Гісторыя пра Міцьку Белага і Міцьку-казака

Да нас звярнуўся сталы чытач, гісторык і краязнаўца Алесь Самец, які распавёў цікавую гісторыю пра двух партызанаў. Ён лічыць што нельга свядома выключаць з памяці не самыя прыемныя для нас старонкі гісторыі.

Савецкія партызаны выходзяць на баявое заданне ў Беларусі. Фота waralbum.ru

Савецкія партызаны выходзяць на баявое заданне ў Беларусі. Фота waralbum.ru


Герой-партызан, так?

«Недзе да 2006 года ў мяне было ўяўленне пра Дзмітрыя Анісімавіча Дзенісенку як пра чалавека, які сваімі гераічнымі ўчынкамі праславіў усю Карэліччыну, Гродзеншчыну і Беларусь. Нават Янка Брыль пра гэтага чалавека пісаў у сваёй аповесці «Нёманскія казакі». Шмат згадваецца пра яго і ў кнізе «Памяць» Карэліцкага раёна. Міф пра Дзенісенку ў мяне трымаўся да публікацыі ў «Народнай волі» ў 2006 годзе. Напісалі той артыкул Міхась Ганаровіч і Ніла Сакалова — мясцовыя жыхары з вёскі Тарасавічы Карэліцкага раёна. Асабліва там нічога пра славутага партызана не было, але паказвалася, што ён, Дзенісенка, забіў іншага камандзіра партызанскага атраду — Дзмітрыя Семянцова», — распавядае Алесь Самец.

Спадара Алеся вельмі зацікавілі такія неверагодныя звесткі, і ён вырашыў іх спраўдзіць. Сустракаўся з мясцовымі жыхарамі, распытваў тых сведак, якія яшчэ жывыя, сустрэўся з людзьмі, якія напісалі гэты артыкул у газету, з’ездзіў у Наваградскі краязнаўчы музей, дзе Дзенісенка праходзіць як герой. Яму нават прысвечаны персанальны стэнд… Высновы былі несуцяшальныя. Сапраўды, гераічны партызан — не герой, а забойца.

На самай справе

Партызанскія атрады пачалі ўзнікаць у Карэліцкім раёне вясной 1942 года. Адна з груп была арганізаваная Дзенісенкам, а другая — Семянцовым. Абодва Дзмітрыі, значыць, абодва — «Міцькі». Семянцова называлі «Белым Міцькам», а Дзенісенку — «Міцькам-казаком». «Белы Міцька» быў афіцэрам-акружэнцам, які застаўся ў Карэліцкім раёне. Ён арганізаваў з мясцовых хлопцаў групу, якая потым перарасла ў атрад. Тое самае рабіў і Дзенісенка. І потым паўстала пытанне пра аб’яднанне гэтых невялікіх атрадаў у адзін. І, канешне ж, паўстала пытанне, хто будзе камандзірам гэтага аб’яднанага атраду.


Дзмітрый Дзенісенка (фота з кнігі «Памяць»)

Дзмітрый Дзенісенка (фота з кнігі «Памяць»)


Лёс сутыкнуў абодвух камандзіраў у снежні 1942 года ўначы ў вёсцы Вялікая Слабада ў хаце грамадзяніна Ламана. Семянцоў вячэраў, калі прыйшоў Дзенісенка са сваімі байцамі. Што паміж імі адбылося — невядома, але Дзенісенка Семянцова застрэліў.

Гаспадар хаты пабачыў, што ўжо нежывога Семянцова выцягваюць з хаты. Ён паспрабаваў умяшацца, каб Семянцова хаця б пахаваць. Партызаны яму сказалі, што пахаваюць Семянцова самі. Цела забітага партызанскага камандзіра пагрузілі на павозку і звезлі. Гэта быў апошні раз, калі Ламан бачыў Семянцова.

