Чаму дыктатары так любяць тэму «Я б даўно сышоў, але...»

Калі-небудзь. Потым... У сваіх публічных выступах і інтэрвію Лукашэнка часьцяком разважае пра будучую адстаўку. А дакладней, пра тое, чаму ў цяперашні момант яна немагчымая, але ў будучыні ён «у любы момант гатовы».

1621586782_1617354188777497.jpg


На гэтую тэму Лукашэнка часта схіляе размову нават тады, калі ў яго пра гэта не пытаюцца. Звычайна так гавораць пра тое, што па-сапраўднаму трывожыць і не дае спакою, піша ў сваім блогу на Радыё Св*бода Віктар Багдзевіч.

Што гэта? Тэст набліжаных на ляяльнасьць, праверка іхнай рэакцыі? Какецтва, уласьцівае ўсім шматгадовым дыктатарам? Спроба самаапраўданьня і самаўнушэньня?

Пераконваньне сябе і іншых, што ягонае 28-гадовае сядзеньне на прэзыдэнцкай пасадзе — гэта ня тое, што яны думаюць, ня «сінія пальцы», якія ўчапіліся ў трон, а нешта іншае, высакароднае і ўзьнёслае? Напрыклад, самаахвярнае служэньне ў імя сваіх паплечнікаў («інакш з вас скуру злупяць»); дзеля сувэрэнітэту краіны («не дазволю перакрэсьліць чвэрць стагодзьдзя сваёй службы»); клопат пра ўласных дзяцей («мяне ня будзе — як яны будуць жыць?»).

Пра сваю будучую адстаўку, пра тое, што ён ня будзе трымацца за прэзыдэнцтва «сінімі пальцамі», Лукашэнка гаворыць ужо гадоў дваццаць — прыблізна з таго часу, як скончыліся ягоныя першыя два прэзыдэнцкія тэрміны, якімі, уласна, паводле Канстытуцыі 1994 года ягоная ўлада была абмежавана. Аднаго разу, на пачатку «нулявых», Лукашэнка нават дэманстратыўна зьнікаў на некалькі тыдняў з публічнай прасторы, яўна правяраючы, як на гэтае зьнікненьне адрэагуюць набліжаныя. Калі паспрабаваць сабраць усе ягоныя выказваньні на тэму непрыстойна працяглага ўтрыманьня ўлады, атрымаецца ладны кніжны том. Таму абмяжуемся толькі самым апошнім прамежкам часу — восеньскімі месяцамі 2022 года.

«Як я магу пайсьці? З вас жа безь мяне скуру злупяць!»

01.09.2022. («Адкрыты ўрок» для студэнтаў і школьнікаў):

«Мы — пакаленьне, якое адыходзіць, і мая задача як прэзыдэнта — годна перадаць вам гэту эстафэту. Галоўнае не ўва мне, паверце, а ў вас. Вы гатовы гэта ўзяць?.. Цішыня.»

«Няма больш цяжкай працы, чым прэзыдэнцкая. Гэта ня праца, гэта служба. Калі ты як прэзыдэнт ня можаш дазволіць сабе быць у адпачынку. Ненармаваны працоўны дзень. Ты проста прывязаны да сваёй працы. Цябе могуць у любым пункце знайсьці, ты як вавёрка ў коле круцісься. Многія кажуць: столькі гадоў, як ён можа? А да гэтага прывыкаеш. Думаю, ладна, заўтра я не прэзыдэнт. А што я буду рабіць? Ладна, прачнуўся, прабегся на лыжах, лыжаролерах, у хакей пагуляў, а далей што? Я ўжо не ўяўляю жыцьця бяз гэтага «вавёрчынага кола».

«Пытаньне не па адрасе. Пры мне — не. Пры вас — ня ведаю. Ня будзе далучэньня. Беларусь камусьці здаць, далучыць — гэта значыць больш як чвэрць стагодзьдзя маёй службы перакрэсьліць. Як можна здрадзіць таму, што ты ўласнымі рукамі склейваў не адно дзесяцігодзьдзе? Гэта немагчыма пры цяперашнім прэзыдэнце».

23.09.2022 (Наведваньне Хатыні, у размове з журналістамі «прэзыдэнцкага пулу»):

«Калі кажуць: “Вось Лукашэнка, колькі ён там будзе ...” Слухайце, ды мне гэта ўжо абрыдла. Я ўжо ня ведаю, за кошт чаго я ўвогуле ... Гэта ж неўзабаве 30 гадоў: і ўдзень, і ўначы ты заўсёды на варце».

«А з другога боку, думаю: «Ну ладна, добра. Плюнуў, пайшоў. Ніхто ў мяне камень, па вялікім рахунку, ня кіне. А што будзе з вамі? І дзе гарантыя, што... Ну ладна, мы прывядзём да ўлады (у нас яшчэ хапае) нармальных людзей. А дзе гарантыя, што яны ўтрымаюць гэту ўладу? Дзе гарантыя? Гарантыі няма. І тады з вас пачнуць марудна, зьнізу ўверх ці зьверху ўніз скуру лупіць. І я, калі буду жывы, як я буду жыць? Ці дзеці мае — мяне ня будзе, як яны будуць жыць? Яны ж усе побач са мной, у страі».

