Цікавыя факты пра Льва Сапегу

Адзін з галоўных людзей у гісторыі Беларусі памёр у гэты дзень у далёкім 1633 годзе ў Вільні. Прыгадаем некаторыя цікавосткі з яго біяграфіі. Там не толькі Статут 1588 года, які мы паспелі вывучыць у школе.

leu_sapieha._leu_sapeha__1616_.jpg

Лінгвіст

Сапега свабодна валодаў некалькімі мовамі. Акрамя роднай беларускай мовы ён валодаў таксама польскай, лацінскай, італьянскай і нямецкай мовамі. Такое веданьне моў было каштоўным у дыпляматыі і перамовах з іншымі эўрапейскімі дзяржавамі.

Вернік трох канфэсіяў

Хаця Леў нарадзіўся ў праваслаўнай сям'і, ён перайшоў у кальвінізм. У 13-гадовым узросьце Сапега паехаў у Ляйпцыгскі ўнівэрсытэт, дзе разам з сынамі Мікалая Радзівіла Чорнага некалькі гадоў вывучаў гісторыю рымскага і касьцельнага права, азнаёміўся з мастацтвам Рэнесансу. У часе навучаньня ў Ляйпцыгу перайшоў у кальвінізм, пра што напісаў потым у сваім тастамэнце, што навучаўся сярод ерэтыкоў.

leu_sapieha._leu_sapeha__1632_.jpg

У 1586 годзе Леў Сапега перайшоў у каталіцтва. Дасьледнік Казімір Кагнавіцкі апісвае гэта наступным чынам: «Перакананы Пятром Скаргам у праўдзе каталіцкай рэлігіі, празь некаторы час у якасьці міністра пайшоў з вялікім князем Жыгімонтам да катэдральнага касьцёла ў Кракаве. Там, выслухаўшы казаньне, пасьля імшы Пятра Скаргі, на вачах у вялікага князя і ўсёй шляхты, зьдзейсьніў пераход у каталіцкую веру».

Атрымаў асабістую падзяку ад Папы Рымскага

Падчас знаходжаньня ў Кракаве ў верасьні 1595 году Леў Сапега ўдзельнічаў у перамовах праваслаўных ерархаў Іпація Пацея і Кірылы Тэрлецкага аб магчымай вуніі праваслаўнай царквы з каталіцкім касьцёлам на тэрыторыі Рэчы Паспалітай.

Гэтыя перамовы завяршыліся ў кастрычніку 1596 году Берасьцейскай вуніяй на сінодзе, дзе Леў Сапега прадстаўляў караля. За заслугі ў заключэньні вуніі ён атрымаў асабістую падзяку ад Папы Клімента VIII.

Статут

Леў Сапега найбольш вядомы сваім значным унёскам у прававую сістэму Вялікага Княства Літоўскага. Як вялікі канцлер літоўскі ён спрычыніўся да складаньня і кадыфікацыі Літоўскіх Статутаў. Гэтыя законы ня толькі зьяўляліся істотнай часткай прававой базы тагачаснай дзяржавы, але і рабілі значны ўклад у захаваньне беларускае мовы, на якой яны былі напісаныя.

statut_vialikaha_kniastva_litouskaha._statut_vjalikaha_knjastva_litouskaha__1588___2_.jpg

Статут быў надрукаваны ў 1588 годзе з прадмовай Льва Сапегі ў выглядзе звароту да вялікага князя Жыгімонта Вазы і насельніцтва Вялікага Княства Літоўскага.

Заснаваў трыбунал

Леў Сапега ў 1581 годзе прымаў непасрэдны ўдзел у стварэньні вышэйшага шляхецкага суду Вялікага Княства — Галоўнага Трыбунала. Трыбунал карыстаўся павагай у шляхты, стаў аўтарытэтным судовым органам і праіснаваў да акупацыі нашай дзяржавы Расеяй.

s1_4.jpg

У якасьці суддзяў выступалі прадстаўнікі шляхты, ураджэнцы ВКЛ, якія не прызначаліся вялікім князем, а выбіраліся на соймах на пэўны тэрмін. Суд у адкрытым судовым паседжаньні разглядаў апэляцыйныя справы, а рашэньні прымаліся большасьцю галасоў. Паседжаньні Трыбуналу праходзілі ў Вільні, Троках, Менску, Навагародку і Гародні.

Патрыёт

Разам з вялікім князем Стэфанам Баторыем удзельнічаў у паходах на Маскоўскую дзяржаву. Быў у Полацкім паходзе, падчас якога Полацак пазбавіўся маскоўскіх акупантаў, а сам Сапега атрымаў тытул каралеўскага прыдворнага. 30 студзеня 1580 году прызначаны каралеўскім сакратаром. У 1580-м удзельнічаў у паходах з Баторыем на Вялікія Лукі і Пскоў.

Ён адыграў ключавую ролю ў розных ваенных канфліктах, асабліва ў вайне супраць Швэцыі ў пачатку XVII стагодзьдзя. Падчас той вайны Сапега ўдзельнічаў у абароне Рэчы Паспалітай, у тым ліку ў ключавой Кірхольмскай бітве 1605 году.

Пахавальная пліта ў Вільні

Пахавальная пліта ў Вільні

У 1595 годзе выступаў супраць перадачы пасадаў у Вялікім Княстве Літоўскім выхадцам з Польскага каралеўства.

Спрабаваў падначаліць Маскву

У 1584 годзе маскоўскі цар Іван Жахлівы памёр, і яго спадчыньнікам стаў хворы і няўмелы сын Фёдар. Сур’ёзны дынастычны крызіс быў толькі пытаньнем часу. Прынамсі, ён і адбыўся ў будучых дзесяцігодзьдзях. Нашчадкі ў новага кіраўніка наўрад ці былі, а законнае паходжаньне ягонага зводнага брата, двухгадовага Дзьмітрыя, лёгка магло быць пастаўленае пад сумнеў (царква прызнавала нашчадкаў ад першых чатырох шлюбаў, а Дзьмітрый быў дзіцём ад сёмай жонкі Івана Жахлівага).

leu_sapieha._leu_sapeha__1709_.jpg

Якраз у гэты час у Маскву прыехаў пасланьнік Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега. У дарозе яму давялося чакаць свайго часу — у сталіцу яго пусьцілі толькі праз чатыры дні пасьля сьмерці цара. Маскавіты паставілі варту вакол яго пакояў, але дыплямат усё роўна адчуў пах гістарычнай магчымасьці. Вось фрагмэнт ягонагаліста да вялікага князя Стэфана Баторыя:

«Нянавісьць і нязгода ахапілі лепшых баяраў, як я ўжо пісаў пра гэта, і што яшчэ гэта значыць? А толькі адно: іх падзеньне. І ніколі не было яшчэ, як многія лічаць, лепшага часу, каб заваяваць гэтую зямлю.

Гэта таксама не было б цяжка, каб толькі вашая вялікасьць з Божай дапамогай авалодала б Смаленскам. Тады б вашая вялікасьць ня мела ні крэпасьці, ні перашкодаў аж да самой Масквы. Бо замкі, якія стаяць паміж імі, такія, як Дарагабуж, Вязьма, Мажайск цалкам упалі і слабыя, так што імі можна авалодаць без цяжкасьцяў».