Непадалёк, кіламетры за тры, знаходзіўся Пратасаў Хутар — ён так называўся, бо там жыў спадар Пратасевіч. На раніцу наступнага дня дачка Пратасевіча Валянціна выйшла з хаты, і пабачыла, што пры дарозе ляжыць чалавек. Яна падышла і пазнала ў ім «Белага Міцьку». Ён быў распрануты да бялізны. З яго знялі ўсё — вопратку, боты… Так і кінулі, не пахаваўшы.

Яна паклікала мужчын з вёскі, і Семянцова там жа, дзе знайшлі — пры дарозе, — пахавалі.

Потым Валянціна Пратасевіч даглядала гэтую магілку. Даглядала магілу і жыхарка Тарасавічаў Ніна Сіўко, зараз Пархімовіч. Потым там праводзілі меліярацыю, пашыралі дарогу, і гэтую магілу знеслі. Але мясцовыя памятаюць, дзе быў пахаваны Семянцоў. Плюс-мінус пяць метраў.

Злачынства без пакарання

У 1977 годзе сястра загінулага Дзмітрыя Семянцова Ніна прыехала ажно з Пермскай вобласці, каб даведацца пра лёс родзіча. Бо ўсё, што яны пра яго ведалі, — афіцыйная ваенная папера: знік без вестак на тэрыторыі Беларусі. Яна высветліла, што гэта было ў Карэліцкім раёне, і даведалася, што пахаваны ён нібыта ля вёскі Вялікая Слабада. Сястра паехала ў тую вёску, сустрэлася з мясцовымі жыхарамі, якія і распавялі ёй гэтую гісторыю. Што яго забілі не паліцаі, не немцы, а другі камандзір партызанскага атраду.

Ніна Семянцова звярнулася ў Генеральную пракуратуру Беларусі, справа была перададзена ў ваенную пракуратуру БССР. Была праведзеная праверка, дапыталі самога Дзенісенку, які на той час працаваў старшынёй Любчанскага пасялковага савета Наваградскага раёна. І, што дзіўна, Дзенісенка гэта забойства не адмаўляў!

«Былы камандзір 1-й Беларускай партызанскай кавалерыйскай брыгады Дзенісенка Дзмітрый Анісімавіч паказаў, што Семянцоў быў асабіста ім расстраляны ў доме Ламана ў снежні 1942 года. Ён распавёў, што ў той перыяд часу, калі Семянцоў узначальваў адзін з партызанскіх атрадаў у Карэліцкім раёне яму — Дзенісенку — партызаны Кеда і Васільеў паведамілі, што як Семянцоў, так і яго людзі рабуюць мясцовае насельніцтва. (…) Пра гэты факт ён праз свайго начальніка штаба Факішава (у адказе пракуратуры памылка, насамрэч прозвішча начштаба Фанышаў) — загінуў у гады вайны — паведаміў камандаванню Баранавіцкага партызанскага злучэння, і адтуль прыйшоў загад расстраляць Семянцова як марадзёра», — гэта напісана ў пастанове аб адмове аб узбуджэнні крымінальнай справы ваеннай пракуратуры Чырвоназнамённай беларускай ваеннай акругі.

Але ў справе ёсць два цікавыя моманты. Першы: ані Кеда, ані Васільеў, дапытаныя пракуратурай, факты марадзёрства з боку Семянцова не пацвердзілі. Следства не абмежавалася толькі допытам былых партызанаў, але і правяло вялікую працу па апытанні жыхароў Карэліччыны. І мясцовыя жыхары не толькі абверглі факты рабаўніцтва з боку Семянцова і яго партызан, але і сцвярджалі, што «Семянцоў адным з першых у маі 1942 года на тэрыторыі Карэліцкага раёна арганізаваў партызанскі атрад. З’яўляючыся ягоным камандзірам, ніякіх дзеянняў, скіраваных на шкоду партызанскаму руху, не здзяйсняў, і характарызавалі яго як савецкага патрыёта, пісьменнага, аўтарытэтнага і баявога партызанскага камандзіра».

