Ідзе збор подпісаў за ўвядзенне беларускай мовы на польскіх КПП
"На польскіх памежных пераходах з Беларуссю немагчыма знайсці якую-колечы інфармацыю на гэтай мове".
У інтэрнэце можна паставіць подпіс пад петыцыяй да Падляскага і Люблінскага ваяводы ў справе ўвядзення беларускай мовы на польскіх КПП на мяжы з Беларуссю. Перш за ўсё гаворка ідзе пра інфармацыйныя табліцы, аўдыё і відэапаведамленні, знакі, якія цяпер паяўляюцца толькі на расейскай і польскай мовах.
«Беларуская мова з’яўляецца дзяржаўнай мовай усходняга суседа Польшчы і падкрэслівае яго суверэннасць. Міністэрства замежных спраў Польшчы бярэ гэта пад увагу ў сваіх дзеяннях ужо шмат гадоў. Таксама іншыя польскія дзяржаўныя ўстановы падтрымліваюць беларускія арганізацыі, якія імкнуцца захаваць і папулярызаваць беларускую мову.
Адначасова на польскіх памежных пераходах з Рэспублікай Беларусь немагчыма знайсці якую-колечы інфармацыю на гэтай мове. Беручы пад увагу захады цэнтральнай адміністрацыі, гэта выглядае як недагляд, які трэба тэрмінова выправіць», — чытаем у петыцыі.
Ініцыятары петыцыі адзначаюць, што гэта месца першага кантакту грамадзяніна іншай краіны з польскай тэрыторыяй. Кожны год імі карыстаюцца мільёны беларускіх грамадзян, а якасць паслуг у гэтых месцах і імідж, якія яны ствараюць, з’яўляюцца ключавым для ўспрыняцця Польшчы.
Петыцыю можна падпісаць тут.