07.11.2022 (спаборніцтва ў колцы дроў, разважаньне пра тое, чаму дагэтуль утрымлівае ўладу):

«Слухайце, не ўва мне справа. Сёньня справа ў нашых дзецях. Трэба пакінуць ім нармальную краіну. Вось нават разам пакаленьне наша, але мы павінны стварыць сыстэму».

25.11.22 (нарада па сельскай гаспадарцы ў Гомлі):

«Паверце, час вельмі сур’ёзны: ці мы застаёмся дзяржавай, ці нам трэба думаць пра іншыя варыянты — але гэта ўжо без мяне»... «Што яшчэ трэба? Хочаце пад бізуном чыімсьці пахадзіць — паходзіце. Але тады з вамі размаўляць вось у такім складзе ніхто ня будзе. Возьмуць бізун — і будзеце бегчы наперадзе. Скапыціцеся, як у народзе гавораць, адстанеце — вы ведаеце, што будзе».

Сем праверак Сталіна

Лукашэнка далёка ня першы дыктатар, які з такой ахвотай і так часта разважае на тэму «Вось сыду — што вы безь мяне будзеце рабіць, прападзяце!».

Гісторыкі падлічылі, што «правадыр усіх часоў і народаў» Ёсіф Сталін пытаньне пра сваю адстаўку з тых ці іншых высокіх пасадаў ставіў перад таварышамі па партыі прынамсі сем разоў. Кажуць, што ў гэтым ён браў прыклад са свайго ідэйнага папярэдніка — дэспата і самадура Івана ІV (Жахлівага). Той першым з расейскіх цароў час ад часу нібыта «адракаўся» ад трона, дэманстратыўна зьяжджаў з крамлёўскіх палат у падмаскоўную Аляксандраўскую Слабаду, і там чакаў, пакуль баяры прыпаўзуць да яго на каленях, каб вярнуўся, бо безь яго прападуць. І прыпаўзалі. А хто не прыпаўзаў — канчалі жыцьцё на дыбе ці пасаджанымі на кол.

58312a76_8770_43fb_861d_c76f2e2bca39_w650_r0_s.webp

Сталін выкарыстоўваў прыблізна такую ж тактыку. І дзеля тых жа мэтаў: праверыць, хто клюне на кручок, праявіць неляяльнасьць і заявіць прэтэнзіі на ўладу.

Апошняя такая калятэатральная пастаноўка здарылася ў 1952-м, за год да сьмерці правадыра. 74-гадовы генэралісімус на схіле веку чамусьці вырашыў прадэманстраваць дэмакратызм партыйнага жыцьця і пасьля 13-гадовага перапынку пастанавіў склікаць чарговы зьезд ВКП(б). А на першым жа пасьля зьезду пленуме ЦК раптам загаварыў пра тое, што ўжо стары, што стаміўся, што рана ці позна трэба саступаць дарогу маладым. І ці не хацелі б таварышы ў сувязі з гэтым «уважыць» ягоную просьбу і вызваліць з пасады генэральнага сакратара партыі? Анямелыя члены ЦК глядзелі з залі на хітры прыжмур правадыра, як трусяняты ў вочы ўдава...

Удзельнік таго пленуму пісьменьнік Канстанцін Сіманаў пазьней пісаў, што спрактыкаваныя партыйцы, якія даўно ведалі нораў Сталіна, адразу зразумелі, што ён зусім не зьбіраецца нікуды сыходзіць. Што гэта была праверка, намацваньне глебы, высьвятленьне ступені іхнай адданасьці, спроба выкрыцьця патэнцыйных здраднікаў. На вуду ніхто ня папаўся. Усе добра памяталі, што здарылася з большасьцю дэлегатаў ХVII зьезду партыі («зьезду пераможцаў»), якія ў 1934 годзе паспрабавалі падчас галасаваньня выступіць супраць Сталіна. Скончылася тым, што з 1956 дэлегатаў таго зьезду 1108 былі арыштаваны як «ворагі народу», многіх пазьней расстралялі.

Таму на памятным пленуме 1952 года, адразу пасьля нечаканай ініцыятывы Сталіна, дэлегаты кінуліся навыперадкі запэўніваць яго, што нікога лепшага на сьвеце няма, што ніхто іншы ня справіцца і што толькі пад ягоным мудрым кіраўніцтвам... і г. д. Раз-пораз пры чарговым згадваньні імя Сталіна зал выбухаў воплескамі і авацыямі. Гучней і энэргічней за іншых, падахвочваючы залю да ўставаньня зь месцаў, пляскалі ў ладкі Хрушчоў, Малянкоў, Бэрыя, Молатаў, Кагановіч, Варашылаў...

Сталін з прыжмурам назіраў за імі. Ягоная апошняя «адстаўка» была накіраваная толькі на тое, каб чарговы раз праверыць іх на адданасьць і беззапаветную паслухмянасьць. У правадыра яўна былі сумневы: а ці застануцца яны вернымі пасьля ягонага адыходу, ці «працягнуць у вяках справу і імя вялікага Сталіна?» Сумневы былі цалкам абгрунтаванымі. Але назіраць за тым, як былыя вернападданыя будуць зрынаць ягоныя помнікі і праклінаць імя, у рэчаіснасьці вялікаму правадыру было ня суджана.