І другі момант: Дзенісенка казаў, што расстраляў Семянцова па загадзе Баранавіцкага партызанскага злучэння. Але Семянцоў быў забіты Дзенісенкам у снежні 1942 года, а Баранавіцкае партызанскае злучэнне ўзнікла толькі ў красавіку 1943 года. Як мог Дзенісенка атрымаць такі загад за паўгода да ўзнікнення злучэння?

Вайсковая пракуратура прызнала: «Дзеянні былога камандзіра 1-й Беларускай партызанскай кавалерыйскай брыгады Дзенісенка Д.А., які беспадстаўна расстраляў Семянцова за марадзёрства, варта прызнаць неправамернымі і кваліфікаваць як ваеннае злачынства па арт. 180 КК БССР у рэдакцыі 1928 года». Але крымінальную справу ў дачыненні да яго спынілі: «У сапраўдны час Дзенісенка за гэтае злачынства ў адпаведнасці з арт. 2 і 5 п. «б» Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 сакавіка 1953 г. «Аб амністыі» не можа быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці».


Дзенісенка — старшыня калгасу імя Жданава, разам са старшынёй выканкаму Любчанскага пасялковага савета В. Салабуціным аглядаюць азімае жыта. Фота А. Карніцкага, часопіс «Сельская гаспадарка Беларусі», 1959 год

Дзенісенка — старшыня калгасу імя Жданава, разам са старшынёй выканкаму Любчанскага пасялковага савета В. Салабуціным аглядаюць азімае жыта. Фота А. Карніцкага, часопіс «Сельская гаспадарка Беларусі», 1959 год


Падаецца, юрыдычна ўсё правільна. Але Алесь Самец кажа, што па такіх абвінавачваннях іншых людзей судзілі і праз 40, і праз 50 гадоў.

Адзінае, чаго дамогся следчы, — указаць у пастанове: «Былога камандзіра партызанскага атрада Семянцова Дзмітрыя Іванавіча, як не здзейсніўшага злачынства, лічыць пасмяротна рэабілітаваным, пра што паведаміць заяўніцы — Семянцовай Н.І.».


Бі сваіх?

«Калі я пачаў капацца, пачаў чытаць больш пра гэта, я сутыкнуўся з цікавай кнігай Ула­дзіміра Калесніка «Доўг памяці». І Калеснік піша, што Дзенісенка забіў не толькі Семянцова», — распавядае Алесь Самец.

«Я ведаў ужо пра новую таямнічую трагедыю, якая разыгралася тут, ля Пратасава Хутара, у пачатку зімы. Загінуў «Белы Міцька». Труп яго Валя знайшла на падворку. Стрэлаў не чула. Нехта яго нежывога сюды прывёз. Хто? Заставалася загадкай. (…) Людзі пачалі гадаць-меркаваць па прынцыпу, каму «Белы Міцька» замінаў, і вырашылі, што Дзенісенку, «Міцьку-казаку». «Белы Міцька» быў інтэлігентным масквічом, прыгожым, абаяльным афіцэрам (…) І да яго ішлі мясцовыя дзецюкі. Да «Міцькі-казака» так не ішлі, бо яго менш ведалі, не так давяралі, нават пабойваліся: жорсткі. І вось «Белы Міцька» загінуў. Смерць гэтую стваральнікі міфаў падвялі пад біблейскую прытчу Каіна і Авеля. Каін забіў брата за тое, што таго, сціплага, больш любіў Бог. (…) «Міцька-казак» быў бязлітасным, мог застрэліць вартавога, не будзячы, калі той заснуў на пасту. Так загінуў малодшы брат камандзіра ўзвода Максіма Шавейкі», — піша Калеснік.

Гэта факт другога забойства, здзейсненага Дзенісенкам.

