэйскі і часовы гарадскі камітэт. У нас адсутнічае, аднак, пэўная ўлада, якая б выказвала волю ўсяго насельніцтва і карысталася б у яго аўтарытэтам. А між іншым, час не чакае, бо падзеі ідуць наперад шалёным тэмпам. Бліжэйшым часам можа прыйсці момант, калі мы будзем прадстаўленыя самі сабе…»
Вось гэтае «самі сабе» дыхае роспаччу і адчаем, гэта ці не самае страшнае, што толькі можа здарыцца. Сітуацыя Гродна, канешне ж, не ўнікальная: некаторыя сібірскія альбо ўкраінскія гарады мянялі ўладу па 5–7 разоў, а можа і болей. Але ўсё гэта непазбежна адбіваецца на штодзённым жыцці ды эканоміцы рэгіёну.
Мадэрнізацыя «па-нямецку»
Напярэдадні Вялікай вайны, у 1914–1915 гадах, горад перажываў эканамічны ўздым. Расійская імперыя ўклала вялікія грошы ў пабудову крэпасці і фартоў вакол Гродна, якія «залатым дажджом» праліліся і на ягоных жыхароў. Ішла перапланіроўка, паўстала шмат новых будынкаў, яшчэ больш вуліц былі аздобленыя брукаванкай. Тады расійскія ўлады не паспелі пабудаваць хіба каналізацыю — гэта зрабілі ўжо палякі ў 1930-х.
З пачаткам вайны пайшоў моцны адкат назад: росквіт змяніўся дэградацыяй. Цікава, што сярод іншага, перастала працаваць асенізацыя… Зрэшты, немцы падыходзілі да эканомікі прагматычна: напрыклад, пачалі дабываць мінеральную ваду, дабудавалі яшчэ адну воданапорную вежу. Падобны падыход кайзераўцы практыкавалі і ў іншых гарадах: разам з імі ў Наваградку, напрыклад, з’явілася электрычнасць і вузкакалейка.
Мадэрнізацыя па-нямецку мела і іншы бок. Адступаючы, немцы знішчалі ці спрабавалі прадаць створаную імі ж інфраструктуру. У Гродне такім чынам знікла, напрыклад, мармеладная фабрыка. А яшчэ ў часы акупацыі гродзенцы ўпершыню пазнаёміліся з сістэмай картак. Карткі ў прынцыпе з’яўляюцца прыдумкай Першай сусветнай вайны, імі карысталіся ці не ўсе ўдзельнікі. Дзе карткі — там чэргі па ежу ды барацьба за выжыванне…
Знайсці беларусаў у Гродне і Вільні
Вайна — гэта яшчэ і вялізныя дэмаграфічныя змены. Паводле перапісу 1914 года, у Гродне (разам з гарнізонам) жыло 56 тысяч чалавек. Большасць — яўрэі. Зусім хутка колькасць зменшылася больш як на палову: паводле нямецкага перапісу 1916-га — ужо 24 тысячы. Цікавы, у тым ліку, этнічны склад. Немцы фіксавалі яго не паводле мовы, але паводле нацыянальнасці. Беларусы на апошнім месцы — 400 чалавек, палякаў было 7,5 тысячы, яўрэяў — 15 тысяч.
І тут варта памятаць, куды хто падзеўся: адток насельніцтва стаў вынікам прымусовай эвакуацыі. Вядомы допіс генерала Фалькенхайна, які «не знайшоў» беларусаў ані ў Гродне, ані ў Вільні. А як можна разглядаць у якасці партнёраў ці сваіх пераемнікаў на акупаваных тэрыторыях тых, каго «няма»?.. Таму немцы далей і не шукалі, разглядаючы ў якасці гульцоў літоўцаў, палякаў ды бальшавікоў.
Горад стаў фактычна транзітным: спачатку, у 1915-м, людзі масава з’язджалі ў бежанства, у 1918-м — вярталіся. Тады ж дадалася і новая хваля бежанцаў: тыя, хто бяжыць ад бальшавікоў з усходу. Разам з перасоўваннем фронту ў 1919–1920-м гэтыя ж падзеі паўтараюцца яшчэ некалькі разоў… У дадатак з нямецкага палону вярнуліся былыя жаўнеры імператарскай арміі. Горад стаў падобным не да месца, дзе жывуць, але да пункту, дзе праводзяць час.
Усё гэта варта асэнсоўваць хаця б для таго, каб зразумець, што выбар дзяржаўнай прыналежнасці для гродзенцаў (якія, па вялікім рахунку, мала што вырашалі) быў свайго роду латарэяй, а не свядомым асэнсаваным рашэннем. На наступныя 20 гадоў Гродна апынуўся ў складзе Польшчы, а не БНР ці Літвы, не праз глыбокія патрыятычныя памкненні ці гістарычныя сімпатыі жыхароў, але паводле «права моцнага», прагі спакою і «нармальнасці».