«Што ты, Леанід Ільіч, палохаеш нас сваім сыходам?»

Леанід Брэжнеў у публічных выступах звычайна быў асьцярожны і абачлівы, з высокіх трыбунаў шантажом пра сваю магчымую хуткую адстаўку не грашыў. Але ў размовах у вузкім коле, сярод сваіх паплечнікаў, таксама часам закідваў такую вуду. А потым назіраў за рэакцыяй, у залежнасьці ад якой рабіў сур’ёзныя высновы.

8e9c73f2_9902_4f5e_a171_d539f774d5c5_w650_r0_s.webp

У канцы 60-х і на пачатку 70-х гадоў адным з уплывовых чальцоў Палітбюро быў Дзьмітрый Палянскі — першы намесьнік кіраўніка саюзнага ўраду. Адзін час яго нават лічылі магчымым пераемнікам Брэжнева. З Брэжневым ён з даўніх часоў быў на «ты» і часам не зусім дарэчы гэтым бравіраваў. Першыя гады на высокай пасадзе Леанід Ільіч да гэтага ставіўся паблажліва, а потым яму надакучыла. Расейскі журналіст Леанід Млечын у сваёй кнізе «Брэжнеў» апісвае такі эпізод. Недзе на пачатку 70-х падчас гарачай спрэчкі з паплечнікамі па Палітбюро, у якой яны не пагаджаліся зь ягоным поглядам, Леанід Ільіч кінуў:

— У такой сытуацыі я працаваць ня ў стане: падам заяву на адстаўку! Што вы безь мяне рабіць будзеце?

На што Палянскі па старой звычцы, не задумваючыся, адрэагаваў:

— Што ты, Леанід Ільіч, палохаеш нас сваёй адстаўкай? Сыдзеш — іншы прыйдзе.

Брэжнеў сумеўся і прамаўчаў, але крыўды не дараваў і рэпліку запомніў. І гэты ня пройдзены на ляяльнасьць тэст Палянскаму каштаваў дорага.

Неўзабаве пасьля гэтага, 2 лютага 1973 года, падчас чарговага паседжаньня Палітбюро, калі парадак дня ўжо быў нібыта вычарпаны, Леанід Ільіч нечакана загаварыў пра пасаду міністра сельскай гаспадаркі. Маўляў, пасада вызваляецца, а ўчастак працы вельмі адказны, трэба прызначыць праверанага чалавека:

— Гэта павінен быць вядомы чалавек, аўтарытэтны ў партыйных і савецкіх колах. Я доўга думаў над такой кандыдатурай і ўношу прапанову прызначыць міністрам сельскай гаспадаркі таварыша Палянскага.

Тут трэба заўважыць, што калгасная сельская гаспадарка ў СССР была сфэрай безнадзейна адсталай, дэпрэсіўнай і з гэтай прычыны асуджанай на вечную крытыку. Для Палянскага прапанова прагучала як гром сярод яснага неба. Ён нават не адразу зразумеў, што размова ідзе менавіта пра яго. Спрабаваў аднеквацца: маўляў, здароўе ня тое. На што Леанід Ільіч не адмовіў сабе ў задавальненьні патроліць занадта самаўпэўненага старога таварыша:

— А што, працаваць першым намесьнікам старшыні Савету Міністраў здароўе не патрэбна? Я думаю, што заява Палянскага неабгрунтаваная. Мы ўсе ў нейкай ступені хворыя, але працуем жа.

Нейкі час пасьля гэтага Палянскі яшчэ заставаўся ў Палітбюро, але неўзабаве і адтуль яго выключылі, накіраваўшы амбасадарам у Японію. Магчымасьці сказаць Леаніду Ільічу дзёрзкае «Сыдзеш — іншы прыйдзе» ў яго больш ніколі ў жыцьці не было.

«Я стаміўся, я сыходжу...»

Калі лідэр краіны сапраўды зьбіраецца пакінуць сваю пасаду, ён проста сыходзіць. Прыблізна так, як гэта зрабіў Барыс Ельцын у памятны вечар 31 сьнежня 1999 года, увайшоўшы ў гісторыю фразай «Я стаміўся, я сыходжу...» (Папраўдзе, фраза прагучала крыху іншая: «Я сыходжу, я зрабіў усё, што мог», але сэнсу гэта не мяняе).

fdbd3ec8_8020_4edf_a384_5b9d422398ae_w650_r0_s.webp


Калі ж замест «Я стаміўся, я сыходжу...» гучыць: «Я стаміўся, я сыду, але яшчэ ня зараз...»; калі дыктатар на працягу гадоў і дзесяцігодзьдзяў вядзе доўгія какетлівыя размовы пра сваю адстаўку, якая адбудзецца «калі-небудзь», «потым», «хутка, але не зараз», — гэта дакладная прыкмета таго, што сыходзіць ён не зьбіраецца. Нікуды і ніколі.