Яшчэ адзін выпадак Алесю Самцу расказаў былы баец атрада Дзенісенкі, Аляксандр Раковіч, які зараз жыве на Карэліччыне і піша мемуары. Напачатку 1942 года там арганізоўвалася яшчэ адна партызанская група — Кліма Міронава, Кліма, таксама афіцэра Чырвонай Арміі і акружэнца. Пачынаў арганізацыю любы атрад стандартна — збіраў пакінутую пасля баёў зброю, якой было багата ў мясцовых лясах. Аднойчы байцы Кліма і Дзенісенкі даведаліся, што ў рэчцы затоплены кулямёт. Хлопцы гэты кулямёт знайшлі, узнікла спрэчка, каму ён будзе належаць. І Дзенісенка застрэліў Кліма, каб кулямёт дастаўся яму.

Такім чынам, Дзенісенка забіў як мінімум трох партызанаў. Двое з іх былі камандзірамі атрадаў.


Артыкул Д.Дзенісенкі ў часопісе «Сельская гаспадарка Беларусі», ліпень 1959 года

Артыкул Д.Дзенісенкі ў часопісе «Сельская гаспадарка Беларусі», ліпень 1959 года


Што гэта? Бязмерная прага ўлады? Спадзяванне, што «вайна ўсё спіша»? Альбо прынцып «бі сваіх, каб чужыя баяліся»? Але ў тым і справа, што «чужыя», то бок акупанты, не вельмі і баяліся «казацкага атраду» Дзенісенкі. Прынамсі, мясцовыя жыхары не памятаюць нейкіх буйных партызанскіх аперацый у гэтай мясцовасці. Па дакументах кнігі «Памяць» таксама не скажаш, што атрад Дзенісенкі ўдзельнічаў у нейкіх «моцных» баях з акупантамі.

Напрыклад, маштабны бой ля вёскі Лядкі, які, згодна кнізе «Памяць» (па данясенні Дзенісенкі сакратару падпольнага абкама КП(б)Б В. Чарнышову, пасля якога Дзенісенка нават папрасіў дапамогі боепрыпасамі), доўжыўся зранку да вечара 23 кастрычніка 1943 года. Паводле данясення Дзенісенкі, бой працягваўся дзесяць з паловай гадзін, з 8 раніцы да 18.30 вечара, і «гітлераўцы страцілі забітымі 8 чалавек». Восем забітых акупантаў за 10 гадзін бою?..

«Гэтыя сутычкі не каштавалі тых страт, якія неслі людзі ў іх выніку», — лічыць Самец. Пасля тых баёў фашысты спалілі вёскі Новае Сяло і Лядкі. Толькі ў Лядках было знішчана 60 сем’яў — больш за 100 чалавек.


Партызанскі атрад імя Шчорса Мінскага злучэння на «рэйкавай вайне». Фота waralbum.ru

Партызанскі атрад імя Шчорса Мінскага злучэння на «рэйкавай вайне». Фота waralbum.ru


Наколькі кароткая «Памяць»?

Такіх гісторый на Карэліччыне было багата, адзначае спадар Самец. Партызаны «адзначаліся» не толькі вайной з немцамі. Напрыклад, У вёсцы Варонча быў старадаўні сядзібны дом, закладзены ў 1787 годзе, — помнік архітэктуры нават ужо ў ваенныя часы. Гэтая сядзіба нават апісваецца ў паэме Міцкевіча «Пан Тадэвуш».

У часы вайны там жыла «польская» настаўніца Ізабэла Аляксандра Чарноцкая, — паважаны на вёсцы чалавек, нікога не чапала, спакойна вучыла дзяцей. У 1943 годзе са штабу партызанскага руху пад кіраўніцтвам Панамарэнкі прыйшоў загад партызанам — адзначыць Першамай, зрабіць акцыі да гэтай даты. Так званы «атрад Золатава», камандзірам якога быў, згодна з кнігай «Памяць», Іван Чумачэнка, нічога лепшага не прыдумаў, каб забіць гэтую настаўніцу.


Сядзібны Дом у Варончы, спалены партызанамі. Гравюра з кнігі «Старинные усадьбы Беларуси».

Сядзібны Дом у Варончы, спалены партызанамі. Гравюра з кнігі «Старинные усадьбы Беларуси».


