Любімыя мультфільмы дзяцінства загучаць па-беларуску

У сеціве стартуе конкурс на ўдзел у беларускай агучцы мультфільмаў з дзяцінства. Ініцыятарамі выступілі відэасэрвіс VOKA і праграма для стварэння дубляваных гукавых дарожак Dubller.

dubller_voka.png

 
З 7 чэрвеня любы жадаючы разам са сваёй камандай зможа запісаць галасавыя дарожкі да ўрыўкаў з прапанаваных арганізатарамі мультфільмаў, а лепшыя з канкурсантаў агучаць адну з гісторый цалкам. Перакладзены эпізод хутка будзе даступны ў спецыяльным раздзеле відэасэрвіса «CINEVOKA – кіно па-беларуску».
Прыём конкурсных заявак пройдзе з 7 па 15 чэрвеня. VOKA запрашае далучыцца да конкурсу ўсіх жадаючых ва ўзросце ад 8 гадоў, удзел магчымы ў камандах складам ад 2 да 4 чалавек. Каб запісаць гукавую дарожку, трэба ўсталяваць спецыяльную праграму Dubller і выбраць у яго інтэрфэйсе раздзел VOKA, дзе будуць змешчаны конкурсныя відэафрагменты для работы з імі.
У ліку прапанаваных відэафайлаў – урыўкі з любімых многімі мультфільмаў дзяцінства: «Малыш и Карлсан», «Трое з Прастаквашына» і «Вiнi Пух i дзень клопатаў». Працягласць урыўкаў – ад 30 да 70 секунд, да агучкі прапануюцца 2–4 персанажы. Удзельнікам каманды трэба дамовіцца аб ролях, агучыць кожнага з героеў мультфільмаў у адпаведнасці з беларускімі субтытрамі і пасля захавання аўдыёзапісу падзяліцца ім у сацсетках з хэштэгам #вокамульт.
Пасля 15 чэрвеня журы ў складзе прадстаўнікоў VOKA, Dubller і кампаніі «Кінаконг», якая займаецца беларускай агучкай фільмаў, выберуць з запісаў некалькі фіналістаў па кожнаму з мультфільмаў. 17-18 чэрвеня ў прафесійнай студыі гуказапісу пройдзе вочны кастынг. Менавіта ён высветліць каманду-пераможцу конкурсу, якой і давядзецца запісаць дарожкі беларускай агучкі для аднаго з трох мультфільмаў – у залежнасці ад таго, па якому з прапанаваных варыянтаў была даслана найбольшая колькасць конкурсных работ.
Фінальная агучка мультфільма пройдзе 20-21 чэрвеня, а 26 чэрвеня агучаную па-беларуску любімую гісторыю можна будзе ўбачыць на сайце VOKA ў раздзеле «CINEVOKA – кіно па-беларуску». Падпіска ўжо ўключае ў сябе шэраг мультфільмаў у беларускай агучцы, сярод іх – «Таямніца Келз», «Маленькі прынц», «Балта», «Карабель-прывід», «Вядзьмаркіна служба дастаўкі» і іншыя. У ліпені медыятэку папоўніць анімацыя «Астэрыкс: Зямля Багоў».