Прыйшлі да яе ўначы з 30 красавіка на 1 мая, забілі чатырох чалавек: 65-гадовую маці настаўніцы, саму настаўніцу, яе 25-гадовага сына. Не пашкадавалі і цяжарную жонку сына. А пасля будынак разам з целамі загінулых падпалілі. Мясцовыя жыхары ўпотайкі ад партызанаў (не немцаў!) выцягнулі з агню парэшткі забітых і пахавалі іх.

Дарэчы, гісторыя партызанскага атраду Золатава таксама даволі цікавая. Арганізаваў атрад сапраўды камандзір Чырвонай Арміі па прозвішчу Золатаў, але ён загінуў недзе напачатку 1942 года. У чэрвені 1942 года атрад узначаліў Мікалай Заруднеў, які ўзяў сабе псеўданім у гонар загінулага камандзіра — Золатаў. У верасні 1942 года гэты «атрад Золатава» вёў бой з фашыстамі ля вёскі Сервач. І ў гэтым баі Заруднеў загінуў у выніку… стрэла ў патыліцу! Як такое раненне можна атрымаць у баі? Хіба што ззаду ад «сваіх». На замену Зарудневу прыйшоў Чумачэнка.

Зразумела, усяго гэтага мы не знойдзем у кнізе «Памяць». А, здаецца, дарма. Краіна павінна ведаць нармальную гісторыю, лічыць Алесь Самец.


Героі і злачынцы

Дзенісенка пасля вайны працаваў намеснікам старшыні Мірскага райвыканкаму, пасля трапіў у Любчу, кіраваў калгасам імя Жданава Наваградскага раёна, быў старшынёй Любчанскага пасялковага савета, — да пенсіі. І памёр недзе ў 1998 годзе.

А пра Семянцова ў кнізе «Памяць» напісана толькі ў пераліку падраздзяленняў, якія ствараліся на Карэліччыне. І згадана, што ён загінуў у канцы 1942 года. А як загінуў і чаму — не напісана. І ні слова ані пра злачынства ў Варончы, ані пра расследаванне вайсковай пракуратуры.


Камандзіры савецкіх партызанскіх атрадаў за прыняццем рашэння аб стварэнні партызанскага краю. Фота tass.ru

Камандзіры савецкіх партызанскіх атрадаў за прыняццем рашэння аб стварэнні партызанскага краю. Фота tass.ru


Алесь Самец ужо некалькі гадоў намагаецца, каб на прыкладным месцы пахавання Дзмітрыя Семянцова мясцовыя ўлады паставілі помнік. І нават хай не пішуць, што ён быў забіты іншым партызанам, а проста «трагічна загінуў». Але нават паставіць камень з памятнай шыльдай уладам увесь час нешта перашкаджае…

«Для чаго трэба ўсё гэта ведаць? Каб гэта не паўтарылася. Наш свет сёння вельмі хісткі, паглядзіце, што ва Украіне робіцца, — кажа Алесь Самец. — Так, можа, гэта прыкрыя факты, непрыемныя. Але без ведання сапраўднай гісторыі мы будзем спараджаць міфы пра партызанку, на якіх далёка не з’едзеш. І апраўданні «час і абставіны былі такія» могуць стаць падставай для падобных жа злачынстваў».

Сапраўды, калі ўжо серыя называецца «Памяць», дык памятаць трэба пра ўсё. Бо той, хто не памятае свайго мінулага, асуджаны на тое, каб перажыць яго зноў, як казаў амерыканскі філосаф і пісьменнік Джордж Сантаяна. І калі мы свядома выключаем з памяці не самыя прыемныя для нас старонкі гісторыі, дык даем шанец на паўтарэнне менавіта гэтых жахлівых старонак.


Партызаны выбіваюць з вёскі нямецкі карны атрад. Фота waralbum.ru

Партызаны выбіваюць з вёскі нямецкі карны атрад. Фота waralbum.ru